Чытачка нашай газеты выпадкова стала сведкай, як на адной з вуліц нашага горада з прыгожай клумбы, уладкаванай работнікамі зелянгаса, жанчына крала кветкі. Гэта ўжо не першы выпадак, які яна бачыла, сцвярджае наша чытачка.
Наколькі часта фіксуюцца падобныя сітуацыі ў нашым горадзе і што за такія дзеянні пагражае? З такімі пытаннямі мы звярнуліся ў Пружанскае КУВП «Камунальнік».
Начальнік дапаможнага ўчастка Юлія Ахрымук кажа:
— Насамрэч такіх выпадкаў хапае. У мінулым годзе даводзілася падсаджваць кветкі па вуліцах Кастрычніцкай і Р. Шырмы, бо там яны былі практычна поўнасцю выкапаны. У цэнтры горада на адным з кветнікаў мінулай восенню пасадзілі цюльпаны, вясной правяралі ўсходы, усё было добра. Аднак праз нейкі час мы ўбачылі тут толькі тры кветачкі. Падобнае вельмі засмучае. Мы імкнёмся зрабіць горад прыгожым і ўтульным, гэта ў многім удаецца, але знаходзяцца людзі, якія ў адно імгненне перакрэсліваюць вынік нашай працы…
Заўважым, што, крадзяжамі кветак звычайна займаюцца прыстойныя на выгляд людзі, якія імкнуцца ўпрыгожыць свой двор або дачу, але зрабіць гэта за грамадскі кошт. Але мы жывём у краіне, дзе ёсць законы, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Ці становіцца боязь адказнасці перашкодай для падобных учынкаў?
Пра адказнасць, якая прадугледжана за такія крадзяжы, расказаў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Аляксандр Кандрацюк:
— Крадзеж на суму менш за 10 базавых велічынь цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. Чалавек можа быць прыцягнуты па артыкуле 11.1 (дробны крадзеж), згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яму можа пагражаць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічыняў, ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт.
Калі ж сума крадзяжу большая за 10 базавых велічынь, надыходзіць ужо крымінальная адказнасць. Згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, грамадзянін можа быць прыцягнуты да адказнасці па частцы 1 артыкула 205 (тайнае выкраданне маёмасці (крадзеж)). Артыкул прадугледжвае пакаранне грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Кветкавая расада каштуе не вельмі дорага, хаця ў маштабах горада на падтрыманне прыгажосці на клумбах выдаткоўваюцца значныя сумы. Дарэчы, якія складаюцца ў тым ліку з нашых з вамі падаткаў. На грошы, выдаткаваныя на падсаджванне кветак замест украдзеных, можна было б адрамантаваць пад‘езд, паставіць лавачку, добраўпарадкаваць двор… Высновы рабіце самі… Але, як здаецца мне, лепш жыць са спакоем на душы, не думаючы, што нарабіў і якія могуць быць наступствы, а проста атрымліваць асалоду ад прыгажосці, якую ствараюць у нашым горадзе работнікі «Камунальніка».
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік