— Можаце не сумнявацца! Пошту адкрыюць своечасова, па ёй можна нават гадзіннік звяраць, — супакойвалі журналіста першыя наведвальнікі Роўбіцкага аддзялення паштовай сувязі. Сапраўды, роўна ў вызначаны час нас ветліва запрасілі ўнутр.
Начальнік аддзялення Святлана Канстанцінаўна Бульчук сустракае сваіх кліентаў пры поўным парадзе: беласнежнасць кашулі падкрэслена гальштукам валошкавага колеру з лагатыпам і надпісам “Белпошта”.
У паштовай службе жанчына з 1990 года. Да гэтага ўраджэнка в. Хвалава, выпускніца Маларыцкага кааператыўнага тэхнічнага вучылішча, шчыравала ў гандлёвай сферы.
— Не скажу, што паштовая галіна была нечым невядомым. Мая свякроў і муж пэўны час працавалі паштальёнамі, дачка скончыла акадэмію сувязі, — кажа Святлана Канстанцінаўна.
— Сёння ў нас з маім паштальёнам сапраўды “гарачыя” дзянькі: у сувязі са складанай эпідсітуацыяй дадаліся клопаты, звязаныя з абслугоўваннем пажылога насельніцтва на даму. Мы фарміруем па тэлефоне заказы, а потым паштальён па спісе разносіць людзям усё неабходнае. У прыватнасці, пенсіянеры маюць магчымасць, не выходзячы з дому, атрымліваць пенсію, афармляць падпіску на перыядычныя выданні і ажыццяўляць паштовыя адпраўленні. Пры абслугоўванні насельніцтва мы рэгулярна даём рэкамендацыі па пытаннях прафілактыкі інфекцыі і самі не забываем рэгулярна дэзынфіцыраваць памяшканні, апрацоўваем антысептыкам дзвярныя ручкі, паліцы і рабочыя паверхні.
Адказнасці роўбіцкім паштовым работнікам не займаць: паўсюль чысціня і парадак. А разнастайнасці асартыменту тавараў у аддзяленні сувязі можа пазайздросціць нават сельскі магазін: тут можна купіць муку, крупы, макароны, цукар, кансервы, сродкі асабістай гігіены і многае іншае.
— Каструлі, коўдры, пральныя парашкі, ручнікі, прасавальныя дошкі — усяго, як самі бачыце, і не пералічыць. Наша пошта — гэта вам і прамтаварная, і прадуктовая кропка продажу з параўнальна танным таварам, — начальнік установы паспявае і расказваць, і абслугоўваць кліентаў. Аднаму пенсію выдае, іншаму — зарплату, па просьбе трэцяга Святлана Канстанцінаўна паказвае тавары першай неабходнасці.
— Працы хапае. Планавы абарот павінен складаць больш за пяць тысяч рублёў, а людзей у вёсцы, маіх патэнцыйных кліентаў, як самі разумееце, усё менш становіцца. З усіх сіл стараемся ўсім дагадзіць, — запэўнівае жанчына.
— Канстанцінаўна ў нас малайчына! — нахвальваюць жанчыну наведвальнікі, якія не спяшаюцца разыходзіцца. – Адказная, надзейная. Яна — яскравы прыклад таго, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Быў нейкі перыяд, калі Святлана ад нас з’язджала і на яе месцы працавалі іншыя: за два гады з дзясятак чалавек змянілася. Аднак толькі ў яе атрымлівалася неаднаразова выводзіць наша аддзяленне ў лік лепшых у раёне. Спадзяёмся, з такім начальнікам Роўбіцкая пошта будзе жыць!
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).