У рэдакцыю нашай газеты паступіла некалькі тэлефанаванняў з просьбай разабрацца ў сітуацыі, якая склалася на АЗС «Беларуснафта» па вул. Кастрычніцкай у райцэнтры. Справа ў тым, што за апошні час некалькі разоў выходзіла са строю станцыя падпампоўкі шын для легкавых аўто. З улікам таго, што ў горадзе ўсяго адна дзяржаўная АЗС, якая аказвае падобную паслугу бясплатна, то нават невялікія перапынкі нязручныя для вадзіцеляў. Так лічаць не толькі мясцовыя жыхары, але і госці горада, якіх у сувязі з маштабнымі мерапрыемствамі становіцца ўсё больш.
Сёння большасць сучасных АЗС абсталявана сістэмай напампоўвання колаў. Яна вельмі зручная: усяго за некалькі мінут станцыя аўтаматычна карэкціруе ціск у шынах і даводзіць яго да неабходнага ўзроўню. (Нагадваем, максімальны ціск практычна для ўсіх шын легкавых аўтамабіляў — ад 1,8 да 3 атм.) Безумоўна, спосабаў напампаваць кола ў дарозе мноства: ад самастойнага з дапамогай кампрэсара да зручнага сэрвісу выкліку мабільнага шынамантажу — каму што па кішэні. Але пры наяўнасці поўнага спектра паслуг на аўтазаправачнай станцыі вельмі хочацца, каб усё абсталяванне тут працавала бесперабойна.
Дасведчаныя вадзіцелі ведаюць, што язда на спушчаных колах уяўляе небяспеку і істотна зніжае камфорт кіравання. Калі памяншаецца аб‘ём паветра ў коле, змяншаецца пругкасць шыны і яе здольнасць супрацьстаяць ударным нагрузкам. Гэта прыводзіць да больш хуткага зносу шын, таму і служаць яны менш за вызначаны тэрмін. Пры гэтым павялічваецца расход паліва, зніжаецца манеўранасць аўто. Так што аператыўная падпампоўка шын на АЗС вельмі патрэбна і незадавальненне вадзіцеляў цалкам зразумелае.
Па каментарый сітуацыі мы звярнуліся да кіраўніцтва РУП «Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт». І знайшлі поўнае паразуменне. Наша пытанне адразу было ўзята пад кантроль, і ў гэты ж дзень сэрвісная служба АЗС аператыўна правяла належныя работы па замене кампрэсарнай устаноўкі. Да моманту падрыхтоўкі гэтага нумара газеты ўсё знаходзілася ў поўным парадку.
А зараз мы звяртаемся да вадзіцеляў: карыстайцеся, калі ласка, бясплатнымі паслугамі прыдарожнага сэрвісу беражліва. Не кідайце на зямлю прыстасаванне вымяральніка ціску і падкачкі шын! У адваротным выпадку пытанне, чаму не працуе тое ці іншае абсталяванне, будзеце задаваць самі сабе.
Падрыхтавала Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік