На чарговае праблемнае пытанне звярнуў увагу рэдакцыі адзін з жыхароў нашага горада. Яно тычыцца добраўпарадкавання старых яўрэйскіх могілак, якія размяшчаюцца па вуліцы Горына-Каляды.
Каля двух дзесяцігоддзяў таму тут быў устаноўлены мемарыяльны помнік яўрэям Пружан і навакольных населеных пунктаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ля яго штогод праводзяцца жалобныя мерапрыемствы. Самі могілкі ў той жа час былі абнесены па перыметры плотам. Аднак стан агароджы цяпер прымушае жадаць лепшага, лічыць грамадзянін, і наогул уся тэрыторыя могілак патрабуе пастаяннай увагі з боку работнікаў «Камунальніка».
Мы выехалі на месца і ўбачылі, што добраўпарадкаванне тут ужо вядзецца. У прыватнасці, скошана трава.
Як расказаў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Аляксандр Кандрацюк, прадпрыемства працягвае работы па навядзенні парадку на гэтых могілках.
— Плануем у хуткім часе выраўняць і памыць плот, замяніць паламаныя пліты на новыя, — кажа ён.
Галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і ідэалагічнай рабоце ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Дзмітрый Сачэўка расказаў, што прадпрыемства даглядае мемарыяльны помнік, які размяшчаецца на тэрыторыі старых яўрэйскіх могілак.
— Мы пастаянна праводзім работы па навядзенні тут парадку. Што тычыцца гэтага года, то ўжо двойчы мылі помнік, бо на ім збіраецца дастаткова шмат пылу і бруду. Таксама апрацавалі дарожку ад з’яўлення на ёй расліннасці.
Руслан Басак.
Фота аўтара