Понедельник, 2 декабря 2024

Праблема. Тратуар ля міні-рынку ў Пружанах прывядуць у парадак?

390

Месцы агульнага карыстання заўсёды шматлюдныя, асабліва калі гэта цэнтральная частка горада. Паркоўкі застаўлены асабістым транспартам, іншымі сродкамі перамяшчэння. На гэтых тэрыторыях, як правіла, часцей і хутчэй зношваецца дарожнае пакрыццё, ламаецца тратуарная плітка. Усё гэта выклікае незадаволенасць і абурэнне мясцовых жыхароў. Так здарылася і ў раёне міні-рынку па вул.Тармасава. У рэдакцыю патэлефанаваў гараджанін з просьбай разабрацца з гэтай праблемай.

Карэспандэнты выехалі на месца неадкладна. У 11 гадзін раніцы, што называецца, няма дзе яблыку ўпасці, і гэта ў будні дзень. Па абодва бакі ля ўваходу на міні-рынак поўным ходам ідзе гандаль. Каб падняцца да гандлёвых радоў, трэба добра пастарацца: высокі бардзюр, ямкі, выбоіны… Пажылыя людзі імкнуцца рухацца павольна, пільна глядзяць пад ногі. Спатыкнуцца і атрымаць траўму тут можна за лічаныя секунды.

Па каментарый мы звярнуліся да намесніка дырэктара Пружанскага КУВП «Камунальнік» Віталя Казлова.

— Намі таксама зафіксаваны дэфекты пліткавага пакрыцця, бардзюрнага каменю, размешчанага ўздоўж вул. Тармасава, у раёне цэнтральнага ўваходу міні-рынку, — кажа Віталій Ігаравіч. — Дэфармацыю пліткі на пешаходнай дарожцы ўхілім у бліжэйшы час. Завяршыць планавыя работы намечана да 1 чэрвеня.

Сапраўды, на момант падрыхтоўкі гэтага нумара работы ўжо пачаліся. Спадзяёмся, што хутка прыязджаць па свежую агародніну можна будзе не хвалюючыся і з добрым настроем.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік