Іх жыццё стала прыкладам кахання, павагі і вернасці. Пра іх успамінаюць маладыя, калі вянчаюцца і ўступаюць у шлюб. Іх жа саміх часам параўноўваюць з Рамэа і Джульетай (напэўна, па моцы кахання, бо лёс гэтай пары склаўся намнога шчаслівей). Усё гэта — пра Пятра і Фяўронню Мурамскіх. У дзень памяці праваслаўных святых у аддзеле ЗАГС райвыканкама прайшло мерапрыемства.
Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, а таксама некалькі сем’яў. «Стаж» сумеснага жыцця адной з іх складае ажно 43 гады! Начальнік аддзела Наталля Цібароўская пазнаёміла прысутных з паданнямі пра лёсавызначальную сустрэчу князя і звычайнай дзяўчыны. Фяўроння вылечыла Пятра ад хваробы, а ў хуткім часе стала яго жонкай. У гэтым шлюбе, у міры і згодзе, князь і простая сялянка пражылі шмат гадоў, прыслухоўваліся адзін да аднаго. Старасць жа сустрэлі ў манастырах, якія, што сімвалічна, размяшчаліся побач.
Падрабязна пра заступнікаў перад Богам у справе стварэння моцнай сям’і расказаў настаяцель храма іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць» в.Новыя Засімавічы Сергій Сысаляцін. Дапоўнілі аповед праваслаўныя песнапенні ў выкананні хору «Амафор».
Таксама прагучалі шматлікія вершы пра сям’ю, маму і тату, цёплыя і пяшчотныя пачуцці. Для ўдзельнікаў сустрэчы падрыхтавалі шэраг заданняў. Так, падчас гульні «Вуснамі немаўляці» па апісанні трэба было назваць галоўныя чалавечыя каштоўнасці, а падчас конкурсаў патрабавалася адгадаць назвы фільмаў і здагадацца, што знаходзіцца ў чорнай скрыні. Паміж гэтымі цікавымі выпрабаваннямі гучалі песні, факты пра сямейнае жыццё, хлопцы і дзяўчаты ўспомнілі, як у народзе называюць юбілеі шлюбаў.
Завяршылася мерапрыемства сумесным чаяваннем, агульным фота і пажаданнем для моладзі знайсці сапраўднае каханне і стварыць трывалыя і шчаслівыя сем’і.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена аддзелам ЗАГС райвыканкама