Развіццё сучасных тэхналогій, іх разнастайнасць і даступнасць даюць сучаснаму чалавеку магчымасць хутка атрымаць любую інфармацыю, знаёміцца і мець зносіны, здзяйсняць пакупкі, аплачваць паслугі. Інтэрнэт стаў неад’емнай часткай нашага жыцця.
Але гэтак жа, як і ў рэальным жыцці, у віртуальным асяроддзі ўчыняюцца злачынствы, колькасць якіх штогод павялічваецца. Махлярства, вымагальніцтва, крадзеж грашовых сродкаў, распаўсюджванне вірусаў, парнаграфія, гандаль наркотыкамі — вось далёка не поўны пералік злачынстваў, якія могуць быць учынены з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Што неабходна ведаць, каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў?
Ашуканцы пастаянна знаходзяць новыя спосабы падману даверлівых грамадзян. Калі вы купляеце тавары або аплачваеце паслугі ў сетцы, заўсёды прысутнічае рызыка стаць ахвярай, асабліва калі «здзелка» праходзіць па схеме: спачатку грошы, потым тавар. З найболей распаўсюджаных (класічных) схем варта згадаць наступныя.
Не шанцуе з каханнем у жыцці…
«Значыць, трэба яго шукаць у віртуальнай прасторы»,— вырашыла жыхарка горада Таццяна і пачала праглядаць запыты ад патэнцыяльных жаніхоў. І сярод кандыдатаў больш за ўсё шукальніцы шчасця падабаліся тыя, якія жывуць па-за межамі Беларусі. Хутка быў выбраны «самы-самы» Джон: ён і багаты, і жыве ў Штатах. Ды і сама Таццяна падыходзіць яго патрабаванням. Завязалася электронная перапіска з віртуальным жаніхом. Усе спробы пагаварыць па тэлефоне або скарыстацца той жа магчымасцю звязацца праз галасавыя інтэрнэт-праграмы ці шляхам відэазванкоў па нейкіх прычынах (дрэнная сувязь, праблемы з наборам нумара, слабы інтэрнэт ці невалоданне адпаведнымі навыкамі) пастаянна адкладваліся Джонам. Хаця Таццяна на падобныя адгаворкі ўвогуле не звяртала ўвагі: галоўнае, каб каханы не забываўся пра яе, у чым той і пераконваў даверлівую жанчыну. І не толькі словамі: праз месяц Джон вырашыў зрабіць сваёй абранніцы жыцця каштоўны падарунак. Ды толькі не асабіста, а праз паслугі пошты. Так будучы жаніх адпраўляе сваёй «нявесце» каштоўную пасылку, якая раптоўна па не вельмі зразумелых прычынах не змагла дайсці да атрымальніцы. Напрыклад, спачатку Джон паведаміў, што «няма дастаўкі па РБ», потым падарунак затрымалі на мытні і іншыя.
«Але, каханая мая, усё рашаецца лёгка, толькі патрэбны твой удзел»,— у адным з пісьмаў паведаміў «інтэрнэт-жаніх». І патлумачыў: Таццяне неабходна толькі пералічыць 500 долараў ЗША на віртуальны кашалёк і спецыяльна наняты кур’ер усё даставіць. Тым больш што не за гарамі, як ёй здавалася, сямейнае шчасце, а значыць, у жанчыны не толькі з’явіцца багаты муж, але і вырашацца матэрыяльныя праблемы.
Трэба адзначыць, што гараджанка яшчэ нязначна пацярпела, страціўшы не такую істотную суму, як іншыя. Напрыклад, брастаўчанка, якую таксама ашукалі, пералічыла ажно 16 тысяч долараў ЗША. Але фінал падобных гісторый адзін: пасля атрымання грошай жаніхі адразу знікалі.
Пацярпелая звярнулася ў праваахоўныя органы, якія змаглі ўстанавіць, што электронны адрас, па якім вялася перапіска, быў зарэгістраваны ў Камеруне і, відавочна, ніякі Джон Сміт там не жыве.
Некаторыя ашуканцы дзейнічаюць яшчэ прасцей: на электронны адрас дасылаюць пісьмо, напрыклад, аб тым, што «ў ЗША памёр ваш сваяк, які пакінуў у спадчыну 16 мільёнаў долараў ЗША. І для афармлення неабходных дакументаў адвакацкая кантора возьме толькі адну сотую працэнта, якую трэба пералічыць на рахунак…». І некаторыя пералічваюць, не разумеючы, што іх проста падманваюць.
Зразумела, што падобныя справы выкрыць практычна немагчыма, у рэдкіх выпадках удаецца толькі «па гарачых слядах» адмяніць аперацыю па пералічэнні грошай і вярнуць іх пацярпеламу. Але ж ці залечыць гэта разбітае сэрца?
Жадаеце набыць аўтамабіль?
І мяркуеце зрабіць гэта ва Украіне або Расіі? Не бяда: мы зной-дзем кур’ера, які прыгоніць аўтамабіль у вашу краіну. Неабходна толькі пералічыць пэўную суму, каб пацвердзіць свае сур’ёзныя намеры.
Здаецца, што ў такое яўнае махлярства наўрад ці хто паверыць. Але ж… Па дапамогу ў праваахоўныя органы звярнуўся пружанец, які вырашыў набыць аўтамабіль у Германіі. І ўладальнік паабяцаў, што за 100 еўра знойдзе вадзіцеля, які перагоніць машыну патэнцыяльнаму пакупніку. Нават тое, што грошы закладу (прыкладна 300 еўра) неабходна было пакласці на электронны адрас чамусьці ў расійскіх рублях, не стала падставай для сумненняў. Заканамерны вынік: так ашукалі яшчэ адну ахвяру.
Такія ж гісторыі здараюцца з тымі, хто жадае набыць кватэру ці дом за мяжой, калі нейкая натарыяльная кантора дапаможа «на адлегласці» аформіць усе патрэбныя дакументы. Бываюць і іншыя сітуацыі, аднак усе яны заканчваюцца аднолькава сумна.
Як аплаціць штраф Міністэрству ўнутраных спраў?
Пра падобныя гісторыі раённая газета паведамляла ўжо не адзін раз. І па-ранейшаму практычна штогод рэгіструюцца звароты ад пацярпелых. Жыхарка горада звярнула ўвагу на рэкламную спасылку ў сацыяльных сетках, дзе абяцалі расказаць пра «апошнія словы Алега Табакова». Пры пераходзе на новы вэб-адрас на экран манітора выскачыла таблічка з пагрозлівым тэкстам: «За наведванне парнаграфічнага кантэнту ваш камп’ютар часова заблакаваны, і, згодна з арт.278 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, вы павінны аплаціць штраф у памеры 75 рублёў у Міністэрства ўнутраных спраў на рахунак…». Сумленная грамадзянка выканала ўсё, што патрабавалася, а калі зноў уключыла камп’ютар, то, як ёй здалося, усё спраўна запрацавала. І толькі праз месяц, калі зноў выскачыла такое ж паведамленне, зразумела, што стала ахвярай махляроў. Муж пасмяяўся і проста адключыў і зноў падключыў інтэрнэт, дзякуючы чаму пазбавіўся ад ілжэпаведамлення. А жонка пайшла з заявай у міліцыю.
***
Як паказвае назіранне за сусветнай павуцінай, махляры пастаянна прыдумваюць новыя спосабы ашуканства. Найбольш папулярныя сёння — інвестыцыі, замежныя праекты, фінансавыя піраміды, навучанне біржавому гандлю, латарэі, нечаканая спадчына… Адзначаецца таксама значны рост колькасці зваротаў грамадзян па фактах узлому старонак сацыяльнай сеткі «Вконтакте», завалодвання рэквізітамі банкаўскіх плацёжных картак або рэквізітамі доступу да паслугі «інтэрнэт-банкінг», што прыводзіць да крадзяжу грашовых сродкаў. Па дадзеных фактах толькі ў Брэсцкай вобласці ў 2017 годзе ўзбуджана больш за 100 крымінальных спраў, а сёлета гэты рэкорд ужо пабіты!
Адзіная абарона ад ашуканства ў інтэрнэце — памятаць, што толькі асцярожнасць і недаверлі-васць «шчырым» прапановам «бясплатнага сыру» дапамогуць не трапіць у спіс ахвяр. Будзьце пільнымі.
Ігар Амельянчук, намеснік начальніка РАУС.