Жыхары нашага горада вельмі пільныя і педантычныя, калі справа тычыцца пытанняў добраўпарадкавання грамадскіх тэрыторый і месцаў агульнага карыстання. Хтосьці можа знервавацца: маўляў, у нас і так усё добра, горш бы не было.
Вядома, калі ўзяць агульныя лічбы зробленага за першае паўгоддзе, то бачна, што работ па добраўпарадкаванні і азеляненні горада было праведзена вялікае мноства: адноўлены вуліцы, тратуары, размаляваны фасады будынкаў, заменена дарожнае пакрыццё, наведзены парадак у гарадскім парку, разбіты новыя клумбы, якія патанаюць у кветках…
Але ёсць месцы, дзе пільнае вока мясцовых жыхароў бачыць і недахопы.
З ліста ў рэдакцыю:
У Пружанах у гарадскім парку да спартыўна-культурнага свята «Вытокі» абнавілі драўлянае пакрыццё на мосціках праз каналы. А вось пра два масты цераз раку Мухавец у раёне сквера на вуліцы Я.Купалы зусім забыліся. Дошкі тут расхістаныя, часам не замацаваныя, што стварае небяспеку траўміравання. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца.

Адпраўляемся пагуляць па скверы па вул. Я. Купалы, што ў самым «ціхім цэнтры» горада. Нават густы полаг дрэў ледзь абараняе ад летняй спёкі, але каля ракі адразу адчуваецца лёгкая прахалода. Мы прайшлі па абодвух мосціках, каб самім зразумець, што там з імі не так на самай справе. Сапраўды, дзе-нідзе патрабуецца замена драўлянага пакрыцця, дзе-нідзе адсутнічаюць перакладзіны па краях, прызначаныя для прадухілення падзенняў падчас дажджу ці галалёду. Прытым што прыгожыя каваныя парэнчы пафарбаваны і знаходзяцца ў добрым стане.
Як растлумачылі ў Пружанскім КУВП «Камунальнік», сітуацыя знаходзіцца на кантролі. На сённяшні дзень гэтыя аб’екты агледжаны, зроблены замеры і закуплены неабходныя матэрыялы для рамонту. У цэху жыллёвай гаспадаркі ўжо поўным ходам ідзе падрыхтоўка дошак для замены непрыдатнага драўлянага пакрыцця пешаходных мосцікаў. Рамонтныя работы будуць поўнасцю завершаны да канца ліпеня.

А цяпер, паважаныя грамадзяне, час набрацца цярпення і крыху астудзіць гарачыя галовы. Як бачыце, вашы заўвагі прыняты, пытанні паступова вырашаюцца і ўсё знаходзіцца ў працэсе работы.
Зразумела, што ўсім нам вельмі хочацца, каб жаданні выконваліся па ўзмаху чароўнай палачкі, але ў рэальным жыцці ўсё крыху інакш. Пагадзіцеся, любая «перабудова» свету, у сэнсе нават невялікага рамонту ў кватэры, патрабуе фінансавых укладанняў, пэўнага часу і чалавечых рэсурсаў. Засталося крыху пачакаць, уважліва глядзець сабе пад ногі, лавіць вітамін «Д» пад сонечнымі прамянямі і атрымліваць асалоду ад цудоўнага лета. І проста стаць крышачку дабрэйшымі…
Падрыхтавала Ульяна Рысь.
Фота аўтара