Пятница, 17 января 2025

Праблема. Як апрацаваць сельгаскультуры і не нашкодзіць пчолам?

210

У рэдакцыю нашай газеты звярнулася грамадзянка, якая паведаміла, што з’яўляецца ўладальнікам пчальніка і занепакоена тым, што яе пчол становіцца ўсё менш. Уся справа, лічыць пчалавод, у хімапрацоўках культур, якія зараз праводзяць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Работы, праведзеныя ў неналежны час і не ў адпаведнасці з заканадаўствам, наносяць сур’ёзную шкоду меданосным насякомым.

Па тлумачэнне, як неабходна праводзіць работы па хімічнай апрацоўцы культур, не нашкодзіўшы пры гэтым пчолам, мы звярнуліся да начальніка Пружанскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Ігара Гаманчука.

— Заканадаўства рэгулюе правядзенне гэтых работ, а мы ў сваю чаргу нагадваем пра гэта ўсім сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Так, у другой палове красавіка бягучага года ўсе датычныя да гэтага пытання арганізацыі апавясцілі тэлефанаграмай.

У паведамленні было сказана, што для таго, каб не дапусціць гібелі пчол пры правядзенні хімахоўных мерапрыемстваў па доглядзе пасеваў сельскагаспадарчых культур, неабходна апавяшчаць насельніцтва, уласнікаў (уладальнікаў) пчальнікоў бліжэйшых населеных пунктаў, на мяжы з якімі размяшчаюцца ўчасткі для апрацоўкі ,праз сродкі масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне, газеты, інтэрнэт), аб’явы ў населеных пунктах аб запланаваных работах. Апавяшчэнне павінна рабіцца за 4-5 сутак да хімаапрацоўкі з указаннем сродку аховы раслін, месцы, часе, спосабе правядзення апрацоўкі, называючы час ізаляцыі пчол.

Таксама ў паведамленні падкрэслівалася, што ў мэтах бяспекі прадукцыі пчалярства апрацоўку ўчасткаў варта праводзіць у вячэрнія ці начныя гадзіны шляхам апырсквання наземнай апаратурай інсектыцыдамі 3-4 класа небяспекі, найбольш бяспечнымі для карысных насякомых.

— Уласнік (уладальнік) пчальніка павінен вывезці вуллі не менш чым на 5 км ад участкаў, якія будуць апрацоўвацца, або ізаляваць пчол на тэрмін, указаны ў Дзяржаўным рэестры сродкаў аховы раслін і ўгнаенняў, дазволеных да прымянення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Ігар Іванавіч.

Толькі пры выкананні дадзеных умоў можна не нанесці шкоды пчолам. Заўважым, што пчолы не проста з’яўляюцца часткай біяразнастайнасці. Яны выпрацоўваюць высакаякасныя прадукты харчавання, такія як мёд, матачнае малачко і пылок, а таксама воск і пропаліс, якія шырока выкарыстоўваюцца ў тым ліку і ў медыцыне.

Вучоныя ўсяго свету занепакоены тым, што пчол з кожным годам становіцца ўсё менш. Асноўная прычына — змяненне клімату, а тут яшчэ і чалавек сваёй дзейнасцю робіць усё, каб гэтыя казуркі зніклі зусім. Задумаемся: гэта пагражае і знікненню самога чалавека.

Падрыхтаваў Руслан Басак