Понедельник, 2 декабря 2024

Помощник Президента Анатолий Маркевич провел прием граждан в Пружанах

894

7 жніўня Пружаншчыну наведаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Мечыслававіч Маркевіч. Для жыхароў нашага горада і раёна ён правёў “прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян.

З нагоды сваіх праблем звязаліся па тэлефоне з А.М.Маркевічам дзве жыхаркі Пружаншчыны і чацвёра грамадзян іншых раёнаў вобласці. Людзі прасілі садзейнічання ў вырашэнні канфліктнай сітуацыі з суседзямі і ў паляпшэнні жыллёвых умоў шматдзетнай сям’і, ставілі пад сумненне правамернасць звальнення з работы, выказвалі нязгоду з прынятымі рашэннямі па крымінальных справах. 

З праблематычным пытаннем – праезду па вуліцах Пружан веласіпедыстаў – прыйшоў на прыём да памочніка Прэзідэнта жыхар нашага горада. У прыватнасці, ён паскардзіўся  на празмернае, як лічыць, пакаранне, якое выносяць супрацоўнікі Дзяржінспекцыі ў адносінах да веласіпедыстаў, калі тыя з-за немагчымасці бесперашкоднага праезду па тратуарах горада рухаюцца па краі праезнай часткі вуліц. Анатоль Мечыслававіч адзначыў, што дзеля камфортнасці веласіпедыстаў неабходна прыстасаваць гарадское асяроддзе, але з абавязковым забеспячэннем бяспекі  ўдзельнікаў руху. Старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун патлумачыў, што з гэтай нагоды ўжо дадзены распараджэнні і  вызначаюцца вуліцы горада, па якіх веласіпедыстам будзе дазволена ездзіць па краі праезнай часткі. Таксама будзе весціся работа і па паніжэнні заездаў на тратуары. Там, дзе тратуары прыстасаваны для язды на веласіпедах, веласіпедысты змогуць рухацца па іх, дзе не – па краі вуліцы, і за гэта супрацоўнікі ДАІ штрафаваць не будуць. Вынікі маніторынгу будуць надрукаваны ў раённай газеце.

Пажылая жанчына ўзняла асабістае і надзвычай набалелае пытанне ўстаноўкі мяжы зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў горадзе. Па ім суд ужо выносіў сваё рашэнне, але не на яе карысць. Памочнік Прэзідэнта патлумачыў, што адмяніць рашэнне суда ён не мае права, гэта кампетэнцыя толькі вышэйстаячага суда. Аднак  праблему жанчыны не пакінуў без увагі і паабяцаў ініцыіяваць адпаведныя праверкі з гэтай нагоды  абласнымі пракуратурай і землеўпарадкавальнай службай.

Здавалася б, з не зусім звычайным пытаннем – знікнення маёмасці ў ДЮСШ №2 – звярнуўся на прыём адзін з работнікаў гэтай установы. Нягледзячы на тое, што праверкі работнікаў міліцыі і пракуратуры такі факт не пацвердзілі, Анатоль Мечыслававіч распарадзіўся правесці ва ўстанове пазачарговую інвентарызацыю маёмасці.  А з праблемай жыхаркі г.Жабінка, якая таксама прыехала на прыём у Пружаны, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці паабяцаў разабрацца больш дасканала, тым больш што вырашэнне яе пытання – будаўніцтва аб‘екта прыдарожнага сэрвісу на аўтамабільнай трасе —  залежыць ад мноства інстанцый і арганізацый. 

Таксама на прыёме былі ўзняты пытанні медабслугоўвання і ветэрынарнай дапамогі, якія будуць прааналізаваны.

А вось пра магчымыя варыянты паляпшэння жыллёвых умоў, якімі цікавіўся  бацька шматдзетнай сям’і, яму падчас прыёму расказалі адразу. Справа выбару – за самім галавой сям’і.

На здымку: падчас «прамой лініі».

Галіна Каляда. Фота аўтара.