У рамках раённага свята «Лесвіца поспеху» адбылося і ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнка «Шчасце ў маіх вачах», што ладзіў музей-сядзіба «Пружанскі палацык» з 20 студзеня па 20 мая бягучага года. Кампетэнтнае журы ў складзе дарослых і дзяцей абрала лепшыя работы. Пераможцамі ў розных узроставых катэгорыях сталі Антон Маркевіч (Ружанская СШ), Анастасія Пасько (ЦТДМ г.Пружаны), Аліна Францэвіч (Пружанская ДШМ). Апошняя дзяўчынка, дарэчы, заваявала і Гран-пры конкурсу, да ўдзелу ў якім падрыхтавала малюнак «Размова па душах».
Варта адзначыць, што на ўзнагароджванне прыехаў і сам ініцыятар конкурсу, а па сумяшчэнні і галоўны спонсар — наш зямляк, бізнесмен Дзмітрый Шульман. Ён разам са сваёй дачкой Настассяй уручаў пераможцам узнагароды, а дапамагалі яму ў гэтым народны майстар Рэспублікі Беларусь, мастачка Марыя Кулецкая і дырэктар музея Юрый Зялевіч. Акрамя дыпломаў, дзеці атрымалі каштоўныя падарункі — вялікія наборы для творчасці, а ўладальніца Гран-пры — вялікую паштоўку-сертыфікат на паездку ў Маскву, якую арганізуе спонсар конкурсу. Дзевяцігадовую дзяўчынку чакаюць два дні экскурсій у лепшыя музеі і Акадэмію скульптуры і дойлідства, дзе пачыналі свой шлях вялікія мастакі, у тым ліку наш зямляк Станіслаў Жукоўскі.
Дзмітрый Шульман выказаў вялікую падзяку дзецям за творчасць, за прагу да мастацтва, за любоў да роднага краю, бо менавіта яна фарміруе ўспрыняцце свету, надае далейшы штуршок у жыцці, што вельмі актуальна ў Год малой радзімы, якому і прысвячаўся гэты конкурс.
На наступны год, дарэчы, арганізатары паабяцалі пашырыць маштаб конкурсу.
НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый Шульман уручае ўзнагароду Аліне Францэвіч.
Алена ЗЯЛЕВІЧ. Фота Андрэя Пашкевіча.