Среда, 19 февраля 2025

Посмотрите, как изменилось кафе «Ружанка» после ремонта к «Дожинкам»

1 206

Існуе меркаванне, што повар — не проста прафесія: у першую чаргу, гэта прызванне. І Ніна Кірыковіч, яскравы таму прыклад.
Родам з Валынскай вобласці Украіны, жанчына апынулася ў Беларусі, яшчэ калі абедзве краіны былі часткай адной вялікай дзяржавы СССР.


— У школе я вучылася вельмі добра: у пасведчанні аб базавай адукацыі мела ўсяго тры чацвёркі. І, шчыра кажучы, збіралася атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю, бо марыла стаць медыкам. Але лёс склаўся інакш: пасля дзявятага класа вымушана была ісці вучыцца, каб хутчэй пачаць самой зарабляць на хлеб.
Так Ніна апынулася ў Пінску, куды прыехала атрымліваць прафесію повара-кандытара. У горадзе над Пінай яна сустрэла сваю другую палавінку, выйшла замуж. Калі паміж краінамі-суседкамі ўсталявалася мяжа, украінка засталася на беларускім баку. Тут жанчына пусціла свае карані: на сённяшні дзень яна — шматдзетная мама, якая выхоўвае трох дзетак.

Праз некаторы час сям’я Кірыковічаў пераехала з Пінска ў Ружаны. І вось амаль адзінаццаць гадоў Ніна Якаўлеўна з’яўляецца поварам кафэ «Ружанка». І прафесіяналізму, і адказнасці жанчыне не займаць.
— Калі ўжо ўзялася за справу, стараюся зрабіць яе на «выдатна». Для мяне важна, каб усё было на вышэйшым узроўні, таму заўсёды хвалююся, калі штосьці ідзе не па плане і атрымліваецца не так, як хацелася б.
Гэта вельмі цэняць і наведвальнікі кафэ, якія часта пакідаюць у кнізе заўваг і прапаноў красамоўныя водгукі пра работу повара. Для Ніны Якаўлеўны ўсе гэтыя прыемныя словы — свайго роду падзарадка, якая дае штуршок да новых ідэй, новых пачынанняў. Пры заказе банкетаў яна можа прапанаваць шэраг арыгінальных, сучасных страў. Сярод дэсертаў, напрыклад, можна знайсці… смажанае марожанае — такую страву не ў кожным сталічным кафэ могуць прыгатаваць.
— Адкуль ідэі? У прынцыпе, не скарджуся на ўласную фантазію. Але ж у эпоху інтэрнэту «прыдумаць» штосьці цікавае, арыгінальнае нескладана. Рэгулярна сачу за тым, як здзіўляюць кліентаў мае калегі з розных куткоў свету.

Варта адзначыць, што пасля рэканструкцыі, якая праводзілася мінулым летам у кафэ «Ружанка» ў рамках падрыхтоўкі гарадскога пасёлка Ружаны да абласных «Дажынак», работы ў калектыву прыбавілася.


— Безумоўна, рэканструкцыя пайшла на карысць. Што адметна, мясцовыя жыхары часцей сталі бавіць у нас час. Нават сталі адзначаць не толькі юбілеі, але і проста дні нараджэння. Увогуле банкетаў, у тым ліку па спецзаказах, стала больш. Як вынік, адчувальна вырасла месячная выручка, — расказвае Наталля Звягава, якая працуе ў кафэ «Ружанка» буфетчыцай каля 15 гадоў.
Рэканструкцыя дала кафэ другое жыццё. Цяпер тут не сорамна прымаць і замежных турыстаў, якія, праязджаючы праз Ружаны, спыняюцца не толькі на экскурсію, але і на абед. Афармленне залы прадумвалася з улікам патрабаванняў, якія сёння прад’яўляюць да такіх устаноў наведвальнікі. У выніку атрымаўся сучасны інтэр’ер, у якім знайшлося месца дэталям, якія падкрэсліваюць багатую архітэктурную спадчыну пасёлка: адна са сцен аздоблена фотапалотнамі з выявамі палаца Сапегаў.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.