Два гады таму пагранічныя войскі Беларусі адзначылі свой 100-гадовы юбілей. Нягледзячы на такі «важкі» ўзрост, гэты род войскаў нашай Айчыны заўсёды лічыцца самым маладым: менавіта тут запатрабаваны энергія і спрыт юнацтва. Бо і ў мірныя часы беларускія пагранічнікі знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці.
Тое ж самае характэрна і для заставы «Перароў» імя Рыгора Кафанава. Як расказвае намеснік начальніка старшы лейтэнант А.У.Ярмашук, кожны дзень вызначаецца сваімі падзеямі, перашкаджаючы службе пераўтварыцца ў руціну. Ахова дзяржаўнай граніцы на ўчастку даўжынёй амаль 15 кіламетраў, а таксама на памежнай тэрыторыі глыбінёй да 30 км не спыняецца ні на мінуту. Вядзецца пастаянны электронны і непасрэдны нагляд за захаванасцю суверэнітэту рэспублікі, ствараюцца непераадольныя перашкоды супраць незаконнай міграцыі. Кругласутачна выходзяць пагранічныя дазоры, нягледзячы на час сутак або надвор’е.
На заставе склаўся асаблівы распарадак дня. Зразумела, пэўны час адводзіцца сумесным мерапрыемствам, падчас якіх гартуецца баявы калектыў. Да такіх можна аднесці і страявую падрыхтоўку, фізічныя трэніроўкі, навучанне баявым элементам нясення пагранічнай службы. Кожны тыдзень падчас правядзення сумесных заняткаў вызначаюцца лепшыя следапыт, стралок, майстар баявой падрыхтоўкі і іншыя з занясеннем на мясцовую Дошку гонару і адпаведным узнагаро-джаннем, напрыклад, у выглядзе дабаўкі да 10 дзён водпуску. Гэта неабходна: маладыя хлопцы з розных куткоў Беларусі за кароткі час павінны стаць адзіным атрадам, дзе інтарэсы аднаго будуць абараняць усе. Дарэчы, у «Перарове» зараз служаць ураджэнцы Івацэвіч, Бярозы, Брэста, Мінска. Ёсць і нашы землякі з Пружаншчыны.
Але з-за начных дзяжурстваў кожны баец потым мае права на васьмігадзінны адпачынак, які камандзіры маюць права перарваць толькі на абед. Ці, зразумела, у выпадку трывожнай сітуацыі, на якую тэрмінова рэагуе ўся застава цалкам. Нехта выкарыстоўвае вольны час на сон, а можна паглядзець тэлевізар або заняцца самападрыхтоўкай.
У пакоі вольнага часу і інфармавання (так цяпер называецца былы вучэбны клас) ёсць усё неабходнае, пачынаючы ад літаратуры на папяровых носьбітах і заканчваючы вылічальнай тэхнікай. Гэта неабходна, каб на належным узроўні падтрымліваць вайсковую адукаванасць ваеннаслужачых, праводзіць заняткі па патрыятычным і ідэалагічным выхаванні. Асаблівая ўвага надаецца вучобе тых, хто толькі прыйшоў на службу. Папярэдне навабранцы прахо-дзяць навучанне ў спецыяльных цэнтрах, а на заставе больш знаёмяцца з практыкай. Потым яны размяркоўваюцца па пагранічных спецыялізацыях — вадзіцель, кінолаг і гэтак далей. Абавязкова за навічком замацаваны старэйшы таварыш, які павінен перадаць вопыт. І абавязкова прыняць залік, вынікі якога заносяцца ў асабістыя дакументы ваенна-служачага. Гэта патрэбна для таго, што пасля тэрміновай службы ёсць жадаючыя ісці на кантрактную. І такіх нямала, што асабліва бачна 28 мая, на Дзень пагранічніка, калі на заставу з’язджаюцца тыя, хто праходзіў тут тэрміновую службу 10, 20 і больш гадоў таму. Некаторыя з іх маюць высокія званні і служаць у Дзяржаўным пагранічным камітэце Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ адна асаблівасць пагранічнай заставы — максімальная аўтаномнасць, згодна з якой ваенны гарадок забяспечаны практычна ўсім неабходным для забеспячэння належнай службы і адпаведных бытавых умоў. Сюды толькі хлеб перыядычна завозяць, усё астатняе маецца непасрэдна на месцы. У падсобнай гаспадарцы нават свой парнік ёсць для забеспячэння свежай зелянінай. Свая кацельня, свая добра-ўпарадкаваная лазня з басейнам, дзе кожную суботу салдатам даецца магчымасць сапраўды адпачыць ад армейскіх будняў.
— Гэтаму папярэднічае гаспадарчы час, калі усе свабодныя ад службы прымаюць удзел у навядзенні парадку на тэрыторыі і ў памяшканнях,— гаворыць старшына У.Э.Радзькоў.— Незалежна ад таго, з якой хуткасцю яны справяцца з задачай, да 21 гадзіны маюць магчымасць адпачыць. Зразумела, што ўсе зацікаўлены зрабіць свае справы як мага хутчэй.
На пагранзаставе «Перароў» існуюць свае, мясцовыя, традыцыі. І гэта нягледзячы на тое, што рэгулярна абнаўляецца асабовы састаў і ваеннаслужачых, якім больш за 40 гадоў, практычна немагчыма сустрэць. Напрыклад, памяць героя-чырвонаармейца, імя якога носіць пагранзастава, тут сапраўды жыве. Кожнае маладое папаўненне даведваецца пра подзвіг салдата. Шмат дакументаў і артэфактаў тых трагічных часоў сабрана ў пакоі баявой славы. А яшчэ ў адным з пакояў казармы ёсць ложак Рыгора Кафанава, які навечна «замацаваны» за загінуўшым героем.
Дарэчы, сам музей мясцовых пагранічнікаў умоўна можна падзяліць на некалькі частак. Тут сабрана нямала рэчаў — сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, якія знойдзены на ахоўваемай прыгранічнай тэрыторыі. Ёсць і вялікая выстава, складзеная з падарункаў гасцей, што пабывалі на заставе «Перароў». Сярод іх — першыя асобы нашай рэспублікі, госці з Малдовы, Украіны, Расіі, Казахстана і іншых краін блізкага замежжа.
Ёсць на заставе і час на святы. Першае з іх праводзіцца адразу, як прыходзяць навабранцы. На агульным мітынгу яны даведваюцца пра традыцыі, а таксама расказваюць пра сябе. Пасля гэтага праводзіцца рытуал баявога разліку, калі маладое папаўненне атрымлівае зброю. А ўвечары ўсе збіраюцца за святочным сталом. Яшчэ ёсць рытуал першага выхаду на ахову дзяржаўнай граніцы. Абавязкова адзначаюцца ўсе дзяржаўныя падзеі і асаблівыя даты — на заўтра тут таксама запланавана святочная вячэра з салодкімі стравамі. Адзначаюцца і царкоўныя святы, падчас якіх пагранічнікі, свабодныя ад нясення дазораў, наведваюць храм у Камянюках.
Але ў кожнага салдата ёсць і свае, асаблівыя, дні, напрыклад, калі прыходзіць пошта з малой радзімы.
— Мабільнікі ў нас тут забаронены, ёсць толькі таксафон. Так што байцы ў нас нанова асвойваюць мастацтва эпісталярнага жанру, якое сучасная моладзь, напэўна, ужо забыла. І трэба сказаць, даволі паспяхова, нават тыдня не праходзіць, каб нехта не адпраўляў або не атрымліваў ліст ад родных і каханых,— смяецца Андрэй Уладзіміравіч Ярмашук.
Як бачна, служба ў пагранічнікаў наладжана такім чынам, каб пасля выканання свайго абавязку абаронцы Айчыны хлопцы дэмабілізаваліся сапраўднымі мужчынамі, у якіх і рукі растуць, адкуль павінны, і галава ёсць на плячах. А яшчэ яны праходзяць сапраўдную школу грамадзяніна, атрымліваюць каштоўную навуку, якую памятаюць усё жыццё.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).