У сельскай гаспадарцы дамагчыся выніку зусім няпроста. Існуе нямала фактараў, ад якіх залежыць канчатковы вынік, у тым ліку і прыбытак сельгаставарыства. Узяць, напрыклад, жывёлагадоўлю: з захаваннем нормаў нарыхтуй сенаж, сілас, сена, падай збалансаваны корм, пільна сачы за станам здароўя каровак, не забывай і пра прыплод. Пытанням захавання і ўзнаўлення пагалоўя буйной рагатай жывёлы быў прысвечаны семінар па тэме «Арганізацыя работы ветэрынарнай службы», які прайшоў на мінулым тыдні на базе ААТ «Шані-аграпрадукт».

Месцам сустрэчы быў абраны МТК «Шані». На семінар прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, раённай ветэрынарнай станцыі, дырэктары і галоўныя спецыялісты сельгаставарыстваў раёна. Адкрыў мерапрыемства першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко. Ён зазначыў, што на сённяшні дзень захаванасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы — адна з асноўных задач для кожнай гаспадаркі раёна. І работу ў гэтым напрамку праводзіць трэба пастаянна. Пры ўзнікненні праблем (а яны так ці інакш узнікаюць) аператыўна іх вырашаць.
Дырэктар ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандр Якімавец расказаў гасцям семінара пра гаспадарку. На дадзены момант у сельгаставарыстве працуе 326 чалавек, сярэдняя заработная плата — 1730 руб. Налічваецца 7812 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 2500 — дойны статак. На тэрыторыі гаспадаркі размешчана дзевяць жывёлагадоўчых аб’ектаў, на шасці займаюцца вытворчасцю малака. Сярэдні надой на карову складае 23 л, што з’яўляецца нядрэнным паказчыкам у разрэзе раёна. Што да рэалізацыі малака, то 94% рэалізуецца гатункам «экстра», таварнасць — 92%.

Канечне, праблемы ёсць: неабходнасць у новым жывёлагадоўчым комплексе, скучанасць пагалоўя, недахоп спецыялістаў ветэрынарнай службы, жывёлагадоўлі і па абрэзцы капытоў. Патрэбны новыя падыходы ў рабоце па ўсіх накірунках дзейнасці.
Але, нягледзячы на часовыя цяжкасці, у сельгаставарыстве не стаяць на месцы, а працуюць з тым, што ёсць у наяўнасці. Поўным ходам ідзе мадэрнізацыя комплексаў, закупляецца на іх новае абсталяванне, выпрабоўваюць новыя падыходы да корманарыхтоўкі, а іменна закладкі траншэй, выкарыстоўваюць новыя кансерванты для сенажу і сіласу. Адным словам, працуюць на якасць, што немалаважна. Галоўнае, каб жаданне бачыць станоўчы вынік было не толькі ў кіраўніцтва гаспадаркі, а ў кожнага яе работніка.

Падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў рабоце і галоўныя спецыялісты ААТ «Шані-аграпрадукт». Таццяна Наджафава, галоўны аграном гаспадаркі, расказала, што гэтым годзе план па нарыхтоўцы кармоў дастаткова вялікі. Падчас першага ўкосу траў стараліся ўлічыць усе моманты: фазу ўборкі, кансерванты, лагістыку, аб’ёмы закладкі траншэі. Надвор’е не паспрыяла з першага разу выйсці на план: пры норме ўборкі траў 10-12 дзён справіліся за 18. Для атрымання неабходнай колькасці кармоў былі пасеяны аднагадовыя травы. Пры закладцы траншэй пачалі выкарыстоўваць паслойны завоз зялёнай масы, трамбоўка вядзецца кругласутачна. Дарэчы, для планамернага рассоўвання зялёнай масы па траншэі купілі «Амкадор», трамбуюць новымі каткамі. Укрываюць плёнкай, якую зверху прыціскаюць мяшкамі.
Галоўны заатэхнік сельгаставарыства Уладзімір Асіпчук азнаёміў прысутных са станам спраў у плане догляду БРЖ. У гаспадарцы пільная ўвага надаецца рацыёну рагуль, усе ведаюць, што корм павінен быць якасны і збалансаваны, не забываюць і пра кармавыя дабаўкі. Каб прытрымлівацца гэтых параметраў, у ААТ «Шані-аграпрадукт» ёсць свой перасоўны млын, які дазваляе вырабляць камбікорм у адпаведнасці з рэцэптам для кожнай групы асобна. За змену гэты млын вырабляе да 90 тон камбікорму. Не выпадае з поля зроку і аднаўленне малочнага статка, таму стараюцца атрымліваць толькі здаровы прыплод.

Пільная ўвага ў гаспадарцы надаецца і здароўю БРЖ. Галоўны ветэрынарны ўрач Наталля Шчэрба паведаміла, што на пастаянным кантролі знаходзіцца абследаванне рагуль на наяўнасць хвароб. Канечне, стараюцца іх папярэджваць: праводзіцца вакцынаванне. Закупляюцца новыя медыцынскія прэпараты, належная ўвага ўдзяляецца санітарнаму стану ўтрымання кароў. Як кажуць, чысціня — заклад здароўя.
Слушныя парады па атрыманні якасных кармоў і зберажэнні дойнага статка былі агучаны работнікамі раённай ветэрынарнай станцыі. Галоўны спецыяліст сектара вытворчасці прадукцыі раслінаводства аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыя Сцепанюк парэкамендавала кіраўнікам гаспадарак не выпускаць з-пад увагі тое, як самі работнікі адносяцца да выканання сваіх абавязкаў і ці існуе ўзаемадзеянне паміж службамі. Нават знешні выгляд чалавека можа многае сказаць пра яго, і тут ужо не забываем пра спецадзенне: акуратнасць і чысціня павінны быць ва ўсім.

Падчас размовы госці семінара маглі на свае вочы бачыць, з чым працуюць у ААТ «Шані-аграпрадукт». Была наладжана выстава, дзе дэманстраваліся і кармавыя дабаўкі, канцэнтраты для кароў, вакцыны, сродкі для ўборкі і дэзынфекцыі памяшканняў, для мыцця малочнага абсталявання, апрацоўкі вымя. Была прадстаўлена сушыльная шафа для нованароджаных цялят, якая дазваляе абсушыць малое прыблізна за адну гадзіну, і многа іншага.
Падчас экскурсіі па МТК «Шані» можна было паглядзець, як наладжана ўтрыманне цялят у шатрах і доміках. Нічога не скажаш, тэрыторыя чыстая і прыгожая. Нават у цэху ўтрымання кароў прыемна пахла апілкамі. Адчуваецца рука гаспадара.

Вучыцца ніколі не позна. Было б толькі жаданне. Ды і пераймаць вопыт — гэта заўсёды карысная справа, бо ведаць усё проста немагчыма. Таму будзем спадзявацца, што семінар, праведзены ў ААТ «Шані-аграпрадукт», дапаможа нашым жывёлаводам у іх нялёгкай працы.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом тут: https://ok.ru/budni/album/963750070152