Воскресенье, 19 января 2025

Ізноў пра арганізацыю нестацыянарнага гандлю ў Пружанах: раскладваем усё па паліцах

651

Пытанні арганізацыі нестацыянарнага гандлю мы не аднойчы асвятлялі на старонках «раёнкі». Тым не менш у насельніцтва часам узнікаюць такія пытанні, якім не перастаеш здзіўляцца.

Мясцовыя жыхары абураюцца чаму, маўляў, каля дазволеных пунктаў гандлю, як, напрыклад, каля крамы «Палявы» на вул. Будаўнічай, рэалізуюць сваю прадукцыю прадпрымальнікі проста з машын. Абурэнні, вядома, беспадстаўныя, усё адбываецца на законных правах і за пэўную плату. Аднак, паводле чалавечых паняццяў, гэтыя так званыя «прыватнікі» ствараюць сур’ёзную канкурэнцыю тым, хто там даўно прапісаўся. Мясцовыя гандляры занялі месцы ў павільёне пад дахам, за гэта з іх не бярэцца аплата.

Згодна з рашэннем райвыканкама ў горадзе ўстаноўлены платныя месцы для нестацыянарнага сезоннага гандлю. Прадпрымальнікі, якія гандлююць вялікім аб’ёмам прадукцыі, звяртаюцца ў КУВП «Камунальнік» і заключаюць дагавор арэнды гандлёвага месца на адкрытых пляцоўках з пакрыццём, размешчаных у месцах агульнага карыстання, на любы тэрмін па сваім жаданні. Кантралёры пастаянна манітораць пункты гандлю, правяраюць наяўнасць неабходнай дакументацыі, і толькі пасля ўсіх адміністрацыйных працэдур «прыватнікі» могуць пачаць рэалізацыю сваёй прадукцыі.

Безумоўна, любая канкурэнцыя нараджае попыт на прадукцыю лепшай якасці, ды і кошт ва ўсіх розны. Але ў нас, звычайных спажыўцоў, таксама павінен быць выбар і асабістая матывацыя, што ў каго купляць і за якую цану. Мы ж не ходзім у адну і тую ж краму кожны дзень, а ўвесь час змяняем маршрут пакупак, каб параўнаць, прыцаніцца і паспрабаваць прадукцыю канкурэнта. Выбар у любым выпадку застаецца за пакупніком.

Паважайце адзін аднаго, тады і спрэчкі адыдуць на другі план. А месца хопіць кожнаму, было б што прадаваць.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік