Воскресенье, 8 декабря 2024

Пра рэалізацыю драўніны па новых правілах расказаў галоўны інжынер лясгаса Міхаіл Калодзіч

547

У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у краіне зменены ўмовы рэалізацыі дзелавой драўніны фізічным асобам. Які парадак разгляду заявак дзейнічае? Ці мае ён перавагі ў параўнанні з папярэднімі падыходамі? На гэтыя пытанні адказвае галоўны інжынер ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Міхаіл Калодзіч.

— Самае галоўнае — спрашчэнне працэдуры набыцця дзелавой драўніны, — зазначае Міхаіл Васільевіч. — Калі раней грамадзяніну неабходна было прайсці шэраг інстанцый, то цяпер пры наяўнасці належнага пакета дакументаў усё рэалізуецца ў нашай установе. Таму, згодна з Указам №294 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у зацверджаных правілах вызначаны тэрмін водпуску заказаных кубаметраў не больш за 15 дзён. Хаця, зазначу, гэта максімум, звычайна заяўкі ажыццяўляюцца за 2-3 дні.

— У чым яшчэ перавагі новага парадку рэалізацыі дзелавой драўніны?

— Лічу, не менш значнай навіной для пакупнікоў стане ўстанаўленне фіксаваных цэн. Цяпер у канчатковы кошт можна закладваць рэнтабельнасць не больш за 5%. Напрыклад, на 1 лютага 1 кубаметр гатунку С 26 і больш даўжынёй да 6,5 метраў абыдзецца ў 68 рублёў. Да параўнання, на біржы гэты матэрыял у адпаведным аб’ёме ацэньваецца ў 110 рублёў.

— У якім аб’ёме можна набыць у лясгасе дзелавую драўніну?

— Для будаўніцтва, у тым ліку рэканструкцыі або капітальнага рамонту жылых дамоў або надворных пабудоў — у аб’ёме да 70 кубічных метраў. Дадам, што такой магчымасцю могуць скарыстацца гаспадаркі і іншыя прадпрыемствы для ўзвядзення арэнднага жылля. Для гэтага неабходна мець дакумент на будаўніцтва аб’екта (распрацаваную і зацверджаную праектна-каштарысную дакументацыю). Калі ж запланаваны бягучы рамонт жылога дома, гаспадарчых пабудоў, агароджы зямельнага ўчастка і іншых аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі садовага таварыства ці дачнага кааператыва, — да 10 куб. м, у такім выпадку патрэбна падрыхтаваць дакумент, які засведчвае права на зямельны ўчастак (рашэнне райвыканкама аб выдзяленні ўчастка, пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі), а таксама праектна-каштарысную дакументацыю на бягучы рамонт.

— Якім чынам і дзе можна аплаціць заказ?

— Непасрэдна ў лясгасе ці яго структурных падраздзяленнях. Даступны як наяўны, так і безнаяўны разлік, а таксама пры выкарыстанні банкаўскіх крэдытных рэсурсаў. У дадатак, акрамя дзелавой драўніны, у нас можна набыць і піламатэрыялы, якія выпускае дрэваапрацоўчы цэх у в. Слабудка. Пра асартымент і яго кошт можна даведацца па тэл. 6-49-40 або на сайце Пружанскага лясгаса pruzany.lesnoi.by.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота аўтара