Неалудзіты — асобы, якія выступаюць супраць індустрыялізацыі, заклікаюць чалавецтва адмовіцца ад дасягненняў цывілізацыі і вярнуцца да сярэднявечча. Іх праціўнікі-антаганісты, наадварот, схільныя да таго, каб уся паверхня планеты была «заасфальтавана» і забудавана заводамі, што, на іх думку, павысіць кантроль за прыродай і пазбавіць ад катаклізмаў. Прыклады ўкаранення падобных падыходаў можна знайсці ў рэальнасці.
Але ёсць і трэці варыянт — захаванне балансу паміж беражлівым стаўленнем да прыроды і развіццём цывілізацыі. Такой пазіцыі прытрымліваюцца і ў Беларусі. Каб своечасова выкараніць пагрозу экалогіі, у рэспубліцы дзейнічаюць прыродаахоўныя службы. Як зазначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд, у нашым рэгіёне захоўваецца дадатны баланс, але праблем нямала. На што звяртала ўвагу інспекцыя ў мінулым годзе?

— На нас ускладзены дзяржаўны кантроль у плане аховы навакольнага асяроддзя за ўсімі суб’ектамі, аб’ектамі гаспадарання, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі на тэрыторыі раёна, а таксама дзяржаўнае рэгуляванне і каардынацыя дзейнасці ў вобласці забеспячэння экалагічнай бяспекі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Інспекцыйная работа ладзіцца ў адпаведнасці з нормамі Указа №510 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні работы кантрольнай дзейнасці», а таксама згодна з каардынацыйным планам.
Галоўная задача інспекцыі і органаў Мінпрыроды — рашэнне пытанняў, звязаных з захаваннем і прымнажэннем прыродных багаццяў на тэрыторыі рэспублікі, у тым ліку на Пружаншчыне. Гэта і рацыянальнае выкарыстанне нетраў, водных рэсурсаў, захаванне флоры, фаўны, глебы. Таксама важным з’яўляецца кантроль за абаротам і выкарыстаннем цвёрдых бытавых адходаў і адходаў вытворчасці.
За 2021 год інспекцыяй праведзена 304 абследаванні, 162 маніторынгі, 85 мерапрыемстваў тэхнічнага характару. Выяўлена 357 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, да адказнасці прыцягнута 14 службовых і юрыдычных асоб, вынесена 61 пастанова аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.
— Вольга Міхайлаўна, зараз менавіта прамысловыя прадпрыемствы сталі пагрозай для біясферы. Ці ёсць такія аб’екты ў нашым раёне?
— Прамысловых гігантаў на Пружаншчыне няма, і гэта, на маю думку, станоўчая з‘ява для экалогіі раёна. Аднак некаторыя сельгасарганізацыі адчувальна ўздзейнічаюць на біясферу. Маю на ўвазе жывёлагадоўчыя комплексы, у прыватнасці, адстойнікі, дзе павінна да вывазу на палі назапашвацца арганіка. Нярэдка рэзервуары перапаўняюцца і сцёкі пагражаюць навакольнаму асяроддзю. І падобныя з’явы назіраюцца не толькі там, дзе шмат жывёлагадоўчых аб’ектаў, але і ў тых гаспадарках раёна, дзе дзейнічаюць адна-дзве фермы. Хутчэй за ўсё, гэта так званы «чалавечы фактар». Сітуацыю прыродная інспекцыя трымае пад кантролем, прымаюцца адпаведныя меры па прафілактыцы такіх выпадкаў або кампенсацыі ўрону.
Захоўваецца высокая рызыка аварыйных здарэнняў. Напрыклад, летась была пашкоджана ёмістасць па захоўванні вадкіх угнаенняў ААТ «Радзіма». Канцэнтраваны раствор трапіў на зямлю, хаця сельгаставарыства магло прыняць меры па прадухіленні або зніжэнні ўрону.
У 2021 годзе праведзены чатыры выбарачныя праверкі — ААТ «Айчына», «Ружаны-Агра», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Роўбіцкае». Ва ўсіх атрымалі прадпісанні па выяўленых недахопах. Трэба адзначыць, што захоўваецца тэндэнцыя аператыўнага рэагавання на ўсе заўвагі з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў АПК.
— Штогод не губляе актуальнасці пытанне навядзення парадку на зямлі…
— Леташнія планы ў гэтым накірунку выкананы поўнасцю. Напрыклад, высаджана амаль 3 тысячы дрэў і паўтары тысячы кустарнікаў як у населеных пунктах, так і ўздоўж дарог, знесена 128 трухлявых дамоў, а таксама чатыры неэксплуатуемыя збудаванні. У выніку частка раней невыкарыстоўваемых земляў зноў вернута ў севаабарот. У дадатак праводзілася ўборка тэрыторый, санітарная высечка хмызняку, навядзенне парадку на могілках і вакол мемарыяльных комплексаў. Частка такіх мерапрыемстваў мае штогадовы характар, значыць, такая работа будзе весціся і сёлета.

— Што зменіцца ў дзейнасці палігонаў утылізацыі бытавых адходаў?
— Ужо закрыты міні-палігоны каля Шчарчова, Кабылаўкі і Кацёлкаў. Не вырашаны пакуль лёс Шарашэўскай пляцоўкі, якая таксама падлягае рэкультывацыі. Аднак з улікам складанай лагістыкі і ўзроўню запаўняльнасці ружанскага і пружанскага палігонаў было вырашана пакуль пакінуць яе ў эксплуатацыі. Але толькі да 1 ліпеня бягучага года, у сувязі з чым пачасціліся пытанні ад людзей наконт утылізацыі адходаў. Адзначу, што складзена дзейсная схема вывазу смецця з населеных пунктаў. Акрамя таго, ёсць пляцоўкі з кантэйнерамі па раздзельным зборы адходаў, які насельніцтва з большага ігнаруе. Нам усім неабходна задумацца, што мы пакінем нашчадкам. Станоўчыя прыклады ёсць, хаця хапае і адмоўных. Парушэнні сустракаюцца рознага характару. Асноўныя звязаны з забруджваннем земляў і лясоў. Незаконная высечка, смеццязвалкі ў несанкцыянаваных месцах і складзіраванне смецця на землях ляснога фонду, парушэнне парадку збору і нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў — гэтыя і шэраг іншых праблемных момантаў рэгулярна ў поле нашага зроку.
— А што адбываецца з раслінамі-захопнікамі?
— Інвазіўная праблема пакуль захоўвае вастрыню. І хаця нашы намаганні па барацьбе з баршчэўнікам даюць станоўчы вынік, паралельна ўзрастае небяспека ад сумніка, якому зноў жа дапамагае «чалавечы фактар». Гэту расліну нярэдка высаджваюць у якасці дэкаратыўнай на прысядзібных участках.
Зараз сумнік ёсць практычна ва ўсіх кутках Пружаншчыны. Знішчыць яго без падтрымкі з боку людзей немагчыма. А вось спадзяванняў атрымаць яе мала. Актыўна дапамагаюць толькі сельскія выканкамы і гаспадаркі.
Баршчэўнік у раёне застаўся толькі на двух участках — каля в.Куляны і на землях Пружанскага лясніцтва, агульнай плошчай 0,08 га. Але захоўваецца кантроль за землямі, раней ачышчанымі ад захопніка, бо даследчыкі сцвярджаюць магчымасць чарговай успышкі на працягу 9 гадоў. Менавіта столькі часу насенне баршчэўніка захоўвае ўсходжасць.
— Як жа ўсё-такі сфарміраваць у грамадзян экалагічную свядомасць?
— Разлічваем на выхаванне адукаваных ахоўнікаў біясферы менавіта з маленства. Для чаго пастаянна праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы — сустрэчы з дзецьмі, гутаркі, раздача тэматычнага матэрыялу. А яшчэ розныя конкурсы з узнагароджаннем пераможцаў. Напрыклад, нядаўна прайшоў чарговы конкурс малюнкаў на прыродаахоўную тэматыку, на які былі адабраны лепшыя творы выхаванцаў Слабудскага, Навазасімавіцкага і Кляпацкага дзіцячых садкоў, Ружанскага МПЦ, а таксама вучняў Шарашэўскай СШ і СШ №1 імя ЧБВА.
Алег Сідарэнка. Фота з архіву