Четверг, 25 апреля 2024

Пра жыхароў Верчыц, Астраўка і Шчытна клапоціцца стараста вёсак Сяргей Цяцерскі

670

Сяргей Цяцерскі, пра якога ўзгадвала ў інтэрв’ю старшыня сельвыканкама, з’яўляецца старастам вёсак Верчыцы, Астравок і Шчытна з 2019 года. І не проста ім лічыцца, а сапраўды стараецца дапамагчы вяскоўцам і словам, і справай.

Аксана Юркоўская адзываецца аб старасце, як аб чалавеку старанным і актыўным. Ды і падчас размовы з Сяргеем Міхайлавічам адразу стала бачна, што мужчына на сваім месцы, ён ведае, якія праблемы патрэбна вырашыць у бліжэйшы час. А яго дапамога людзям на дадзены момант — не пустыя словы. У трох вёсках разам налічваецца прыкладна 35 жыхароў, асноўныя насельнікі — пенсіянеры, людзі паважанага ўзросту. Некаму патрэбна дапамога ў дастаўцы прадуктаў харчавання, хтосьці не можа дабрацца да аптэкі. Зімой падчас сумётаў можа ўзнікнуць праблема з праездам аўталаўкі — і Сяргей Міхайлавіч на сваёй тэхніцы расчышчае дарогу. Ды і добрае слова ў якасці падтрымкі ніхто не адмяняў.

Сумна, канечне, глядзець у пустыя, забітыя дошкамі вокны, дзе ў свой час сваімі клопатамі жылі людзі. Хочацца спадзявацца, што некалі сітуацыя зменіцца ў гэтым плане ў лепшы бок. Але на дадзены момант, дзякуючы ў тым ліку і такім старастам, як Сяргей Цяцерскі, сённяшнія жыхары вёсак адчуваюць сябе не адрынутымі ад астатняга свету.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі