Суббота, 5 октября 2024

Пошта будучыні: як у Пружанах укараняюць нацыянальную паштовую электронную сістэму

823

Шмат вады збегла з часу галубінай і бутэлькавай пошты. І незаўважна сёння стала штодзённым і звыклым многае з таго, што прыдумана пісьменнікамі-фантастамі мінулага стагоддзя. У галіне паштовых паслуг, таксама як і ў розных іншых сферах нашага жыцця, пачалі актыўна выкарыстоўвацца лічбавыя тэхналогіі.
Са студзеня бягучага года вядзецца паэтапнае ўкараненне нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы выкарыстанню апаратна-праграмнага комплексу «Мабільны паштальён», безнаяўныя і наяўныя разлікі, а таксама іншыя паштовыя паслугі з выкарыстаннем плацежных картак і за наяўныя грошы сталі даступнымі ў любым кутку краіны.

Вадзіцель-паштальён Анатоль Фёдаравіч Семянчук за змену наведвае 13 вёсак, іх жыхарам ён не толькі дастаўляе карэспандэнцыю, але і дае магчымасць скарыстацца шырокім спектрам паштовых паслуг.

Усё гэта тычыцца і нашага рэгіёна. Як зазначае начальнік Пружанскага УПС Т.Ф.Ільяшэвіч, у раёне ўсе працоўныя месцы паштальёна аснашчаны неабходнымі ўстройствамі, якія працуюць у рэжыме «анлайн». Гэта дае магчымасць жыхарам любой вёскі, ад Галоўчыц да Варотнага і ад Вінца да Брадоў, нават на парозе свайго дома аформіць падпіску на газеты і часопісы (у тым ліку і на «Раённыя будні», дарэчы), аплаціць паштовыя адпраўленні і грашовыя пераводы, набыць спажывецкія тавары і паштовую прадукцыю. Словам, атрымаць усё тое, што раней было даступна толькі ў населеных пунктах са стацыянарнымі падраздзяленнямі пошты.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік