Суббота, 12 октября 2024

Пра важнасць захавання памяці гаварылі падчас работы інфармацыйнай групы райвыканкама ў каледжы

292

Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж 23 сакавіка быў абраны для работы інфармацыйнай групы райвыканкама нездарма. Справа ў тым, што напярэдадні адзначалася адна з журботных дат у гісторыі Беларусі — 80-годдзе з дня трагедыі беларускай вёскі Хатынь. Памяць аб гэтым мы павінны не толькі захаваць у сваім сэрцы, але і беражліва перадаць маладым. Гэтая эстафета не павінна заканчвацца ніколі. Толькі так мы зможам дабіцца непаўтарэння трагедый, раўназначных хатынскай.

Пра гэта гаварыў ва ўступным слове і ў самім дакладзе начальнік аддзела ідэалагічай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Групу на гэты раз узначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Калі Аляксандр Момлік расказваў пра хатынскую трагедыю, у зале стаяла цішыня, як там, дзе зараз знаходзіцца абноўлены мемарыял. Толькі чуваць гукі званоў як напамін аб жудасных падзеях, калі амаль усе жыхары невялічкай вёсачкі жывымі згарэлі ў полымі агню. Каму ўдавалася выбегчы, таго даганяла фашысцкая куля. Ні для каго не сакрэт, што непасрэдны ўдзел у знішчэнні вёскі прымалі памагатыя бандэраўцаў. Гэтыя нелюдзі ў наш час сталі героямі ў суседняй Украіне. За што ж тады паважаць яе кіраўніцтва і тых, хто ўслаўляе фашысцкіх саўдзельнікаў, катаў беларускага, рускага, польскага, украінскага народаў? Як сказаў Аляксандр Канстанцінавіч, знайсці звесткі пра таго ж украінскага калабаранта Васюру і некаторых іншых было лягчэй, чым пра саму Хатынь. Інтэрнэт, хоць і лічыцца самай дэмакратычнай прасторай у свеце, але і ён трапляе пад цэнзуру, якая патрэбна тым, хто стаіць за многімі сацыяльнымі сеткамі, месенджарамі, энцыклапедыямі…

Пранікнёным і інфарматыўным было выступленне пракурора раёна Аляксандра Вярбіцкага. Справа ў тым, што менавіта Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь выступіла ініцыятарам расследавання генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандр Міхайлавіч расказаў пра ход гэтага працэсу на тэрыторыі Пружанскага раёна, допыт сведкаў злачынстваў фашыстаў.

На жывым дыялогу была пабудавана гутарка Мікалая Кудраўца з аўдыторыяй. Моладзь ахвотна ўдзельнічала ў размове, адказвала на пытанні Мікалая Пятровіча.

Дырэктар Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Гуторкіна пазнаёміла ўдзельнікаў работы групы з першай кнігай, якую падрыхтавала да выдання Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Андрэя Шведа «Генацыд беларускага народа. Спаленыя вёскі».

Веру, што тая інфармацыя, якую імкнуліся данесці ўдзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама, пранікла ў сэрцы і душы маладых слухачоў.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік