Вторник, 18 марта 2025

Почему фуры портят и будут портить пружанские дороги?

2 596

Надрукаваны ў мінулым выпуску «Аўтабудняў» артыкул пра сітуацыю са станам дарожнай сеткі на Пружаншчыне выклікаў інтарэс у многіх чытачоў «раёнкі», некаторыя з якіх тэлефанавалі ў рэдакцыю і выказвалі свае прапановы. Сярод тых, хто звярнуўся да карэспандэнтаў, нямала было аўтааматараў, якія звярталі ўвагу на павелічэнне патоку велікагрузнай тэхнікі праз наш раён. Гэта таксама стала істотнай праблемай не толькі для мясцовых вадзіцеляў, але і веласіпедыстаў з пешаходамі.
Беларусь па сваім геаграфічным становішчы адносіцца да транзітных краін, прычым наша рэспубліка злучае Ўсход і Захад, Еўропу і Азію, прапускаючы «праз сябе» мільёны тон грузаў і сотні тысяч грузавых аўтамабіляў. Гэта даволі істотная нагрузка на айчынную дарожную сетку, што і стала прычынай увядзення сістэмы аплаты за карыстанне некаторымі аўтатрасамі. Вось толькі праблему гэта вырашыла адносна буйных аўтатрас, а для раёна побач з імі наадварот ускладніла яе. І гэта яскрава бачна на прыкладзе Пружаншчыны.
Дарожныя службы, якія абслугоўваюць дарогі рэспубліканскага значэння, б’юць трывогу: з-за павелічэння патоку фур праз Пружаншчыну знос асфальтавага пакрыцця значна паскорыўся. Віна за каляінасць, якая з’яўляецца на асноўных трасах літаральна праз некалькі месяцаў пасля капітальнага рамонту пакрыцця, поўнасцю ляжыць на велікагрузных аўтамабілях, што аб’язджаюць платныя дарогі. Зразумела, дальнабойшчыкам выгадней не плаціць: напрыклад, за адрэзак ад Брэста да Мінска можна зэканоміць да 50 еўра. Пры гэтым аб разбуральным уздзеянні на неразлічаныя на такія нагрузкі дарогі вадзіцелі фур увогуле не задумваюцца. Як і пра тое, што парушаюць такім чынам нямала ўстаноўленых правілаў і абмежаванняў. Да прыкладу, па рэспубліканскіх трасах па раёне велікагрузныя аўтамабілі могуць рухацца толькі тады, калі тэмпература паветра не перавышае +25 градусаў. Маса грузавіка не можа быць большай, чым 6 тон на адну вось. Нярэдка вялікія па памерах фуры літаральна замінаюць руху іншых аўтамабіляў, асабліва на гарадскім кальцы, з-за чаго ўстаноўлена і абмежаванне па часе, калі яны могуць праязджаць праз Пружаншчыну: з 23 да 11 гадзін. Для інфармавання на дарогах раёна ўстаноўлены адпаведныя знакі.
Аднак усе гэтыя патрабаванні ігнаруюцца, бо… за парушэнні нікога не караюць.
— Такое права маюць толькі прадстаўнікі транспартнай інспекцыі, якія, трэба прызнаць, бываюць на Пружаншчыне не так часта, як хацелася б, — расказвае старшы інспектар ДПС Сяргей Мышкевіч. — Мы можам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці толькі за парушэнне хуткаснага рэжыму. І трэба сказаць, што ў агульнай колькасці падобных штрафаў дальнабойшчыкі лідзіруюць.
Відавочна, што нават пры аплаце штрафу за перавышэнне хуткасці, памер якога далёка не 50 еўра, можна атрымаць эканомію. А калі пашанцуе, то можна і не патрапіць у поле зроку інспектараў ДАІ.
Найбольш цікаўныя пружанцы падлічылі, колькі фур праедзе міма гарадскога возера з 9 гадзін раніцы да 17.00: у звычайны будзённы дзень налічылі больш за шэсць дзясяткаў велікагрузных аўтамабіляў. Даводзілася назіраць нават такую сітуацыю, калі легкавікі спынялі рух або прапускалі на вузкім мосце разагнаны да вялікай хуткасці грузавік, каб не трапіць пад яго колы. Знаёмыя вадзіцелі расказваюць, што такое можна ўбачыць і на гарадскім кальцы, калі фура даўжынёй да 20 метраў літаральна перагароджвае адразу некалькі палос, спыняючы рух у некалькіх напрамках. І заўважце, свой эксперымент мы праводзілі ў той час, калі ніякай велікагрузнай тэхнікі на трасе Пружаны-Ружаны не павінна быць.
На жаль, сітуацыя не выправіцца, пакуль у нашай краіне будзе дзейнічаць правіла «не злавілі — не злодзей». Многія еўрапейскія дзяржавы, напрыклад, устанаўліваюць плату для дальнабойнага транспарту пры перасячэнні іх межаў. Іншыя праводзяць праверкі ў пунктах пропуску, высвятляючы такім чынам, як фура праехала па тэрыторыі краіны. І калі няма квітка аб плаце за карыстанне платнымі дарогамі, то прызначаюць сур’ёзныя штрафы.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.
На здымку: пляцоўка каля гарадскога возера рэдка пустуе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *