Існуе меркаванне, што першае ўражанне заўсёды падманлівае. Але не ў гэтым выпадку. Дзве Вольгі — дзве прыгажуні — з першай нашай сустрэчы пераканалі мяне ў тым, што пасёлак Шарашэва – асаблівае месца на Пружаншчыне, дзе жывуць і працуюць адданыя сваёй справе, выдатныя людзі. І з кожным прыездам сюды ўсё больш і больш расла мая ўпэўненасць ў гэтым…
У мінулым годзе прыгожыя і добразычлівыя бібліятэкары Вольга Уладзіміраўна Фасевіч і Вольга Трафімаўна Крэйдзіч па выкананні планавых паказчыкаў вывелі сваю ўстанову ў лік найлепшых бібліятэк раёна.
На абедзвюх жанчын — больш за паўстагоддзя “бібліятэчнага” стажу. Шмат гадоў і заўсёды са шчырымі ўсмешкамі яны сустракаюць сваіх чытачоў і разам з выкладчыкамі ДШМ, якія працуюць побач, паверхам вышэй, ствараюць у агульным будынку сапраўдны культурны “аазіс” пасёлка. Без іх не абыходзіцца сёння ні адно свята…
Вольга Фасевіч родам з в. Мурава. Пасля заканчэння школы вучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, а атрымаўшы чырвоны дыплом, адразу паступіла ў Мінскі інстытут культуры. Пачынала свой працоўны шлях Вольга Уладзіміраўна ў Ружанскай бібліятэцы. Памятаюць жанчыну і наведвальнікі чытальнай залы Пружанскай цэнтральнай бібліятэкі, дзе яна працавала да 1992 года. І вось ужо чвэрць стагоддзя Вольга Уладзіміраўна жыве ў пасёлку Шарашэва і прывівае любоў да кніг яго жыхарам.
Яе калега Вольга Трафімаўна прыехала з Украіны. Таксама на выдатна скончыла Магілёўскі тэхнікум і ў 1989 годзе была размеркавана на Пружаншчыну. Праз некалькі гадоў у Шарашэве і перасякліся шляхі жанчын. У той час мясцовая бібліятэка знаходзілася па вул. Леніна (зараз у тым будынку – малітвены дом). Былы дырэктар пасялковага Дома культуры і вольнага часу Г.М. Фасевіч прывабіў жанчын у самадзейнасць. З таго часу дзве Вольгі-сяброўкі паспяваюць і з кнігамі працаваць, і музыкай захапляцца.
Шарашэўскія бібліятэкары супрацоўнічаюць не толькі з ДШМ і Домам культуры, але і са школай, і з мясцовым аддзяленнем “Беларускага саюза жанчын”. Вольга Уладзіміраўна і Вольга Трафімаўна нават стварылі пры сваёй установе клуб “Сяброўка Восень” для жанчын пенсіённага ўзросту, якія прыходзяць у бібліятэку на музычна-пазнавальныя духоўныя вечарыны, прымеркаваныя да вялікіх хрысціянкіх святаў: Вялікадня, Ражства, Пакроваў… Акрамя таго, удзельніцы клуба з задавальненнем ладзяць і іншыя імпрэзы (напрыклад, «Свята Кветак») з танцамі і чаяваннем.
Таксама пры бібліятэцы дзейнічаюць дзіцячы клуб “Лесавік” экалагічнага накірунку і «Школа карысных навук» для старшакласнікаў, дзе яны абмяркоўваюць самыя розныя тэмы.
— Гэта ж не крама, дзе чарга стаіць, і трэба як мага хутчэй абслугоўваць кліента, — кажуць бібліятэкары. — Нашым чытачам хочацца пагаварыць пра ўсё, а не толькі пра кнігу: паведаміць навіны, падзяліцца добрым настроем ці даць параду. Некаторыя нават жыццёвымі праблемамі дзеляцца. Мы заўсёды ўсіх выслухоўваем. Гэтага патрабуе сумленне…
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.