Падрыхтаваны якасны насенны матэрыял, які падлягае для выкарыстання на пасяўныя мэты, — гэта адзін з самых важных фактараў для атрымання высокага ўраджаю. Пра забяспечанасць насеннем сельскай гаспадаркі раёна — у гутарцы з начальнікам Пружанскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Ігарам Гаманчуком.
— Ігар Іванавіч, якім чынам вырашаецца пытанне стварэння насеннай базы на чарговы пасяўны сезон?
— Першы этап — падрыхтоўка насення. Яго неабходна ачысціць і насенны матэрыял давесці да адпаведных пасяўных кандыцый на машынах першаснай і другаснай ачысткі зерня, сфарміраваць партыі. Далей гаспадаркі падаюць у інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін заяву аб правядзенні адбору проб ад партыі насення і яго аналізу. Падчас гэтай работы ўвага ўдзяляецца пасяўным якасцям насення: чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, жыццяздольнасці, вільготнасці, заселенасці шкоднікамі і заражанасці хваробамі. Калі ўсе вышэйпералічаныя паказчыкі адпавядаюць патрабаванням, то выдаецца пасведчанне аб якасці насення сельскагаспадарчых раслін. Толькі пасля выдачы дакумента аб адпаведнасці якасці насення матэрыял можна выкарыстоўваць для пасеву.
— Ці ёсць асаблівасці ў захоўванні насеннага матэрыялу?
— Зразумела. Партыі насення павінны захоўвацца асобна па сартах і рэпрадукцыях. Яны павінны быць абазначаны этыкеткамі вызначанага ўзору, у якіх указаны адпаведныя прыкметы пасяўных якасцей насення. Склады павінны быць сухімі, чыстымі і апрацаванымі ад шкоднікаў інсектыцыдамі. Раённая інспекцыя ажыццяўляе нагляд за нормамі захавання насеннага матэрыялу.
— З якімі лічбамі мы падыходзім да сяўбы бягучага года?
— Сельскагаспадарчымі арганізацыямі для правядзення вясенняй сяўбы засыпана 2861,4 тоны насення яравых збожжавых, зернебабовых і крупяных культур, з якіх ячменю — 1825,5 тоны, аўса — 201,8, яравога трыцікале — 113 тон, грэчкі — 62,4, проса — 6 тон і зернебабовых — 652,7 тоны. Усё гэтае насенне адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
З засыпанага насення на суперэліту і эліту прыходзіцца 27,9 %, першую рэпрадукцыю — 52 %. Для правядзення абнаўлення сартавога і рэпрадукцыйнага складу плануецца набыццё 200 тон насеннага матэрыялу эліты.
— Кукуруза для сельскай гаспадаркі — гэта незаменны прадукт у жывёлагадоўлі. Ці дастаткова ў раёне яе насеннага матэрыялу?
— Для сёлетняй сяўбы кукурузы неабходна 540 тон насення, з якіх у наяўнасці маецца 119,4 тоны, або 22,1 % ад патрэбнасці. Насенны матэрыял у колькасці 227 тон будзе закуплены на Івацэвіцкім кукурузакалібровачным заводзе ТАА «Брэсттравы», а астатняе — праз біржавыя таргі.
— Шматгадовыя травы таксама выкарыстоўваюцца ў якасці кармоў сельгаставарыствамі. Ігар Іванавіч, як тут абстаяць справы з насеннем?
— Патрэбнасць у насенным матэрыяле шматгадовых траў складае 191 тону, з якіх 91 тона, або 47,7 %, адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ. Акрамя таго, маецца 38,2 тоны ачышчанага насення траў, знаходзіцца на ачыстцы 36,5 тоны і плануецца закупіць 39,9 тоны.
— Не будзем упускаць з-пад увагі і бульбу са льном.
— Насеннага матэрыялу бульбы засыпана 2354,85 тоны, які знаходзіцца ў сховішчах. У ААТ «Пружанскі льнозавод» маецца 437,3 тоны насення льну-даўгунцу. І ў першым, і ў другім выпадку гэтага будзе дастаткова, каб правесці пасадку і сяўбу сваімі запасамі.
Застаецца толькі спадзявацца, што прырода таксама паспрыяе аграрыям і нам у чарговы раз удасца дамагчыся высокіх ураджаяў.
Гутарыў Вадзім Раўнейка