Стварэнне безбар’ернага асяроддзя закранае інтарэсы значнай колькасці людзей і з’яўляецца неабходным фактарам для забеспячэння роўных магчымасцей і правоў усіх грамадзян. Дадзеная праблема абмяркоўвалася на навучальным семінары па пытаннях стварэння даступнага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб на аб’ектах сацыяльнай, транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сетцы, які адбыўся ў райвыканкаме.
Мерапрыемства было арганізавана Пружанскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На ім прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый раёна, якія адказваюць за стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Удзел у семінары прынялі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і намеснік старшыні праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Андрэй Лявіцкі.
Навучальная сустрэча пачалася з уступнага слова Руслана Васільевіча. Ён адзначыў, што работа ў акрэсленым кірунку вядзецца ўжо не першы год.
— Да дадзенай тэмы трэба ставіцца сур’ёзна, зыходзячы не толькі з гуманістычных прынцыпаў, але і простай логікі. У будучым кожны з нас таксама можа займець патрэбу ў «асаблівых» умовах, — заўважыў намеснік старшыні райвыканкама. — Праязджаючы па раёне, можна назіраць, што даступнае асяроддзе было створана на пэўных аб’ектах, але работу варта працягваць. Яна немалая па часе і патрабуе сістэмнага падыходу. Але пазітыўная дынаміка ёсць, робіцца даволі многа.
Аб рабоце па стварэнні даступнага асяроддзя ў Пружанскім раёне ў рамках рэалізацыі падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады расказала загадчыца аддзялення ТЦСАН Алена Бартасевіч. Таксама Алена Сяргееўна паведаміла прысутным, як аказваць сітуацыйную дапамогу інвалідам, і раздала ўдзельнікам семінара буклеты адпаведнай тэматыкі.
Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка расказала пра патрабаванні да забеспячэння даступнага асяроддзя для інвалідаў на аб’ектах сацыяльнай, транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сетцы. Нэлі Георгіеўна агучыла недахопы і хібы, якія выявіліся пры стварэнні безбар’ернага асяроддзя.
Сапраўды карыснай інфармацыяй пра даступнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю па зроку падзяліўся Андрэй Лявіцкі.
Пры падвядзенні вынікаў навучальнага семінара былі выказаны ўсе заўвагі, а таксама прынята рашэнне правесці рэвізію існуючага даступнага асяроддзя і выкараніць недахопы ў самыя кароткія тэрміны.
Падобная работа пачалася адразу: Андрэй Лявіцкі і Нэлі Педчанка разам з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ Юрыем Юзько накіраваліся ва ўстанову аховы здароўя.
Юлія Янушка. Фота аўтара