Суббота, 13 апреля 2024

Пра знакавыя будоўлі, праблемы і перспектывы расказаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук

284

Бягучы год для будаўнічай галіны раёна не вельмі просты. Безумоўна, колькасць узводзімых аб’ектаў у нашым рэгіёне сёлета паменшала, аднак гэта прымушае пружанскія будаўнічыя арганізацыі актыўна экспартаваць свае паслугі па Брэсцкай вобласці, а то і за яе межы. На думку намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Гука, які курыруе пытанні будаўніцтва, многае тут залежыць менавіта ад кіраўніцкай разваротлівасці, у чым пашанцавала і ПМК-21, ПМК-22, і «Рамбуд» г. Пружаны.

Пра тое, як загружаны будаўнічыя арганізацыі і з якімі набыткамі яны сустракаюць Дзень будаўніка, Сяргей Міхайлавіч Гук расказаў нашаму карэспандэнту падчас сустрэчы напярэдадні прафесійнага свята.

— Калі аналізаваць сітуацыю, кіруючыся асноўным паказчыкам нашай галіны — аб’ёмам падрадных работ, то відавочны пераканаўчыя станоўчыя вынікі першага паўгоддзя бягучага года. У прыватнасці, усе тры нашы будаўнічыя арганізацыі выйшлі на дастатковы ўзровень загружанасці. Толькі ПМК-21 крыху паменшыла аб’ёмы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, але гэта на фоне рэкордных леташніх паказчыкаў (было 8 з лішнім мільёнаў рублёў, стала каля 6,5). Аднак і цяперашні вынік уражвае. На 400 тысяч рублёў узрасла загружанасць ПМК-22, сёлетняга рэкорда дасягнулі і рамбудаўцы, для якіх аб’ём падрадных работ дасягнуў амаль 2,7 мільёна рублёў супраць мінулагодніх 1,9 мільёна. У выніку, нягледзячы на няпростыя ўмовы, прадпрыемствы захавалі свае калектывы дзякуючы наяўнасці работы і годным заробкам, дадаткова атрымалі пэўны прыбытак, які дазволіць не спыняць мадэрнізацыю вытворчасці ў падрыхтоўцы да новых заказаў.

Больш за тое, яны захавалі і сваю рэпутацыю, якая шырока вядома ў многіх рэгіёнах Брэстчыны. Нашы будаўнікі і сёлета адзначыліся ў Бярозаўскім, Баранавіцкім, Кобрынскім раёнах, а таксама ў Гродзенскай вобласці на ўзвядзенні вытворчых і жылых аб’ектаў.

— Якія будоўлі на Пружаншчыне можна назваць знакавымі для 2023 года?

— Самы бачны аб’ект — новы мікрараён на вуліцы Майскай у паўночна-заходняй частцы нашага райцэнтра. Там зараз узводзіцца чацвёрты 40-кватэрны дом з васьмі запланаваных да канца 2025 года. Паралельна вядзецца добраўпарадкаванне, якое ўключае стварэнне не толькі пешаходных, веласіпедных і аўтамабільных дарожак, але і іншай інфраструктуры, у тым ліку і спартыўнай.

Акрамя таго, паміж горадам і в. Вялікія Якавічы распачаты работы ў квартале індывідуальнай забудовы «Паўночна-заходні», дзякуючы чаму ўжо хутка тыя грамадзяне, хто жадае займець уласную сядзібу, атрымаюць магчымасць прыступіць да ўзвядзення свайго дома. Сёлета адсыпаны вуліцы, пракладзены неабходныя камунікацыі. У канцы наступнага года мяркуецца пасля электрыфікацыі пачаць размеркаванне або продаж з аўкцыёнаў чвэрці ўчасткаў. Гэты квартал стане поўнасцю «электрычным», у выніку чаго будучыя жыхары будуць мець магчымасць выкарыстоўваць любое электраабсталяванне — ад бытавога да абагравальнага.

Яшчэ адзін знакавы для нашага райцэнтра аб’ект — водазабор «Паўночна-заходні», які будзе ўведзены ў бягучым годзе. Новыя артсвідравіны павінны вырашыць праблему з нізкім ціскам у водаправоднай сетцы ў гэтай частцы Пружан. Падабрана сучаснае абсталяванне, якое вырашыць усе праблемы з напорам вады, у тым ліку ў спякотныя перыяды.

Таксама ў бягучым годзе будзе адкрыты цэнтр па кругласутачным знаходжанні асоб састарэлага ўзросту, які размяшчаецца ў аг. Лыскава. Гэта будзе выдатная падтрымка для тых, хто сустрэў старасць у адзіноце.

— Амаль ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, а ў буйных гарадах увогуле масава, ёсць праблемы з «даўгабудамі». Наколькі востра паўстае гэта пытанне на Пружаншчыне?

— Не назаву сітуацыю ідэальнай, але без перабольшвання зазначу, што мы максімальна наблізіліся да гэтага. Калі некалькі гадоў таму па раёне налічвалася 23 незавершаныя аб’екты, то зараз застаўся толькі адзін. І складанасці ўзнікалі не па віне будаўнікоў, а з-за няправільных разлікаў заказчыкаў. Прычынамі былі як фінансавыя перашкоды, так і змена вытворчых планаў. Асабліва гэта тычылася ААТ «Айчына», якое пасля рэструктурызацыі ў філіял ААТ «Белавежскі» змяніла гаспадарчыя падыходы, што і прывяло дзе да заканчэння будоўляў, а дзе і да ліквідацыі непатрэбных пляцовак.

Адзіны незавершаны аб’ект — Палацавы комплекс роду Сапег. Але аб’ектыўна яго нельга назваць «даўгабудам», таму што ёсць стрымліваючыя прычыны, звязаныя з асаблівасцямі выдзялення сродкаў з рэспубліканскага бюджэту.

— Сяргей Міхайлавіч, а якімі бачацца сёння перспектывы нашых будаўнічых арганізацый?

— Ёсць задумкі на ўзвядзенне шэрага аб’ектаў для сельгасвытворчасці. Гэта жывёлагадоўчыя аб’екты ў Шарашэве, Шанях, Рудніках, дадатковы цэх для Аранчыцкай птушкафабрыкі. У прамысловым сектары завадатарам выступае малочны камбінат, які мае намер рэалізаваць некалькі важкіх інвестпраектаў, у тым ліку і на нступны год. У сацыяльнай сферы аб’ёмы дадуць мікрараён па вуліцы Майскай у г. Пружаны, шматкватэрны жылы дом у г.п. Ружаны, дзе частка кватэр замацавана за прадстаўнікамі сілавых структур, лясгаса і ААТ «Ружаны-Агра». А яшчэ чакаецца нямала даволі важкіх заказаў ад медыцынскіх устаноў раёна, згодна з абласной інвестыцыйнай праграмай.

Абагульняючы вышэйсказанае зазначу, што будаваць будзем многа! А таму жадаю пружанскім будаўнікам сіл і здароўя, дабрабыту і разумення ў сем’ях. А яшчэ — мірнага неба, каб нішто не перашкаджала будаваць жыллё і эканоміку ў нашай спакойнай краіне.

Гутарыў Алег Сідарэнка