У кожнай сям’і ёсць гісторыі бацькоў, дзядоў, прадзедаў, якія ваявалі, іх успаміны, з якіх і складваецца агульная карціна вызвалення нашай Радзімы. Упісаць аповед пра лёсы гэтых людзей у летапіс Вялікай Айчыннай вайны — абавязак кожнага неабыякавага чалавека.
Таксама, як Дзень Перамогі стаў усенародным святам, так і 22 чэрвеня — сапраўды ўсеагульным Днём памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Таму што няма ў нашай краіне сям’і, якую б не закранула сваім чорным крылом самая страшная вайна.
Жыццё і лёс майго дзеда Мікалая Міхайлавіча Шаркоты вельмі падобны на лёсы ўсіх людзей таго пакалення, якія сумленна жылі, служылі Радзіме ў ваеннае ліхалецце, гадавалі дзяцей у пасляваенныя складаныя і яшчэ галодныя гады, у літаральным сэнсе слова ўзнімалі нашу краіну з руін. Нарадзіўся дзядуля ў 1923 годзе ў вёсцы Стараволя ў шматдзетнай сям’і. Перажыў акупацыю, а ў 1944-м, у 21 год, быў прызваны Шарашоўскім ваенкаматам і разам з іншымі землякамі пайшоў вызваляць краіны Заходняй Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дзед прайшоў доўгі шлях дарогамі вайны. Служыў кулямётчыкам, двойчы быў паранены. Пасля апошняга ранення доўга лячыўся ў палявым шпіталі. Разам са сваімі баявымі таварышамі пехатою прайшоў амаль усю Польшчу і Германію.
Пасля Вялікай Перамогі дзед вярнуўся ў родную вёску. Ажаніўся, сваімі рукамі пабудаваў дом, усё жыццё шчыра працаваў у калгасе. У сям‘і нарадзіліся сын і тры дачкі, але бабуля рана памерла і дзядулі давялося аднаму паднімаць дзяцей…
Акрамя ваенных узнагарод дзед меў юбілейныя медалі, ганаровыя граматы, дыпломы за працу. Асабліва ганарыўся ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалём «За адвагу», якія я захоўваю як рэліквію.
На жаль, дзед быў вельмі скупы на ваенныя ўспаміны. Ён заўсёды казаў, што вайна — гэта цяжка і страшна, гэта смерці людзей, слёзы і гора.
Я часта думаю, як змаглі людзі таго пакалення вытрымаць усё, што выпала на іх долю? І не проста вытрымаць, але і перамагчы? Магчыма, таму, што яны проста вельмі любілі сваю радзіму…
Марына Каўтунюк