Як паказвае час, чым больш вёска аддалена ад райцэнтра, ад ажыўленай трасы, тым менш шанцаў у яе захаваць працаздольнае насельніцтва: урбанізацыя робіць сваю справу. Такі незайздросны лёс напаткаў і Апялянавічы: вёска, якая знаходзіцца побач з мяжой Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, цяпер рызыкуе зусім знікнуць з карты раёна. Па самым кароткім маршруце, які пралягае па аб’язной дарозе ўздоўж Белавежскай пушчы, Апялянавічы ад Пружан аддзяляе каля 53 кіламетраў. Калі ехаць праз Ружаны — і таго больш. Поўная адсутнасць шуму, загазаванасці паветра — вёска сустракае нешматлікіх гасцей цішынёй і спакоем, якія парушаюць хіба што толькі птушыныя спевы. Ля вёскі сустракае практычна некранутая прырода: лес, у якім вясна ўжо набрала абароты, рэчка, якая разлілася на ўскрайку, драўляныя «архітэктурныя рашэнні», пабудаваныя бабрамі…

Сёння старажылы з настальгіяй успамінаюць тыя часы, калі ў Апялянавічах бурліла жыццё. За апошнія гады колькасць жыхароў у вёсцы прыкметна зменшылася: сёлета ўвогуле тут зімавала ўсяго двое чалавек — пажылая сямейная пара.
— Калі я выйшла сюды замуж, тут хата на хаце стаяла і ў кожнай жылі вялікімі сем’ямі. Пры Польшчы і таго больш: усё наваколле было аблеплена хутарамі, — расказвае Яўгенія Міхайлаўна Казёл.
Абрадаваная нечаканым суразмоўцам, пажылая жанчына, што сумавала на лавачцы каля дома, з задавальненнем дзеліцца з намі сваёй жыццёвай гісторыяй.
— Сама я родам з Церахавіч. Гэта на суседняй Гродзеншчыне, праз лес туды кіламетраў 15 будзе. Сястра мужа выйшла замуж у наша сяло, вось ён да яе і прыязджаў. Так і сустрэлі адзін аднаго.
Аляксандр Якаўлевіч рана застаўся без бацькі: той памёр, калі хлопец быў зусім малы. Ведаў пра яго толькі па расказах маці ды па фотаздымку, зробленым яшчэ за польскім часам. У хату да маці прывёў жонку. А неўзабаве маладая сям’я пабудавала сабе асобны дом.
— Калі складвалі зруб, нам вельмі пашчасціла. Той год надта багаты быў на баравікі. Я нарыхтавала столькі, што лік вяла мяхамі. Якраз у нашу вёску прыйшоў манах, ён і забраў у мяне тыя грыбы. Ды заплаціў так добра, што нам хапіла давесці будоўлю да ладу.
Працоўны стаж муж і жонка зараблялі сабе ў мясцовай гаспадарцы, саўгасе «Праца»: Аляксандр Якаўлевіч быў кладаўшчыком, Яўгенія Міхайлаўна — рабочай.
— Ніякай работы не цуралася: збожжа малола, хадзіла ў поле, трэба было — і мяхі грузіла, — зазначае пенсіянерка.
Ды і дома работы было хоць адбаўляй: каб падымаць на ногі дзяцей, трэба было шчыраваць.
— Дзяцей у нас чацвёра. Старэйшая Рая жыве ў Гродне, таксама, як і мы, выхавала чацвярых. Валя не надта далёка ад нас ад’ехала — у Падароск. Зоя пайшла замуж таксама ў Ваўкавыскі раён. Найбліжэй да нас — у Магілёўцах — жыве Пеця. У кожнага з іх лёс склаўся па-рознаму: хапіла і радасці, і гора. Галоўнае — усе выраслі годнымі, паважанымі людзьмі. Пра нас, старых, не забываюць. У студзені мы з дзедам моцна прыхварэлі, дык сын узяў водпуск: і ежу варыў, і карміў нас. Гэта цяпер з-за каранавіруса дзеці сталі рэдка прыязджаць — сумна.
Аляксандру Якаўлевічу і Яўгеніі Міхайлаўне сёння без малога дзевяноста гадоў. Вольнага часу ў іх хоць адбаўляй: здароўе ўжо не дазваляе нармальна рухацца, не тое што займацца гаспадаркай ці агародам.
— Адрабілі ўжо сваё, — гаворыць дзед. — Цяпер адзіная фізічная нагрузка — падысці да аўталаўкі (і тая каля нашай хаты спыняецца — мы ж пераважна адныя жывём у вёсцы).
— І ўсё роўна раней нам цяжэй жылося, чым сёння, — не згаджаецца бабуля. — Клопатаў было вельмі шмат: трэба было і сена нарыхтоўваць, і бульбу гектарамі вырошчвалі… Ай, і ўспамінаць не хочацца.

Час ад часу з‘язджаюцца ў Апялянавічы гараджане. Сярод іх — і гаспадары былога хутара непадалёку. Суседка Фаіна Антонаўна Акуневіч на зіму перабіраецца ў горад да дачкі, а ў цёплы перыяд жыве ў роднай хаце. Гэтай вясной таксама прыехала, але неўзабаве здароўе падвяло, і жанчына вярнулася ў Гродна. Таму ў сёлетні вясенне-летні сезон кампанію сям‘і Казлоў складае толькі Зінаіда Уладзіміраўна Акуневіч, якая жыве праз дом.
— Усё маё жыццё прайшло ў Апялянавічах,— расказвае баба Зіна. — Зразумела, сёння балюча назіраць за тым, як вёска дажывае свой век. Раней як надыходзіла лета — дзяцей з’язджалася! Сёння ж на вуліцы няма ні старых, ні маладых.
Зінаіда Уладзіміраўна ў свой час не захацела пакідаць бацькоўскую хату. У яе мужа, спецыяліста на ўсе рукі, была магчымасць перавезці сям’ю ў Мінск, але жанчына не змагла пакінуць старэнькую маці, у якой яна засталася адзінай роднай душой: тата памёр, калі Зіна была зусім маленькай, брат загінуў на вайне. Так і засталіся на сваёй малой радзіме, пабудавалі сабе хату побач з бацькоўскай.
— На сяле трэба было працаваць ад відна да відна. Ва ўсякім разе, раней так было. Гэта сёння ў многіх працэсах людзей замяніла тэхніка, а раней усё абапіралася выключна на ручную працу. Дваццаць гадоў адпрацавала на ферме — усе рукі «павыцягвала».
Нягледзячы на тое, што Зінаідзе Уладзіміраўне ўжо восемдзесят пяць, яна не можа сядзець склаўшы рукі: па вясне разбіла каля хаты градкі, пасадзіла трошкі бульбы, наводзіць парадак у кветніку. Вось ужо амаль як дваццаць гадоў, як мужа не стала, і яна стараецца разлічваць толькі на ўласныя сілы. Не, дзеці, вядома, прыязджаюць, дапамагаюць, але не ў правілах працавітай сяльчанкі чакаць, пакуль нешта зробяць за яе.
— Апошнія дзве зімы гасцявала ў дзяцей, — расказвае баба Зіна. — У мяне іх трое: дочкі жывуць у Мінску, сын — у Чэрвені. Сёлета назад, у вёску, не адпускалі. Але хіба ж чалавека сілай утрымаеш, калі хочацца дамоў?!
Да сталічнага жыцця энергічная Зінаіда Уладзіміраўна прызвычаілася хутка (ды і клапатлівыя дзеці, унукі дапамаглі адаптавацца ў вялікім горадзе), тым не менш, покліч каранёў мацнейшы.
— Як гэта ні сумна, жыццё на сыходзе. Хоць тут і людзей няма, няма да каго адазвацца, але ж гэта родныя сцены. На жаль, на сыходзе і жыццё вёскі.

Пакідаем вёску з дваякімі ўражаннямі. З аднаго боку — ап’янелыя ад чыстага паветра, натхнёныя самабытным, амаль некранутым куточкам Пружаншчыны. З другога — з пачуццём суму: разумеем, што з кожным годам на Пружаншчыне становіцца ўсё больш населеных пунктаў, якія, як вось гэтая вёска Апялянавічы, дажываюць свой век.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)