Воскресенье, 25 февраля 2024

Пра эфектыўнасць выпасу кароў на адкрытых прасторах расказваюць спецыялісты ААТ «Мурава»

971

Зялёныя лугі са статкамі кароў, якія там
пасвяцца, — гэта не ўспамін з нашага мінулага. І хоць падобнае даводзіцца назіраць усё радзей, дагэтуль знаходзяцца гаспадаркі, у якіх каровы выпасваюцца на адкрытых прасторах. Каб даведацца пра эфектыўнасць такога ўтрымання жывёлы, карэспандэнты пабывалі ў ААТ «Мурава».

На гадзінніку – крыху больш за 10 раніцы. Разам з намеснікам дырэктара гаспадаркі А.І.Маркечкам накіроўваемся ў Янаўшчызну. Чым бліжэй пад’язджаем да месца выпасу кароў, тым лепш бачым, наколькі іх многа.

«Тут выпасваецца 200 рагуль з МТФ «Ізбіцы». Усяго на гэтай ферме ўтрымліваем 400 кароў. А вось агульнае пагалоўе дойнага статка ў гаспадарцы налічвае 1600 кароў», — удакладняе Аляксандр Іванавіч.

Для рагуль тут сапраўднае раздолле. Чыстае паветра, побач абавязкова вада і соль. Каб кароўкі не згубіліся — электрапастух і спецыяльныя нумары жоўтага колеру на шыі і ў вушах. Але без догляду чалавека ўсё ж не абысціся. Побач з каровамі сёння — жывёлавод С.А. Дмітрук.

— Кароў мы тут і выпасваем, і двойчы на дзень доім. Рабіць гэта дазваляюць сучасныя апараты і халадзільныя ўстаноўкі, — расказвае Сцяпан Андрэевіч. — А знаходзяцца каровы на адкрытым выпасе круглыя суткі з сакавіка па верасень.

Аляксандр Іванавіч, у сваю чаргу, удакладняе, што яшчэ 100 кароў у сухастойны перыяд, гэта значыць, незадоўга да ацёлу, выпасваюцца на МТК «Мурава». Такім чынам гэтыя рагулі праходзяць аздараўленне. За 20 дзён да з’яўлення цялятка іх вяртаюць назад на комплекс.

Хоць, як удакладняе намеснік дырэктара, для павелічэння паказчыкаў па надоях каровы павінны ўтрымлівацца на ферме. І такія паказчыкі ў гаспадарцы неблагія. Надой на карову складае 23,32 кг. У параўнанні з мінулым годам прыбавілі на 0,67 кг. Гэта трэці вынік сярод сельгаставарыстваў раёна. Валавы ж надой сёлета складае 103 %.

Паступова гаспадарка поўнасцю пяройдзе да стойлавага ўтрымання статка. Палі, на якіх раней выпасваліся каровы, будуць аддадзены пад кармавыя культуры, якія пойдуць на корм жывёле.

Дарэчы, на 15 чэрвеня ў «Мураве» нарыхтавана 5032 т сенажу, у тым ліку 16 т — у палімернай плёнцы, 1832 т сіласу і 144 т сена. Акрамя таго, ідзе рамонт фермы ў Ізбіцах, каб канчаткова перавесці туды рагатых падапечных.

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)