З 13 чэрвеня Польшча ўвяла на мяжы з Беларуссю буферную зону. Што гэта такое, з чым яе ядуць? І, галоўнае, навошта? Давайце паспрабуем разабрацца.
Мы неаднойчы расказвалі аб праблемах на беларуска-польскай мяжы з-за спроб мігрантаў трапіць у Еўрасаюз. Нагадаем, што імкнуцца гэта зрабіць выхадцы з Афганістана, Сірыі, Ірака, Емена і іншых краін, дзе вядуцца баявыя дзеянні. Спробы выкліканы пошукам лепшай долі, чым тая, якую ім навязалі дабрадзеі, распачаўшыя гэтыя войны. А іх жа папярэджвалі, каб не лезлі са сваімі «дэмакратычнымі» каштоўнасцямі туды, дзе іх гэта рабіць ніхто не запрашае. Ім гаварылі разумныя палітыкі, што захлынуцца ў бежанцах. Так яно і ёсць.
Праглядваючы зводкі здарэнняў, якія раз-пораз рэгіструюцца ў Пружанскім РАУС, звяртаеш увагу на паведамленні пра выезды опергрупы на апазнанне чарговага трупа, які быў знойдзены каля мяжы на беларускім боку. У большасці выпадкаў на целах іншаземцаў неславянскага паходжання былі выяўлены значныя пашкоджанні, многія несумяшчальныя з жыццём. Польскі бок абвінаваціў у эскалацыі напружання на мяжы Беларусь, нібыта мы «спецыяльна самалётамі завозім у Беларусь мігрантаў і накіроўваем перайсці мяжу з Еўрасаюзам». Такая вось гібрыдная вайна. У такую бязглуздзіцу нават самі палякі не вераць. Але фэйк запушчаны і гуляе па прасторы.
Дык якія ж перадумовы ўзніклі для стварэння буфернай зоны шырынёй ад 200 метраў да 2 кіламетраў? Як паведамлялі сродкі масавай інфармацыі, напрыканцы мая мігрант, які спрабаваў перайсці мяжу, смяротна параніў польскага ваеннага нажом, прывязаным да палкі. Ніхто не апраўдвае забойства, гэта трагедыя. І вядомы руса-беларусафоб, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ўручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Польшчы.
Як расказвае ў сваім блогу адвакат Томаш Шміт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі з-за нязгоды з палітыкай польскага ўрада, міністр Сікорскі, уручаючы ноту пратэсту, наўмысна апускае факт разрыву ў аднабаковым парадку польскім бокам некалькі год таму супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях аховы правапарадку, прававой дапамогі і дыялогу паміж пагранічнымі ведамствамі. Беларусь гатова аднавіць супрацоўніцтва, але для гэтага неабходны перагаворы, а ўрад у Варшаве не праяўляе жадання іх праводзіць. Уручэнне дыпламатычнай ноты толькі палітызуе гэтую канкрэтную праблему і не садзейнічае яе вырашэнню. Такая афіцыйная пазіцыя была агучана ў заяве прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Анатоля Глаза.
«У той жа час польскі ўрад прыняў дзеянні, накіраваныя на змяненне правіл прымянення агнястрэльнай зброі на граніцы паміж Польшчай і Беларуссю. У адпаведнасці з прапанаванымі змяненнямі, агнястрэльную зброю можна будзе прымяняць супраць бежанцаў нават у сітуацыях, калі няма пагрозы жыццю і здароўю супрацоўнікаў пагранічнай службы і салдат.
Беларускі бок звяртае ўвагу на парушэнні правоў чалавека, учыненыя польскімі пагранічнікамі ў адносінах да бежанцаў. Гэта таксама пацвярджаюць польскія грамадскія актывісты, такія як Марыя Зланкевіч (НУА «Група Граніца», якая аказвае гуманітарную дапамогу бежанцам), і самі салдаты.
Важна адзначыць, што на польска-беларускай граніцы функцыянуе не толькі пагранічная служба, але і ваенная. Салдаты расказваюць, што пры затрыманні бежанцаў праводзіцца вобыск, бежанцы абезрухоўліваюцца і больш не ўяўляюць патэнцыяльнай пагрозы. Прыязджаюць пагранічнікі, вязуць бежанцаў у закрытыя месцы, дзе над імі чыняць катаванні. Бывае і так, што пагранічнікі не звяртаюць увагі на прысутнасць салдат і пачынаюць збіваць і катаваць бежанцаў у іх на вачах. Польскі сацыёлаг і публіцыст Якуб Бяжыньскі афіцыйна заявіў, што яму вядома як мінімум пра 50 бежанцаў, забітых польскім бокам. Урад у Варшаве наўмысна нагнятае абстаноўку на граніцы, рэалізуючы мэты гібрыднай вайны. У той жа час сродкі масавай інфармацыі мабілізуюцца, каб прадставіць Беларусь і Расію ў самым нявыгадным становішчы. Машына дэзынфармацыі працуе на поўных абаротах», — піша ў сваім блогу Томаш Шміт.
Дык каму гэта патрэбна, народу Польшчы ці яе ўраду, які так добра выконвае заданні «амерыканскага абкама»? Не дайшло б да стрэлаў…
Віктар Ільюшчанка