Понедельник, 21 апреля 2025

Подзвігу сувязістаў прысвячаецца

364

У маі гэтага года мы будзем святкаваць 80-годдзе Вялікай Перамогі. Да гэтай значнай падзеі 24 сакавіка ў Ліноўскай сярэдняй школе было прымеркавана ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай подзвігу воінаў-сувязістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На мерапрыемстве прысутнічалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, ваенны камісар Кірыл Шаўчэнка, начальнік вузла сувязі 127 брыгады сувязістаў Аляксандр Яхнавец, прадстаўнікі ваенна-гістарычнага клуба «За Радзіму», старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань, ветэран міліцыі Мікалай Замковіч, выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Віраж», міратворцы, навучэнцы і педагогі.

Пра воінаў-сувязістаў напісана і сказана не так многа, хаця адной з галоўных задач у першыя дні вайны стала арганізацыя сувязі для кіравання краінай і баявымі дзеяннямі войскаў. Ад дакладнай работы сувязістаў залежалі хуткасць і своечасовасць перадачы данясенняў, распараджэнняў, загадаў і каманды. Таму ад іх дзеянняў на вайне часта вызначаўся поспех бітвы і ўсёй аперацыі. Подзвіг сувязістаў асаблівы, далёкі ад знешніх эфектаў. Не варта забываць і пра тое, што сярод іх было нямала жанчын, якім, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, даводзілася цягаць на сабе апаратуру, якая важыла часам столькі ж, колькі і самі дзяўчыны.

Сярод воінаў-сувязістаў былі і нашы аднавяскоўцы — Акім Майсеевіч Кавалевіч і Анастасій Захаравіч Ратушынскі. Старшы лейтэнант Акім Кавалевіч падчас фарсіравання ракі Радамка і прарыву ўмацаванай лініі абароны праціўніка на правым беразе, у раёне населенага пункта Сталуўка, 27 жніўня 1944 года вызначыўся асабістай мужнасцю і самаадданасцю ў наступальным баі. Ён пад варожым агнём некалькі разоў аднаўляў пашкоджаны провад, а таксама ўмела кіраваў сувяззю роты з падраздзяленнямі, што спрыяла поспеху. За час вайны быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За абарону Сталінграда», ордэнам Чырвонай Зоркі.

Аб усім гэтым і многім іншым мы пазналі, пабываўшы на адкрыцці экспазіцыі. А таксама пазнаёміліся з ваеннай апаратурай сувязі тых часоў, асабістымі рэчамі воінаў-сувязістаў, баявымі ўзнагародамі ветэранаў і іншым. Шмат у чым гэта стала магчыма, дзякуючы захапленню настаўніка інфарматыкі нашай школы Аляксандра Гука і дырэктару Алене Макарэвіч, якая падтрымала і развіла ініцыятыву педагога.

Адкрыццё гэтай экспазіцыі стане яшчэ адным унёскам у стварэнне кнігі памяці «Ніхто не забыты», над якой працуюць настаўнікі і вучні нашай школы.


Анастасія Гардзіеўская, юны карэспандэнт
Ліноўскай СШ.

Фота Кацярыны Масік