Понедельник, 2 декабря 2024

«Подшефный» аист, или Килька от редакции

1 120

Пра тое, што трэба ратаваць буслоў, якія па нейкіх прычынах не паляцелі ў вырай і засталіся на Пружаншчыне, нашы жыхары пачалі біць у званы яшчэ ў канцы мінулага года. Першым з гэтай нагоды патэлефанаваў у рэдакцыю жыхар в.Сухаўшчына, які бачыў адзінокага бусла ў наваколлі вёскі. Затым такі сігнал паступіў з Вялікіх Якавіч. Жыхарка гэтай вёскі Анастасія Іванаўна, якая без слёз не магла глядзець на адзінокую птушку, што цуралася людзей, але таксама трымалася вясковых падворкаў, прасіла:
—Каб хто дапамог злавіць бусла, трымала б яго разам з курамі ў куратніку, а то ж снег, мароз на вуліцы…
Падобнае тэлефанаванне паступіла і ад чуллівага жыхара в. Папялёва Аляксандра Васільевіча: прыстанішча бусел знайшоў на коміне хаты.
—Душа баліць, гледзячы на гэтую мокрую і брудную птушку, — скардзіўся чалавек. — А як ёй дапамагчы?
Што кажуць, апошняй кропляй было паведамленне ў рэдакцыю аб тым, што бусел аблюбаваў невялікі канал у межах самога райцэнтра. Паехалі і пераканаліся: ёсць! Але ж як яго злавіць? Ён жа лётае і, здаецца, дастаткова спрытна. Пасля перамоў з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вырашылі арганізаваць “выратавальную” аперацыю самі, падключыўшы камунальную службу. “Аперацыя” правалілася, нават не пачаўшыся: бусел узнімаўся ў неба кожны раз, калі да яго набліжаліся людзі. Гэта расчароўвала і ў той жа час абнадзейвала, бо разумелі: птушка можа пастаяць за сябе. Таму адзінае, што ў такім выпадку маглі зрабіць журналісты, дык гэта падтрымаць небараку кормам. Цяпер мы рэгулярна ездзім на той канал і пакідаем буслу свежамарожаную рыбу. Як сведчаць нашы назіранні, яна знаходзіць адрасата…


Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.М. Дрозд выпадкі зімоўкі буслоў у нашых мясцінах не лічыць рэдкасцю: “Як правіла, застаюцца тыя птушкі, якія не могуць паляцець у вырай з-за свайго фізічнага стану, хворыя ці аслабленыя. Звычайна яны знаходзяцца паблізу вадаёмаў, дзе ім лягчэй выжыць. Там можна знайсці ежу і нават сагрэцца, бо тэмпература вады вышэйшая за тэмпературу паветра”. Таксама лічыцца, што невялікі холад буслы здольны пераносіць ва ўмовах дзікай прыроды, галоўнае, каб быў незамёрзлы вадаём. А вось калі затрашчаць маразы, з’явіцца лёд і снег, тады птушцы сапраўды спатрэбіцца дапамога чалавека.
“Падшэфны” рэдакцыі бусел, магчыма, і з нашай дапамогай здолеў перажыць нядаўнія вадохрышчанскія маразы. Ён упэўнена трымаецца канала, які не замёрз і пры дзесяціградусным мінусе. А значыць, мы таксама з’явімся там зноў з чарговай порцыяй свежазамарожанай кількі.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *