Пра старастаў населеных пунктаў распавядаем часта. Расказваем пра іх актыўную пазіцыю, адказнае стаўленне да даручанай справы. І, насамрэч, справа гэта патрэбная, бо, як кажуць, такіх людзей патрэбна ведаць у твар. Яны з’яўляюцца неацэнным прыкладам для астатніх, могуць падзяліцца вопытам, нейкімі напрацоўкамі ў сваёй рабоце.

Старастам аг. Белавусаўшчына другі год з’яўляецца Вячаслаў Дземасюк. Мужчына хоць і на пенсіі, але жыццёвай актыўнасці не губляе. Вячаслаў Мікалаевіч бачыць не толькі праблемы і клопаты, якімі жывуць аднавяскоўцы, але і ўмее знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. Гэта немалаважна, бо адна справа паказаць пальцам на недахоп, а другая — прыкласці самому намаганні для яго ўстаранення.
Усім вядома, што, па сутнасці, грамадская нагрузка старастаў усюды аднолькавая. Просьбы, з якімі людзі да іх звяртаюцца, мала чым адрозніваюцца. Але тут галоўнае не фармалізм у падыходзе да справы, а душэўнасць, шчырасць. Чаго і не займаць Вячаславу Дземасюку. Патрэбна сабраць народ на суботнік? Няма пытанняў! Ды яшчэ і не адзін правядзём на працягу года. Трэба вырашыць пытанне з пахіленым плотам і аварыйнымі дрэвамі па вуліцы Камсамольскай у аграгарадку? Звярнуўся стараста ў КУВП «Камунальнік» — і праблема была ўхілена. Калі жыхары Белавусаўшчыны папрасілі абкасіць стадыён, каб дзеці і ўнукі змаглі летам там бавіць час, стараста разам з мужчынамі з аграгарадка самастойна правёў абкошванне. Пастаянным жа памочнікам старасты з’яўляецца аднавясковец Сяргей Калюта.
Не адмаўляе ў дапамозе і кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае», калі трэба скасіць траву на вялікіх плошчах, ачысціць пустуючыя ўчасткі ад зараснікаў. Ды і ў апошні снегапад гаспадарка не пакінула жыхароў аграгарадка без увагі, аператыўна пачысціла дарогі. Сумесна з сельвыканкамам Вячаслаў Мікалаевіч вырашыў пытанне пастаўкі мясной прадукцыі сельгаставарыства ў Белавусаўшчыну, якая карыстаецца попытам у спажыўцоў не толькі гэтага населенага пункта.
Не кожны раз, сустракаючыся з людзьмі, адчуваеш зычлівасць і дабрадушнасць, шчырасць у размове. Падчас зносін са старастам аг. Белавусаўшчына разумееш, што чалавек сапраўды перажывае за даручаную справу. Будзем спадзявацца, што жыццёвай энергіі ў яго хопіць яшчэ на доўгія гады.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
