Вторник, 3 декабря 2024

Регина и Мирослав Цедровски поселились в Андрияновке и планируют открыть гостинично-оздоровительный комплекс c автосервисом

1 452

Яшчэ год таму, праязджаючы па аб’язной дарозе з боку Роўбіцка на Сухопаль, маленькую вёсачку Андрыянаўка можна было і не заўважыць. Патанаючыя ў камуфляжы цёмна-зялёнага хмелю, крайнія домікі цалкам хаваліся ад вачэй. А ў апошнія дні сакавіка гляджу — яны вітаюць падарожнікаў сваімі “капялюшамі”-стрэхамі. Няўжо аб’явіўся гаспадар? Чаму б не збочыць з дарогі і не пазнаёміцца?

Работа ідзе
Пад’язджаем. Бачым, што першая ад павароту сядзіба агароджана паласатай стужкай “STOP: ідуць работы”. І работы, прызнацца, не абы якія. Ачыстка запушчанай тэрыторыі ад старых дрэў, хмызняку і зараснікаў, умацаванне старога бруса сядзібных пабудоў, відавочна, патрабуюць значных намаганняў.
Азірнулася навокал: працы тут — непачаты край! Шыльдачка на высокай таполі “падказвае”, што за такімі як я, няпрошанымі і вельмі цікаўнымі гасцямі, ідзе відэаназіранне. А некалькі пластыкавых бутэлек на галінках бярозкі сведчаць, што новыя гаспадары гэтай андрыянаўскай сядзібы — хутчэй за ўсё госці заморскія: такі спосаб збору бярозавага соку ўбачыла ўпершыню.
— Гэта самы аптымальны варыянт! Бярозка так не пакутуе!
Ад нечаканасці ўздрыгваю і азіраюся на гучныя, але ветлівыя галасы. Каго-каго, але такую экзатычную пару не разлічвала тут пабачыць: жанчына падобна на сапраўдную шамаханскую царыцу, мужчына нагадвае рок-зорку ў стылі Джо Кокера.


Так і пазнаёміліся з Рэгінай і Міраславам Цадроўскі. Аказалася, што ў жылах жанчыны сапраўды цячэ ўсходняя — татара-башкірская кроў, а яе муж увабраў у сябе яркія ўзоры нямецкай, іспанскай, італьянскай і, як пацвярджае выяўлены акцэнт, польскай крыві.

—Ды ў маіх генах палова Еўропы і трошкі Афрыкі! — усміхаецца Міраслаў. — Калі распавесці, то не паверыце: калісьці мае продкі раз’ехаліся па ўсёй зямлі, многія нават за акіян. Прамыя сваякі аселі ў Польшчы. А я разам з сям’ёй вось ужо каля года жыву на дзве краіны. У Беластоку — дом, асноўная праца і старэйшыя дзеці, у Андрыянаўцы — жонка, малодшы сын, які ходзіць у 10-ы клас Сухопальскай школы, і… планы.

У доктара юрыдычных навук, эканаміста (які валодае шасцю мовамі) і прэзідэнта спецыяльнага Фонду па ліквідацыі беспрацоўя Рэчы Паспалітай (накіраванага ў тым ліку на ўзмацненне трансгранічнага беларуска-польскага супрацоўніцтва і арганізацыю новых працоўных месцаў) вялікія планы на будучыню: стварыць у прыпушчанскай вёсцы не проста чарговую аграсядзібу, а цэлы гасцінічна-аздараўленчы комплекс з прыдарожным аўтасэрвісам.

«Сямейны падрад»
Дапамагаюць ажыццявіць мару Міраслава трое сыноў (двое ў Польшчы маюць свой бізнес) і жонка. Рэгіна, між іншым, мае вышэйшую медыцынскую і псіхалагічную адукацыю, у свой час супрацоўнічала з вядучымі медыцынскімі цэнтрамі Польшчы і Германіі.

— Праўда, дзесяць гадоў таму я пакінула афіцыйную медыцыну і цалкам пагрузілася ў вывучэнне альтэрнатыўнай, — прызнаецца жанчына. — Азнаёмілася і вывучыла распрацоўкі кітайскіх і тыбецкіх лекараў, з гэтай мэтай у свой час шмат падарожнічала з мужам па Усходзе. Па спецыяльнасці я касметолаг і гірудатэрапеўт (растлумачу: умею лячыць людзей п’яўкамі). Сёння ў сваіх лячэбных методыках прытрымліваюся натурапатыі, у прыватнасці, фітатэрапіі, паколькі лічу, што лячэнне травамі — гэта самы надзейны і бяспечны метад. А тут, у пушчанскім краі, вельмі добрая “фармацэўтычная” база: хвоя, чабор, чыстацел, скрыпень і іншыя гаючыя расліны. Ды паветра якое чыстае!


— А хіба на польскім баку пушчы паветра больш забруджанае? — задаю Рэгіне прамое пытанне, разумеючы, што гаючае паветра — не галоўная прычына беларускай “аселасці” маіх суразмоўцаў. — Прызнайцеся, чаму для рэалізацыі сваіх планаў выбралі менавіта Беларусь?

— Ёсць такая прымаўка: “Што рускаму добра, то немцу – смерць”. Жарт, вядома. Але! Сёння некаторыя беларусы з’язджаюць з краіны ў пошуках лепшага жыцця. А мы вырашылі даказаць, што жыць і развівацца можна і тут, — адказвае жанчына. — Яшчэ адна з прычын у тым, што маім бацькам, якія жывуць пад Уфой і вельмі сумуюць па ўнуках, прасцей прыязджаць у Беларусь, чым у Польшчу: віза не патрэбна, моўнага бар’еру няма, ды і беларуская культура ім бліжэй. У цэлым Беларусь іншая, чым Еўропа…

— Я адразу Беларусь абраў, — кажа Міраслаў Цадроўскі. — Па родзе службы даводзіцца мець агульныя прафесійныя інтарэсы з людзьмі розных нацыянальнасцей, вы — лепшыя! Беларусы — вельмі добрыя людзі, прыемныя, гасцінныя, працавітыя і міралюбівыя, я б нават сказаў, надзейныя, што немалаважна для развіцця бізнесу, укладання інвестыцый. У пачатку 90-х гадоў пасля распаду Саюза я ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Дзеці ў бядзе” часта бываў у Беларусі і неяк пазнаёміўся з тады яшчэ мала каму вядомым старшынёй аднаго з калгасаў Аляксандрам Лукашэнкам: казаў проста і па сутнасці. Адразу стала зразумела, што ён — чалавек справы і кіраўнік выдатны.

Покліч крыві?
У пошуках дома Цадроўскі аб’ездзілі розныя беларускія вёсачкі, пакуль не прыгледзеліся да маленькай Андрыянаўкі. Цікава, ці не покліч польскай крыві адыграў тут галоўную ролю? Як вядома, менавіта сюды ў 20-х гадах мінулага стагоддзя з цэнтральных раёнаў Польшчы было пераселена нямала былых польскіх вайскоўцаў-асаднікаў.


—Вунь на тых сядзібах у канцы вёскі і зараз жывуць палякі, — нібы прачытаўшы мае думкі, паказвае рукой на суседнія дамы Міраслаў.


— Былыя гаспадары нашага дома, якому, дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца сто гадоў, таксама палякі, — вяртаецца да размовы Рэгіна. — Мы падтрымліваем з імі сяброўскую сувязь. Яны распавядалі, што, да прыкладу, калодзеж наш быў выкапаны ў 1916 годзе і лічыўся ў свой час лепшым у вёсцы. Калісьці праз Андрыянаўку ішоў кавалерыйскі эскадрон, дык вады з нашага калодзежа хапіла напаіць усіх коней… Гаспадары, дарэчы, вельмі набожныя людзі: калі мы ўвайшлі ў дом, то ўбачылі, што ў кожным пакоі вісяць абразы.

Пакінулі іх нам у якасці анёлаў-ахоўнікаў. Мы іх не здымаем, хоць не прытрымліваемся нейкай адной веры, лічачы, што Бог адзін для ўсіх людзей, проста да яго вядуць розныя лесвіцы… Шляхі Гасподнія нязведаны. Не ведаем, як далей складзецца лёс, але спадзяемся, што ўсё будзе так, як мы з Міраславам задумалі.

— Вядома, рана яшчэ загадваць: на рэалізацыю планаў спатрэбіцца некалькі гадоў, мы толькі ў пачатку шляху, — заўважае Міраслаў Цадроўскі. — Але ўжо цяпер хацелася б сказаць дзякуй многім людзям: і суседзям, якія заўсёды прапануюць сваю дапамогу, і кіраўніцтву сельвыканкама, у прыватнасці Міхаілу Яўгенавічу Мартынаву і Святлане Міхайлаўне Кабылкевіч, за падтрымку і разуменне. Спачатку, вядома, быў нейкі недавер з іх боку: хто такія, маўляў, навошта прыехалі. А потым нават тэхнікай дапамагалі. Старшыня сказаў: “Акультурце зямлю, навядзіце парадак, давядзіце ўсё да толку”. І мы стараемся накіраваць Андрыянаўку на новы жыццёвы лад. Пушча, аб’язная дарога, ды яшчэ бязвізавы рэжым — тут ёсць усё неабходнае для развіцця вёскі і, у цэлым, турызму.

— А яшчэ, — падсумоўвае нашу гутарку гаспадыня, — тут ёсць тое, чаго ўжо даўно не ўбачыш у еўрапейскіх вёсках, — дзікая прырода: па начах ваўкі выюць, днём зайцы і казулі на дарогу выбягаюць, балотныя луні над галавой лятаюць . Тут усё першароднае…
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.