Ніколі не стамляешся рабіць адно — пісаць пра сельскіх працаўнікоў. Пра іх, непасрэдных і вельмі шчырых, павінны ведаць усе, нават прыклад у рабоце браць. З гэтай місіяй і наведаліся ў ААТ «Велікасельскае Агра».
Як быццам і не было сёлетніх абласных дажынак. Работа ж на палетках чакаць не будзе, тое ж можна сказаць і пра надвор’е. Таму адсвяткавалі, атрымалі ўзнагароды, парадаваліся імі са сваімі роднымі і… наперад!
Усё патрэбна рабіць своечасова, упэўнены галоўны аграном ААТ «Велікасельскае Агра» Сяргей Капіца, які займае дадзеную пасаду ў сельгаставарыстве з 2022 года. Калі ты сапраўдны гаспадар на зямлі, лічыць Сяргей Іванавіч, то добра ведаеш, што адпачыць, калі захочацца, тут не атрымаецца. Укладзешся ў агратэхнічныя тэрміны, дадаўшы ў работу кропельку душы, тады можаш разлічваць і на багаты ўраджай.
Глядзіш на Сяргея Капіцу і думаеш — звычайны чалавек, нічым не адрозніваецца ад іншых. Мясцовы, з аг. Клепачы. Добры сем’янін, такую ж жонку мае, Міраславу Уладзіміраўну, і дзетак самых лепшых у свеце — сына Елісея і дачушку Еву. Усё як у людзей. Толькі вось да працы галоўны аграном адносіцца вельмі сур’ёзна, валодае ўсёй інфармацыяй аб рабоце агранамічнай службы гаспадаркі. Дзе неабходна ўнесці патрэбныя ўгнаенні, каб паменшыць кіслотнасць або падкарміць глебу, усё робіцца ў час і па норме. Інавацыйныя тэхналогіі таксама выкарыстоўваюцца. Ды і больш за 20 гадоў у сельскай гаспадарцы таксама нешта значаць, накоплены важкі вопыт працы на зямлі, прыкіпеў да яе душою, жыве думкаю: жыць і працаваць трэба па сумленні, быць адкрытым для людзей. Вось за такія адносіны да справы, а канкрэтна, за высокія паказчыкі на ўборцы 2024 года, і быў узнагароджаны Сяргей Капіца Брэсцкім аблвыканкамам дыпломам ІІІ ступені.
Неаднаразова на старонках «раёнкі» сустракаўся нам трактарыст-машыніст сельгаставарыства Аляксандр Сямашка, які, удзельнічаючы ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур усяго 2 сезоны, здолеў дасягнуць высокіх рэзультатаў. У дадатак, сёлета механізатар стаў прызёрам (другое месца) на вобласці сярод старшых камбайнераў, якія працуюць не менш за адзін год, з умоўным намалотам 2535,72 тоны.
Застаецца толькі парадавацца за Аляксандра, які вырашыў 14 гадоў таму: маё месца па жыцці і ў працы на роднай зямлі. Ураджэнец в. Перадзельск скончыў СШ № 4 г. Пружаны і паралельна атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, адвучыўшыся ў НВК таксама ў раённым цэнтры. Пасля чаго ўладкаваўся ў ААТ «Велікасельскае Агра» механізатарам. Навошта шукаць далёка сабе работу, калі пад бокам трывалая і перспектыўная гаспадарка? Стаж зарабляць пачынаў Аляксандр Сямашка на трактары «Беларус 1221». Потым восем гадоў на кормаўборачным камбайне «КВК» быў задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў. На змену айчыннай тэхніцы прыйшоў «Ягуар». І, як бачна, праявіў, не пасарамаціў ні сябе, ні сельгаставарыства. Па-за ўборачнымі кампаніямі механізатар бакі не адлежвае, а прымае ўдзел у іншых палявых работах, напрыклад, рыхтуе глебу пад азімую сяўбу.
Яшчэ больш замацавала Аляксандра ў родных мясцінах сям’я. Ну куды ты дзенешся, калі дома ў аг. Стараволя чакае каханая жонка Яна, якая працуе ў той жа гаспадарцы эканамістам, і трое любімых дзетак Арцём, Цімур і Арына?! Дзеля іх жа і стараецца Аляксандр Сямашка быць абаронцам, дарадчыкам.
Маладосць ніяк не можа быць перашкодай да высокіх працоўных паказчыкаў. Пацвярджэннем чаму можа служыць Віктар Янушкевіч. Малады вадзіцель з ААТ «Велікасельскае Агра» сёлета за шчырую працу на жніве адзначаўся на ўзроўні раёна, пра што пісала газета. У яго адрас гучалі словы падзякі за сумленнае стаўленне да такой важнай справы — уборкі ўраджаю.
Прайшло не так многа часу, і Віктар «прагучаў» у вобласці: ён заняў другое месца сярод маладых вадзіцеляў ва ўзросце да 31 года на адвозцы зерня, на аўтамабілі «МАЗ 5551А2» перавёз 2866,6 умоўных тон. Проста малайчына, на такога хлопца можна разлічваць, ён не часовы ў сельскай гаспадарцы. І бацькі могуць ганарыцца сынам, што вырасцілі годнага грамадзяніна сваёй краіны, шчырага працаўніка і ў будучым, верым у гэта, сапраўднага сем’яніна.
Нішто ў жыцці так проста не даецца. Усюды трэба прыкладаць намаганні, у некаторых выпадках і немалыя. Паспрабуйце кожны дзень падымацца, калі астатнія яшчэ сны бачаць, затым цэлы дзень (не восем гадзін!) перавозіць зерне пад сонейкам у +35 і даць спакой рукам і нагам пад поўнач. І так з дня ў дзень. А для Віктара на жніве гэта была норма, яшчэ і за тэхнікай сачыў, каб спраўна ездзіла, без паломак. Ён заслужыў гэтую ўзнагароду сваёй працай, таму і ганарыцца ёю. Гэта добры стымул для пакарэння новых працоўных вяршынь.
На такіх працаўніках і свет трымаецца. Яны не імкнуцца да славы, яна сама іх знаходзіць, бо каго ж услаўляць, калі не іх, адданых сваёй справе? На гэтых людзей і раўняцца трэба.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік