Среда, 15 января 2025

Пра пажары, прафілактыку і кадры: першае інтэрв’ю з новым начальнікам Пружанскага РАНС Паўлам Талстым

463

29 снежня 2022 года начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў назначаны Павел Міхайлавіч Талстой.

Начальнік Пружанскага РАНС Павел Талстой.

Яшчэ падчас вучобы ў адной з баранавіцкіх школ ён вырашыў звязаць прафесійнае жыццё з пажарнай службай. На выбар хлопца ў многім паўплываў прыклад блізкіх сваякоў, сярод якіх былі выратавальнікі. З юных гадоў дасканала ведаў асаблівасці гэтай службы і наколькі яна патрэбна грамадству. Атрыманы атэстат аб сярэднеадукацыйным навучанні Павел Талстой разам з іншымі дакументамі аддаў у Камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе пасля заканчэння ВНУ атрымаў накіраванне ў родны горад, дзе стаў інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду Баранавіцкага РАНС.

За паўтара дзясятка гадоў Павел Міхайлавіч служыў старшым інжынерам, памочнікам начальніка штаба, намеснікам начальніка аддзела, атрымаў другую вышэйшую адукацыю ва Універсітэце грамадзянскай абароны на факультэце падрыхтоўкі кіруючых кадраў. Наладжваў службу падраздзяленняў па папярэджанні надзвычайных сітуацый у Маларыце, Століне.

Восенню мінулага года Павел Талстой быў накіраваны ў Пружаны, дзе пасля азнаямлення з новым месцам службы ўзначаліў райаддзел.

— Павел Міхайлавіч, Вы, як кажуць, на свае вочы пабачылі службу ў пажарных падраздзяленнях іншых рэгіёнаў Брэстчыны. Якія першыя ўражанні склаліся на новым месцы?

— Па-першае, у Пружанскім раёне асноўнае адрозненне — вялікія плошчы лясных масіваў і суседства з Белавежскай пушчай. Таму ў рэгіёне даволі высокая рызыка надзвычайных здарэнняў у пажаранебяспечны перыяд. Нямала населеных пунктаў, да межаў якіх шчыльна прымыкаюць лясы, што стварае пры ўзнікненні пажараў пагрозу даволі крытычных наступстваў. Гэта трэба абавязкова ўлічваць у складанні службовых планаў і распрацоўцы прафілактычных мерапрыемстваў.

Па-другое, прыемна ўразіла падрыхтоўка службовага саставу. Мясцовыя выратавальнікі — працавітыя работнікі, якія адказна ставяцца да выканання сваіх задач. Хаця пэўныя кадравыя складанасці адчуваюцца і на Пружаншчыне, асабліва ў сельскіх падраздзяленнях.

— Крыху больш за 10 гадоў таму ў нашым раёне здаралася па 50 і больш пажараў. Зараз дзякуючы прафілактычным мерам гэту лічбу ўдалося скараціць амаль удвая. Ці бачыце патэнцыял да зніжэння і гэтых вынікаў?

— Безумоўна, асабліва ў плане гібелі людзей у агні. Падворныя абыходы жыллёвага сектара, гутаркі з састарэлымі жыхарамі, шматдзетнымі бацькамі або адзінокімі людзьмі часта даюць станоўчы вынік. Але, на жаль, толькі там, дзе ёсць адэкватная рэакцыя. Гэта пацвярджае аналіз двух трагічных выпадкаў у г.п. Ружаны напрыканцы мінулага года. З розніцай у некалькі дзён загінулі двое грамадзян. Абодва здарэнні адбыліся нібы «пад капірку»: людзі амаль аднаго ўзросту, якія вялі асацыяльны лад жыцця, поўнасцю аддаленыя ад грамадства, як у сацыяльным, так і ў сямейным плане. Пагаджуся, што дагрукацца да свядомасці такіх людзей часам увогуле немагчыма. Ні сельскія сходы, ні тлумачальныя гутаркі іх не кранаюць. Галоўная мэта — знайсці грошы на чарговае застолле. Аднак, лічу, што ёсць яшчэ заканадаўчыя магчымасці ўздзеяння на падобную катэгорыю.

Па-другое, больш строга ставіцца да кантролю за гэтай катэгорыяй людзей. Адзін з загінулых працяглы час стаяў на ўліку, яго наведвалі прадстаўнікі кантралюючых органаў, выклікалі на пасяджэнні грамадскіх структур аховы правапарадку. І чалавек трымаўся: не піў, не парушаў устаноўленыя правілы паводзінаў. З-за чаго і было вырашана зняць яго з уліку. «Развязаўшы рукі», мужчына адразу вярнуўся да былога ладу жыцця, што скончылася трагічна.

— Вы адзначылі складанасць кадравага папаўнення падраздзяленняў МНС на Пружаншчыне. Ці ёсць задумкі па вырашэнні гэтага пытання?

— Не толькі планы, але і першыя крокі па іх рэалізацыі ўжо прыняты. Зараз на вышэйшым узроўні дадзены дазвол пры згодзе маладога спецыяліста сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў і яго наймальніка праводзіць пераразмеркаванне ў падраздзяленні МНС. На сённяшні дзень мы ўжо маем папярэднюю згоду амаль дзясятка хлопцаў, якія скончылі каледжы, прыйсці на службу ў якасці выратавальнікаў. У гэтым спрыяе і тое, што даецца альтэрнатыва армейскай службе.

Таксама пастаянна звяртаюся да кіраўнікоў розных арганізацый з намерам дапамагчы ў замацаванні моладзі ў нашым рэгіёне.

А яшчэ трэба прыцягваць людзей знешнімі атрыбутамі службы. Гэта — выгляд і паводзіны работнікаў МНС, якія нават па-за службай павінны заставацца ўзорам адказнасці і дысцыплінаванасці. Яшчэ — умовы службы, аснашчанасць падраздзяленняў, матэрыяльнае забеспячэнне і іншыя магчымасці, уключаючы права на адпачынак. І трэцяе — адносіны дзяржавы да самой службы, якія пацвярджаюць яе запатрабаванасць. Прыкладам чаго можна назваць паступленне ў раён напрыканцы года двух новых магутных спецаўтамабіляў, якія ўжо заступілі на службу ў Пружанах і Кабылаўцы.

— Павел Міхайлавіч, што б Вы пажадалі сваім падначаленым з нагоды прафесійнага свята ?

— У бягучым 2023 годзе жадаю работнікам МНС знайсці магчымасці і спосабы для паўнавартаснай рэалізацыі сябе на службе. Каб нашы задачы выконваліся якасна і арганізавана, са станоўчым вынікам. А з улікам таго, што наша прафесійнае свята супадае з Вадохрышчам, зычу, каб ва ўсіх пачынаннях і ў асабістым жыцці спрыяў Бог.
У дадатак хачу звярнуцца і да ўсіх грамадзян раёна з просьбай адказна ставіцца да сваёй бяспекі, не парушаць супрацьпажарныя правілы, берагчы сябе і сваю маёмасць. Калі ласка, зрабіце так, каб наша служба ўвогуле абыходзілася без трывожных выездаў.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік