Любы з нас жадае, каб яго дом стаў сапраўднай крэпасцю, якая абароніць ад праблем і любой бяды. На жаль, жыллё, якое мы чакалі з нецярпеннем, на самай справе цяпер часам адбівае жаданне вяртацца дахаты. У першай шматпавярхоўцы па вул.Майскай, што была здадзена летась, за кароткі час выявілася столькі праблем, што жыццё ў ёй пераўтвараецца ў сапраўдны вулкан. І з праблемамі мы пакінуты сам-насам, ніхто не жадае разбірацца, нават у райвыканкам звярнуліся па дапамогу. У прыватнасці, у падвале дома цяпер стаіць вада, ад чаго па пад’ездах ідзе сырасць. Пасля дажджу хапае вады і на двары, які быў добраўпарадкаваны настолькі, што ліўневым сцёкам няма куды сыходзіць. А ліфт, наяўнасці якога так радаваліся, адпрацаваў толькі кароткі час, потым быў выключаны і да сённяшняга часу мы так і не пазналі зручнасць ад карыстання ім. Няўжо нам цяпер жыць з гэтымі праблемамі?
Жыхары дома №2 па вул.Майскай у Пружанах.
Такое пісьмо атрымала рэдакцыя, і адразу скажам, што гэтую сітуацыю раённы выканаўчы камітэт узяў на строгі кантроль, адпаведным арганізацыям дадзены даручэнні па ліквідацыі недахопаў. Некаторыя з іх ужо выпраўлены, аднак нярэдка выпраўленне памылак не прадугледжвае выкаранення прычын, з-за якіх яны ўзніклі. Таму мы вырашылі самастойна разабрацца ў дадзенай праблеме.
Дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук адказаў, што СІТУАЦЫЯ З ЛІФТАМІ СТАЛА ПРАБЛЕМНАЙ З-ЗА АДСУТНАСЦІ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ, ЯКІЯ МОГУЦЬ АБСЛУГОЎВАЦЬ НАСТОЛЬКІ СКЛАДАНАЕ АБСТАЛЯВАННЕ. У нашай вобласці, як высветлілася, не арганізавана адпаведнае навучанне.У якасці часовага вырашэння пытання прыцягнуты спецыялісты з Кобрына, а з 20 чэрвеня накіраваны на курсы і свае работнікі.
— З 26 чэрвеня праблема павінна вырашыцца канчаткова, і жыхары дома змогуць паўнацэнна карыстацца ліфтамі, — паабяцаў Сяргей Васільевіч.
БЯДА З ВАДОЙ У ПАДВАЛЕ І ЛІЎНЕВЫМІ СЦЁКАМІ носіць іншы характар. Першая праблема, як паведаміў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Мацявін, узнікла па віне саміх уладальнікаў кватэр. З-за забівання каналізацыйнай сістэмы здарыўся парыў трубаправоду. Адходы давялося адпампоўваць, каб дабрацца да пашкоджанага ўчастка. І работнікі знайшлі прычыну парыву. Як аказалася, да яго прывялі… будаўнічае смецце, прадметы асабістай гігіены і іншыя цвёрдыя бытавыя рэчы, якія жыхары кватэр скідвалі ў каналізацыю.
— Аварыя ліквідавана, з грамадзянамі праведзена тлумачальная гутарка і раздадзены памяткі аб правілах карыстання камунікацыямі, — зазначыў Аляксандр Анатольевіч. — Вось толькі гарантый, што праблема зноў не ўзнікне, ніхто не дасць. Тут усё залежыць толькі ад саміх людзей.
А вось пытанне з адводам ліўневых сцёкаў, па словах начальніка УКБ, зараз знаходзіцца на вырашэнні ў праектнай арганізацыі. Справа ў тым, што новы мікрараён узводзіцца ў спалучэнні з тымі пабудовамі, якія ўзводзіліся 35 гадоў таму. Тады пра ліўневую каналізацыю ніхто не думаў: вакол дамоў было шмат пустак і ападкам было куды сыходзіць. Цяпер двары замкнуты, вакол робіцца добраўпарадкаванне, з-за чаго вада і пачала збірацца. Аднак і гэта праблема ў бліжэйшы час будзе вырашана.
Трэба адзначыць, што жыхары як новай шматпавярхоўкі, так і дамоў па вул. 8 Сакавіка, што стаяць побач з ёй, узнімалі і іншыя пытанні. У прыватнасці, АДНОСНА ПРАЕЗДУ АЎТАМАБІЛЯЎ ДА ТЫХ ПАРКОВАЧНЫХ МЕСЦАЎ, ШТО БЫЛІ РАНЕЙ.
Сапраўды, унутр двара цяпер можна трапіць толькі паміж дзвюма «старымі» чатырохпавярхоўкамі. Шырыня праезду не перавышае трох метраў, з-за чаго сустрэчным аўтамабілям немагчыма раз’ехацца.
Добраўпарадкаванне вядзецца, але, як бачна, яно не выратуе. Напрыклад, новая аўтастаянка-«кішэнь» паміж дамамі №7 і №9 па вул. 8 Сакавіка не мае выезду непасрэдна на вуліцу. Акрамя нязручнасцей праезду, гэта небяспечна, у першую чаргу, для дзяцей, якія гуляюць у дварах.
Так што гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым і мы будзем да яго вяртацца.
Між тым, указваючы мясцовым жыхарам на тое, што пры патрабаванні больш цывілізайных падыходаў варта і самому паводзіць сябе адпаведным чынам, нельга не пакрытыкаваць і самі службы.
Напрыклад, ЧАМУ НЕ ПРАВОДЗІЛІСЯ СУСТРЭЧЫ З ЛЮДЗЬМІ І НЕ ТЛУМАЧЫЛІСЯ ПРАВОДЗІМЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ? Праблемы з утылізацыяй смецця, аўтамабільных стаянак, добраўпарадкавання праездаў грамадзяне бачаць на свае вочы, а пра іншае ім даводзіцца дадумваць. І, як правіла, у такой сітуацыі заўсёды думаецца пра дрэннае.
Акрамя таго, незразумела і палітыка адказных арганізацый, з-за якой заяўнікам давялося шукаць дапамогі ў райвыканкаме. З лістапада мінулага года ў мікрараёне ладзяцца ўваходзіны, налічваюцца камунальныя плацяжы, вывозіцца смецце. Аднак самі дамы нібыта «павіслі ў паветры»? Хаця той жа мінулагодняй восенню РАШЭННЕМ МЯСЦОВАЙ УЛАДЫ ЗЯМЕЛЬНЫ ЎЧАСТАК ЗАМАЦАВАНЫ ЗА «КАМУНАЛЬНІКАМ», у тым ліку і з адказнасцю за парадак там. Таму ўзнікаючыя пытанні павінна вырашаць менавіта гэта служба.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік