У адным з нумароў «раёнкі» пад рубрыкай «Сітуацыя» быў надрукаваны матэрыял «Лавіся, рыбка, вялікая і маленькая…». У ім карэспандэнт газеты паспрабавала разабрацца з сітуацыяй наконт платнай рыбалкі на возеры вёскі Асошнікі.
Пасля выхаду ў свет нумара газеты з артыкулам у рэдакцыю патэлефанавалі мясцовыя жыхары і нават тыя, хто нарадзіўся ў гэтай вёсцы і зараз не пражывае, але часцяком наведвае малую радзіму, прыязджае да бацькоў, з абурэннем і нязгодай з фактамі, выкладзенымі ў матэрыяле. Мы вырашылі пабываць на месцы і паслухаць прадстаўніка мясцовых рыбакоў. Акрамя гэтага, тлумачэнні нам таксама даў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Уроніч.
З Сяргеем Міхайлавічам мы звязаліся перад тым, як выехаць на месца, каб удакладніць пытанні правамоцтва арэндавання вадаёма ААТ «Радзіма». Адразу скажу, што ўсе дакументы аформлены пра-вільна, пратаколы аб зарыбленні маюцца. Засталося толькі ўпэніцца, што кіраўніцтва ААТ «Радзіма» выканала сваю частку абавязкаў — прывесці прыбярэжную тэрыторыю возера ў належны стан.
Экскурсаводам падахвоціўся пабыць мясцовы жыхар, аматар рыбнай лоўлі на спінінг Аляксандр Кузьмін. Ведаеце, да добраўпарадкавання возеру ў Асошніках вельмі далёка. Тое, што мы ўбачылі, нагадала мне бессмяротную камедыю Мікалая Гогаля «Рэвізор». Дзе Антон Антонавіч Сквазнік-Дмуханоўскі загадаў падначаленым зрабіць з саломы вехі, каб бачылі, што пачалася рэканструкцыя ў горадзе. Так і на беразе возера. Адна частка зарасла бур’яном, што і вады нябачна, на беразе другой нажом бульдозера сапсавалі берагавую лінію, кінулі туды пяць драўляных шчытоў, усталявалі будку для вартаўніка, інфармацыйны шчыт, воддаль — туалет. На гэтым добраўпарадкаванне завяршылася. Мяне безгаспадарчасцю не здзівіць, нагледзеўся за ўсё прафесійнае жыццё на яе шмат. Але тут на самай справе безгаспадарчасць. Назваць гэта прычалам ні язык, ні рука, якая піша гэты артыкул, не паварочваюцца. Аляксандр Кузьмін расказаў, што яны не супраць таго, каб плаціць за рыбалку, гатовыя галасаваць рублём за прадастаўленыя якасныя паслугі, але не за такія. Рыбакі падтрымліваюць ідэю аб з’яўленні гаспадара, які б адвадзіў браканьераў, што забіраюць усю рыбу. Але не згодны з тым, каб не давалі дзецям пасядзець з вудай, бо гэта супярэчыць Правілам аматарскага рыбалоўства. Ды і не факт, што ў той дзень, у які выпісаў білет, удасца парыбачыць. Было б нядрэнна, каб пры неабходнасці тэрмін дзеяння гэтага білета можна было перанесці і на іншы дзень. Аднак для гэтага трэба наладзіць адпаведны кантроль. Зараз жа так і не зразумела, ці ён ёсць, ці яго няма. Не буду я ўлазіць у пытанні, якую рыбу і ў які перыяд можна лавіць, якую не, гэта ўжо тэма іншага матэрыялу. Скажу адно: хочаш, каб табе плацілі за паслугу, зрабі яе якаснай, будзь паслядоўным у сваіх абяцаннях і прынятых абавязацельствах. Толькі тады можаш прад’яўляць нейкія патрабаванні. Ці не так?
Віктар Ільюшчанка