Напэўна, няма ніводнага беларуса, які б не любіў стравы з бульбы, а іх кулінарны свет ведае велізарную колькасць. Чаго толькі варты дранікі са смятанай! Але вырасціць бульбу — справа не такая і лёгкая. Адно змаганне з каларадскім жуком, якога з кожным годам, здаецца, становіцца ўсё больш, патрабуе выдаткаў часу і сіл, ужо не гаворачы пра падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі і хімпраполку.
Пра гэта добра ведаюць і ў гаспадарках, якія займаюцца вырошчваннем «другога хлеба». Іх у раёне засталося не так ужо і многа: ААТ «Ліноўскае», «Ружаны-Агра», РУП «Брэсцкая АСГДС» і філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі». Дарэчы, у апошнім сельгаставарыстве пад бульбу выдзелены найбольшыя плошчы — 220 га.

Як расказаў карэспандэнтам «раёнкі» галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Цімановіч, у параўнанні з мінулым годам плошчы пад бульбу не павялічвалі, разлічваюць на тое, што ў гэтым годзе атрымаюць большы ўраджай (дарэчы, у мінулым ураджайнасць «другога хлеба» склала 214 ц/га). А калі гаварыць аб прыбытковасці, то яе таксама падлічылі. Сельгаставарыства мае свой крухмальны завод, значыць, і сыравіна для яго патрэбна (у гаспадарцы прыйшлі да высновы: каб прадпрыемства было рэнтабельным, ураджайнасць бульбы павінна складаць не менш 354 ц/га). Частку здадуць дзяржаве, будзе весціся продаж насельніцтву, канечне ж, закладуць у бульбасховішча і насенны фонд на будучы год.
Але для таго, каб ажыццявіць планы, першапачаткова трэба добра папрацаваць, выбраць аптымальныя сарты, вытрымаць усе рэгламентаваныя тэрміны апрацоўкі і праполкі. Галоўны аграном расказаў, што сёлета аддалі перавагу такім сартам, як «маніфест» (эліта — 51 га), «брыз» ( 71 і суперэліта — 23 га) і «скарб» (67 га). На «мару» (эліта) адведзена толькі 5 га. У бягучым годзе ў інстытуце бульбаводства НАН Беларусі набылі новы сорт «ветразь» (суперэліта) з высокім працэнтам крухмалу, што з’яўляецца важным фактарам для гаспадаркі. Пад навінку адвялі 3 га. Пасадка бульбы праходзіла адначасова з пратручваннем ад шкоднікаў.
Наступнай чарадой ідзе хімпраполка (першую зрабілі да таго, як бульба ўзышла, другую — па вегетацыі — робяць некалькімі прэпаратамі).
Ужо праведзена дзве фунгіцыдныя апрацоўкі, яны абароняць бульбу не толькі ад фітафтарозу, але і ад альтэрнарыёзу. Яшчэ такі аграпрыём дае магчымасць абараніць клубні новага ўраджаю ад заражэння.
Апрацаваць бульбяныя палеткі ў сельгаставарыстве плануюць яшчэ двойчы.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік