Думаю, што тэлефон «103» ведаюць усе, пачынаючы нават з тых, хто толькі-толькі вывучыў лічбы. З добрымі навінамі гэты нумар не набіраюць: «хуткую медыцынскую дапамогу» выклікаюць тады, калі здарылася бяда. Як жа працуецца медыкам у пастаянна напружанай атмасферы болю і слёз? Каб даведацца пра гэта, як кажуць, убачыць «на свае вочы», карэспандэнты нашай газеты былі ўключаны ў склад адной з экстранных брыгад.
Лічаныя хвіліны на спакой
…Літаральна на першых хвілінах нашага «дзяжурства» паступіў трывожны выклік: пажар у вёсцы Скорцы. Ніякай уводнай інфармацыі, ніякіх тлумачэнняў: на зборы — лічаныя імгненні, і мы едзем на дапамогу пацярпелым. Па прыездзе высвятляецца, што для медыкаў «работы» тут няма, і гэта радуе. Як зазначаюць самі супрацоўнікі, здароўе людзей больш каштоўнае, чым спалены бензін ці страчаны час.
Пасля яшчэ некалькіх выездаў вяртаемся на базу: удаецца крыху адпачыць, бо пакуль выклікаў няма. Як расказвае загадчыца аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі І.У. Плотнікава, у сярэднім на суткі прыходзіцца па 40 выклікаў на ўвесь раён. Але здаралася, што выездаў бывала і па 60-70 за змену, а экіпажы заязджалі на базу толькі на хвіліну, каб папоўніць лекавыя закладкі ў сваіх куфрах.
— Звычайна на вечар і ноч прыходзіцца максімальная колькасць тэлефанаванняў з просьбай аб дапамозе,— расказвае Іна Уладзіміраўна.
Кожнае дзяжурства медыцынскай брыгады доўжыцца 24 гадзіны, а дыспетчара — 12 гадзін. (Прызнаюся, што мы вытрымалі толькі менш за палову вызначанага часу: хапіла ўбачанага і перажытага — ад аўтара.) Але не трэба лічыць супрацоўнікаў «хуткай» нейкімі робатамі: графік работы падзелены такім чынам, каб у людзей была магчымасць адпачыць.
Калектыў аддзялення налічвае 62 чалавекі разам з работнікамі пастоў у пасёлках Шарашэва і Ружаны. На апошніх дзяжураць па адной брыгадзе, а ў райцэнтры ў кожную змену — па тры.
— Транспартам мы забяспечаны поўнасцю,— зазначае загадчыца аддзялення.— Летась атрымалі два новенькія аўтамабілі. А вось людзей, у прыватнасці ў Ружанах, не хапае…
Раптам «хуткая» едзе да вас?
Нашу гутарку перапыняе чарговае тэлефанаванне: «Дапамажыце, калі ласка, бацьку, у якога нешта баліць у грудзях, яму цяжка дыхаць. Прыязджайце на вуліцу Вінаградава, дом…».
На выклік у межах горада экіпаж медыкаў павінен даехаць за 15 хвілін, у вёску — за паўгадзіны. Мы прыехалі без спазнення, хаця і маглі затрымацца, на што былі аб’ектыўныя прычыны. Пра гэта, а таксама пра тое, ці заўсёды ўдаецца ўкласціся ў вызначаны рэгламент, вядзём гутарку з вадзіцелем брыгады «Астра-2» Мікалаем Антонавічам Кабрынцом.
— Значную хуткасць на гарадскіх вуліцах набраць нельга, але гэта не зусім патрэбна, бо працуем не на гоначных балідах,— мяркуе вадзіцель «хуткай».— Але вы самі бачылі, што даводзіцца прытарможваць на кожным «паліцэйскім», каб не пашкодзіць машыну. Ды і не ўсе вадзіцелі адэкватна рэагуюць на аўтамабіль «хуткай». Самі ж назіралі маладога чалавека на «Опелі», які не пажадаў прапускаць нашу машыну. А раптам мы спяшаемся на дапамогу яго маці?
Хаця сітуацыі здараюцца розныя. Як успамінае Мікалай Антонавіч, аднойчы на скрыжаванні ўпоперак дарогі стаў аўтамабіль, які заблакіраваў рух іншым спецыяльна, каб праехала «медыцынская дапамога». Як правіла, так разумна паступаюць людзі ва ўзросце, а моладзь, наадварот, часцяком перашкаджае руху «хуткай».
Яшчэ адна праблема, з-за якой можа затрымацца прыезд брыгады — гэта нумарацыя дамоў. Калі ў шматкватэрных забудовах дамы пазначаны вялікімі нумарамі, некаторыя з якіх яшчэ і свецяцца ў цемры, то ў прыватным сектары можна і згубіцца.
— Вось глядзіце на нумар дома, куды нас зараз выклікалі. З якой адлегласці вы яго бачыце пры святле сонца? Так, далей, чым за два метры, не прачытаць. А што рабіць уначы?
Як успамінае М.А.Кабрынец, два гады таму, калі ён упершыню сеў за руль «хуткай», ледзь не плакаў падчас першых змен: у аўтамабілі не было ні навігатара, які дапамог бы знайсці дарогу, ні відэарэгістратара, запісы якога маглі б прыструніць парушальнікаў ПДР. Дапамагалі навічку больш вопытныя калегі, да якіх ён мог патэлефанаваць нават у 2-3 гадзіны ночы з просьбай патлумачыць дарогу. Праз некаторы час, калі набыў пэўны вопыт, Мікалай Антонавіч усё роўна адзначае, што ў прыватнай забудове горада арыентавацца вельмі цяжка. На яго думку, было б нядрэнна, каб тыя, хто выклікаў «хуткую дапамогу», выходзілі на дарогу сустракаць экіпаж: кожная змарнаваная хвіліна ў такіх сітуацыях дорага каштуе.
Пакуль мы гутарылі з вадзіцелем, яго рацыя раз-пораз уключалася, і дыспетчар даведваўся, ці не вызвалілася брыгада для чарговага выкліку. Як потым расказала загадчыца аддзялення, канкрэтны час на аказанне дапамогі не вызначаецца, галоўнае, каб спецыялісты вырашылі праблему чалавека ці падказалі аптымальнае выйсце.
На гэты раз праблему пажылога гараджаніна давялося выправіць з дапамогай укола, за што мужчына выказаў фельчару падзяку.
Добрыя словы медыкам даводзіцца чуць усё-такі часцей, чым лаянку і брыдкаслоўе. Хаця сустракаюцца і далёка не ветлівыя пацыенты. Часта сустрэчы з імі здараюцца, калі «хуткую» выклікае чалавек у стане падпітку або яго родныя. Медыкам, дарэчы, забараняецца якім-небудзь чынам рэагаваць на абразлівыя дзеянні і словы, але незаслужаная лаянка ўсё-такі асядае ў душы ў кожнага з іх. А потым чарговы пацыент не разумее, чаму фельчар прыехаў да яго без настрою.
— Ці маюць спецыялісты якую-небудзь абарону ад падобных нападаў?— у вольную хвіліну задалі мы пытанне І.У.Плотнікавай.
— Заканадаўча абарона ёсць, але прымяніць яе на практыцы вельмі складана. Гэта супрацоўнікам праваахоўных органаў дастаткова паведаміць аб супрацьпраўных фактах для прыцягнення парушальніка да адказнасці. Нам жа неабходна шукаць сведкаў здарэння,— паведамляе Іна Уладзіміраўна.— А пры паступленні скаргі на нашы дзеянні праверка не прымусіць сябе чакаць…
Там, дзе патрэбна дапамога
Толькі-толькі селі ў машыну, як рацыя зноў «ажыла» і патрабавала неадкладна ехаць у Асятніцу, дзе здарыўся пажар на комплексе. Вадзіцель уключае «музыку» (сірэну), і мы ў гукавым суправаджэнні «ляцім» па горадзе. Хаця і з аглядкай, асабліва на скрыжаваннях, бо не ўсе машыны прыціскаюцца да абочыны, каб прапусціць «хуткую». Толькі прахожыя спыняюцца і глядзяць услед з трывогай у вачах: недзе зноў здарылася бяда.
Да месца здарэння даехалі за 20 хвілін «з хвосцікам». Але пажарныя зноў сказалі, што медыцынская дапамога нікому не патрэбна. Назад вяртаемся крыху павольней, але таксама не затрымліваючыся, бо паступілі новыя выклікі.
Акрамя горада, пружанскае аддзяленне абслугоўвае даволі вялікую зону — ад паўднёвых межаў раёна да Гарадзечна, Стараволі і Кабылаўкі. За астатнія зоны адказваюць Шарашэўскі і Ружанскі пасты. Так што за змену даводзіцца «накручваць» не адзін дзясятак кіламетраў.
«Хуткая дапамога» не дзеля забавы
Перапынак паміж выездамі. Такое бывае за змену зрэдку. У новым будынку, куды нядаўна пераехала «хуткая дапамога», даволі камфортна: тут ёсць пакоі для адпачынку і прыёму ежы. Аднак тыя, хто дзяжурыць, разам збіраюцца зрэдку. Адзін паспявае перакусіць, другі — на невялікі час заплюшчыць вочы, трэці — уголас пачытаць навіны краіны і раёна. Мы карыстаемся зацішнай хвілінай, каб абмеркаваць з І.У.Плотнікавай самыя праблемныя моманты.
— Чаму не ўсе задаволены работай брыгад «103»?
— У асноўным скардзяцца на тое, што прыезд медыкаў неабгрунтавана доўга даводзілася чакаць. Але ж вы самі бачылі, колькі перашкод могуць затрымаць нас у дарозе. Ёсць і іншыя прычыны, сярод якіх самым хвалюючым пакуль застаецца пытанне з безвыніковымі выклікамі.
Сярод апошніх самыя «бясшкодныя» — калі хворага не аказалася на месцы або ён адмовіўся ад медыцынскай дапамогі. Часта звяртаюцца і так званыя «пастаянныя» пацыенты, як правіла, людзі пажылога ўзросту і адзінокія: ім хочацца ўбачыць новага чалавека, пагаварыць з ім, адчуць клопат аб сабе. Словам, ім неабходна тое, чаго іх пазбаўляюць няўдзячныя дзеці.
— А ёсць і іншыя прыклады, як адзін з нядаўніх, калі мужчына з тэмпературай 37,6 выклікаў брыгаду, хаця сам жыве праз дарогу ад бальніцы: маўляў, ён хворы і не хоча сядзець у чэргах. Пры гэтым звыш вызначанага часу давялося чакаць медыцынскую дапамогу маці з Новых Засімавічаў, у дзіцяці якой тэмпература перавысіла рыску ў 39 градусаў.
А між тым, ёсць такія выклікі, на якія трэба рэагаваць неадкладна. Гэта — надзвычайныя сітуацыі, куды адпраўляюцца ўсе бліжэйшыя брыгады. Акрамя таго, рэгіструюцца неадкладныя выклікі, калі ствараецца пагроза чалавечаму жыццю. На іх таксама аўтамабілі выязджаюць першачаргова.
«Перажыўшы» ўсё гэта на працягу толькі некалькіх гадзін аднаго дзяжурства медыкаў «хуткай дапамогі», пераканаўся, што працаваць тут могуць сапраўды адданыя сваёй справе людзі. Тыя, хто імкнецца аказаць дапамогу навакольным.
І пры гэтым работнікі «хуткай» у вольную хвіліну могуць пажартаваць, падзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі, абмеркаваць жыццёвыя пытанні, папрасіць парады ў больш вопытных калег наконт складанай сітуацыі.
На развітанне шчыра ўсім падзякаваў, спадзеючыся, што і мае словы дапамогуць такім людзям захаваць чалавечую дабрыню для чарговых пацыентаў.
На здымках: Загадчыца аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Плотнікава Іна Уладзіміраўна; вадзіцелі «хуткай дапамогі» Андрыенка Рыгор Васільевіч, Самасюк Аляксей Пятровіч і Дакімовіч Андрэй Іванавіч; фельчар па прыёме выклікаў Курачкіна Кацярына Уладзіміраўна; урач Аляксандр Анатольевіч Боб (справа) і фельчар Сяргей Аляксеевіч Дрэжыпоўскі гатовыя дапамагчы чарговаму пацыенту.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).