Сірыйскага хамячка мне падарылі на вясновыя святы. Я назвала яго Жорык. На той момант яму было толькі два месяцы. Ён вясёлы і пацешны. Нават не верыцца, што ў хутка год, як жыве з намі.
Мы вельмі хутка пасябравалі, літаральна за некалькі дзён. За гэты час Жорык паспеў трапіць у мноства смешных гісторый! Найбольш цікава было назіраць, як ён знаёміцца з нашай кватэрай. Цяпер я выпускаю яго з клеткі кожны дзень. За гэта ён абавязкова цалуе мяне ў шчочку (гэта так міла!) і толькі пасля пачынае сваё падарожжа. Ён вельмі цікавіцца мамінымі кветкамі, яна нават кліча яго “садаводам”. А для мяне ён – белае паўночнае медзведзяня.
Аднойчы Жорыкава падарожжа доўжылася адно трое суток. Аказваецца, сірыйскія хамячкі выдатна ўмеюць гуляць у “хованкі”. Толькі ноччу, калі ўжо ўсе спалі, наш хітрун вяртаўся да клеткі, піў ваду і набіраў у зашчочныя мяшкі ласункаў. На шчасце, Жорык мабыць таксама сумаваў па мне, таму і вярнуўся ў свой утульны домік. Дарэчы, сваю клетку ён ні з кім дзяліць не збіраецца (мы спрабавалі завесці яму сябра, але Жорыкавай гасціннасці надоўга не хапіла).
Любімы ласунак Жорыка – семкі. Падчас адной з прагулак яму вельмі пашчасціла і ён знайшоў цэлы пачак! Жорык не разгубіўся, адразу ўлез у яго і хуценька пераклаў усе семкі сабе за шчокі. Не магу ўспамінаць гэты выпадак без смеху: наш хамячок стаў падобны на шарык.
Я вельмі люблю свайго Жорыка і ён адказвае мне ўзаемнасцю. Мы з ім разам жадаем усім чытачам моцнага здароўя і дабрабыту. І няхай у кожнага будзе такі верны сябар!
Ангеліна Барысюк, вучаніца 4 класа СШ №3.