За апошні вясновы месяц наш сайт www.budni.by наведала на 1,4 тыс. чалавек больш, чым у красавіку, а іменна 11925 карыстальнікаў. Месяц скончыўся, а значыць, самы час расказаць, што найбольш зацікавіла нашых віртуальных чытачоў.

Галоўнай навіной мая стала назначэнне на пасаду старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча. Гэтае паведамленне больш за тысячу разоў праглядзелі на сайце, самым папулярным стала яно і ў нашай групе на «Аднакласніках», дзе сабрала 233 «падабайкі».

Не меншую цікавасць у жыхароў нашага аграрнага раёна выклікаюць навіны, звязаныя з сельскай гаспадаркай. На другім месцы – інфармацыя аб узнагароджанні дырэктараў сельгаставарыстваў на абласным конкурсе «Лепшы кіраўнік». Трэці радок займае рэпартаж з ушанавання юбіляраў сямейнага жыцця ў ЗАГСе. Актыўна чыталі наведвальнікі сайта матэрыял па выніках выязнога пасяджэння грамадскага пункта аховы правапарадку. Замыкае майскі ТОП-5 рэпартаж з конкурсу медсясцёр у Пружанах.

Аповед пра яшчэ адну медсястру, якая аддала любімай справе амаль 40 гадоў жыцця, — Ірыну Лапаценка — сабраў найбольшую колькасць «лайкаў» на старонцы ў Facebook. Зацікавіліся матэрыялам і падпісчыкі нашага Viber-канала. Пост з фотаздымкамі са святкавання 9 мая ў Пружанах стаў самым папулярным «УКантакце». Падпісчыкі нашага Instagram-акаўнта пагрузіліся ва ўспаміны і «залайкалі» фотакарткі з апошняга званка ў Мокраўскім ВПК. А ў Telegram-канале t.me/budniby самай праглядаемай стала інфармацыя пра далучэнне да малочнага кам-біната кампаніі «Пружаны Індустрыя».
У мінулым месяцы адзін відэарэпартаж выйшаў на нашым YouTube-канале – сюжэт пра «Ноч музеяў» у палацыку. Знайсці канал можна, увёўшы ў пошукавы радок назву нашай газеты – Раённыя будні.
Падпісвайцеся на нашы электронныя рэсурсы і будзьце ў курсе падзей Пружаншчыны разам з намі!
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла