Цукровыя буракі ў раёне вырошчваюць чатыры спецыялізаваныя гаспадаркі: ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Вялікасельскае Агра», «Мурава». Усе яны забяспечаны адпаведным наборам тэхнікі для сяўбы, догляду і ўборкі гэтай тэхнічнай культуры. Сёлета бураковыя плантацыі ў раёне займаюць 1200 гектараў.
У ААТ «Агра-Калядзічы» вырошчваннем цукровых буракоў сур’ёзна займаюцца шмат гадоў і маюць неблагі вопыт у гэтай справе. Сёлета пад культуру было адведзена 250 гектараў.
Да ўмоў росту цукровыя буракі прад’яўляюць высокія патрабаванні. Гэта культура, якой патрэбна святло, вільгаць і цяпло. Але і занадта высокія тэмпературы не на карысць: яны прыгнятаюць расліны і выклікаюць хваробу лісцяў. З-за гэтага мінулы засушлівы год быў няўдалым для буракаводаў сельгаспрадпрыемства. Валавы збор салодкіх караняплодаў склаў усяго толькі 8,9 тысячы тон пры ўраджайнасці 253 цэнтнеры з гектара — і гаспадарка не атрымала прыбытку ад вырошчвання цукровых буракоў.
Сёлета сітуацыя не такая крытычная. Хоць і ў бягучым годзе асобныя палеткі пацярпелі ад засухі. З аднаго гектара пакуль у сярэднім атрымліваецца каля 39 тон салодкіх караняплодаў. Валавы збор чакаецца большым, чым ў мінулым годзе, хоць пасяўныя плошчы і скараціліся на сотню гектараў.
Увесь верасень на бураковых плантацыях гаспадаркі кіпіць напружаная праца.
— Убіраем буракі па графіку, узгодненаму з цукровым заводам, — гаворыць галоўны аграном Л.У.Чарняк.
У першыя тыдні верасня да закупачнай цаны была ўстаноўлена 20-працэнтная надбаўка. У канцы месяца яна зменшылася да 10 працэнтаў, але працягвала дзейнічаць да кастрычніка.
Выручка з кожнай тоны рэалізаваных салодкіх каранёў, прымаючы пад увагу надбаўкі, перавысіць 80 тысяч недэнамінаваных рублёў. Тут таксама трэба ўлічваць яшчэ і надбаўку за цукрыстасць, якая перавышае базісныя 16%.
Уборку цукровых буракоў у адпаведнасці з графікам у ААТ «Агра-Калядзічы» плануюць весці на працягу кастрычніка, разлічваючы пры гэтым узняць ураджайнасць яшчэ на некалькі дзясяткаў цэнтнераў.
Даручана ўбіраць цукровыя буракі вопытнаму механізатару Віктару Чэрніку, які ўжо шмат гадоў шчыруе на самаходным буракаўбо рачным камбайне «Холмер». Пагрузку караняплодаў з буртоў у кузавы аўтамабіляў забяспечвае Аляксандр Басак пагрузчыкам «Кляйне». Па стану на 3 кастрычніка з палеткаў гаспадаркі на цукровы завод у Жабінку было дастаўлена звыш 6 тысяч тон салодкіх караняплодаў.
Але буракі — гэта не толькі цукар. Таварыства пасля перапрацоўкі сыравіны атрымлівае жамярыны і патаку для жывёлагадоўлі.
На здымках: уборка цукровых буракоў паблізу вёскі Дабучын; шмат гадоў убірае цукровыя буракі камбайнам «Холмер» механізатар В.А.Чэрнік; пагрузку салодкай сыравіны забяспечвае механізатар А.У.Басак; на перавозцы буракоў заняты вадзіцель В.В.Прытульчык; дапамагаюць гаспадарцы на бураковай плантацыі жыхары Новых Засімавічаў С.А.Логіс, В.В.Крук, Г.С.Калеснікава.
Мікола АРХУЦІК,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)