Воскресенье, 20 апреля 2025

Подведены итоги районной олимпиады по финансовой грамотности

1 331

Гімназісты — фінансавыя асы

Гэта пацвердзіла раённая алімпіяда па фінансавай адукаванасці, якая нядаўна праводзілася ва ўстановах адукацыі па ініцыятыве ААТ «ААБ Беларусбанк»: два прызавыя месцы заваявалі вучні гімназіі.
Як расказвае Вікторыя Замулка, вучаніца 11 «Б» класа, дзякуючы падрыхтоўцы, якую праводзілі настаўнікі гімназіі, прачытаным кнігам і дадатковым матэрыялам, адказваць на падрыхтаваныя пытанні алімпіяды было не вельмі складана. Як правільна выбраць крэдыт і падлічыць свае выдаткі па ім, што трэба ведаць аб планаванні ўласнага бюджэту і ці можна пабагацець праз аперацыі з акцыямі і іншымі каштоўнымі паперамі — гэта разбіралі вучні старэйшых класаў, якія вырашылі паўдзельнічаць у алімпіядзе. «На ўдачу» не даводзілася разлічваць — толькі на атрыманую базу ведаў. Па выніках алімпіяды Вікторыя Замулка і набрала большую за іншых удзельнікаў колькасць балаў (77), што і прынесла ёй перамогу.
Другое месца заняў вучань 11 класа Мураўскай СШ Максім Ярмолік, які літаральна на паўбала абышоў гімназіста Арцёма Мацкевіча, вучня 10 «Б» класа, які замкнуў кола прызёраў.
За першае і другое месцы арганізатар алімпіяды ўручыў удзельнікам сярэбраныя манеты наміналам 20 рублёў і рэальным коштам утрая большым. За трэцяе месца належала медна-нікелевая манета, прычым прадстаўнікі банка даведаліся, пад якім задыякальным знакам нарадзіўся прызёр, і ўручылі яму «імянную» ўзнагароду з калекцыі манет «Знакі задыяка». Асобныя падарункавыя камплекты, у якія ўваходзілі сувеніры, карысная літаратура і праграмныя дапаможнікі на адпаведную тэматыку, разам з дыпломамі былі ўручаны пераможцам і ад раённага аддзела па адукацыі.
НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара ЦБП «Беларусбанк» М.Э. Свістун
і дырэктар гімназіі А.К. Момлік разам з «фінансавымі асамі».
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *