Суббота, 12 октября 2024

Ці застаецца актуальнай праблема смеццезвалак на прыродзе ў Пружанскім раёне? Праверылі падчас рэйду

229

Усе мы хочам жыць у прыгожай і чыстай краіне. Але заўсёды знаходзіліся тыя, хто на практыцы здзяйсняе ўчынкі, якія не адпавядаюць гэтым словам, вывозячы і пакідаючы адходы з бытавым смеццем на прыродзе. Сёння паўсюдна створаны камфортныя ўмовы для выкідвання смецця любога фармату — ад дробнага бытавога да буйнога, што стварае дадатковыя зручнасці для ўсіх людзей. Ці застаецца праблема смеццевых звалак на прыродзе па-ранейшаму актуальнай? Гэта мы і вырашылі праверыць падчас нашага рэйду сумесна з галоўным спецыялістам Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Гарусам.

Звалка за жылымі дамамі ў вёсцы Гута.

У пачатку паездкі мы наведалі некаторыя магчымыя месцы несанкцыянаваных звалак. Тут было ўсё чыста, але гэтая прыгожая карціна працягвалася не доўга. Першай падобнай знаходкай стала месца за жылымі дамамі ў вёсцы Гута. Тут сфарміравалі звалку з розных адходаў: цэглы, каністраў, тумбачкі і іншага хламу. Выглядае вельмі непрыемна, а сама звалка практычна прылягае да жылых дамоў, зямля ж належыць ААТ «Радзіма».

Смеццязборнік каля вёскі Асошнікі.

Наступны смеццязборнік нам удалося выявіць каля вёскі Асошнікі, куды таксама вывозіліся розныя віды адходаў. На гэты раз звалка размяшчалася бліжэй да ляснога масіву, у раёне былога ўнутрыгаспадарчага кар’ера, дадзены ўчастак належыць той жа гаспадарцы, што і ў першым выпадку. Відавочна, зрабіла гэта не арганізацыя, а людзі, якія пражываюць недалёка ад населенага пункта. Атрымліваецца, смецяць адны, а пакутуюць іншыя…

— Падобныя месцы збору смецця мы выяўляем падчас маніторынгу або абследавання. У першым выпадку грамадзянам або юрыдычным асобам прапануецца ліквідаваць звалку на працягу пэўнага часу. Калі дадзеная рэкамендацыя выконваецца, то да адказнасці ніхто не прыцягваецца. У другім выпадку пачынаем адміністрацыйны працэс, і асоба можа быць прыцягнута да адказнасці з выплатай штрафу. Усё залежыць ад таго, ці першы раз у адносінах да яе распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі. Раней да такой адказнасці прыцягваліся ў асноўным юрыдычныя асобы, на землях якіх выяўлены звалкі. У апошні час тэндэнцыя памянялася, і мы ўсё часцей знаходзім тых, хто менавіта гэта зрабіў, — падкрэсліў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Несанкцыянаваны смеццязборнік каля вёскі Загалічы.

Пазней несанкцыянаваны смеццязборнік нам удалося выявіць каля вёскі Загалічы і аг. Варанілавічы. Абодва ўчасткі зямлі належаць ААТ «Ружаны-Агра». На гэтых месцах таксама назіраліся бытавыя адходы: на першай тэрыторыі яны былі прадстаўлены ў выглядзе шын, мяшкоў і шыферу, а на другой — зборышчам шкляных бутэлек.

— На тэрыторыі нашага раёна з кожным годам несанкцыянаваных звалак становіцца ўсё менш. Раней знайсці такія месцы было лёгка, а зараз, зыходзячы нават з нашага рэйду, зусім інакш, што не можа не цешыць. Аднак застаюцца і тыя, хто па-ранейшаму не хоча жыць у экалагічна чыстай краіне, а толькі, наадварот, садзейнічае забруджванню навакольнага асяроддзя. З гэтымі грамадзянамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі або юрыдычнымі асобамі мы змагаемся згодна з заканадаўствам, у якім для кожнага з іх прадугледжаны розныя штрафы, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч.

Згодна з артыкулам 16.44. КоАП Рэспублікі Беларусь, парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да тысячы базавых велічынь.

Не жадаеце клапаціцца аб навакольным асяроддзі? Пазбавіцеся сваіх грашовых сродкаў.

Руслан Басак.

Фота аўтара