Як было пазначана ў правілах, да 5 студзеня ўключна прымаліся квіткі аб падпісцы. А 10 студзеня ў 12 гадзін былі падведзены вынікі нашай рэкламнай гульні сярод падпісчыкаў. На пачатку конкурсу мы падрыхтавалі спецыяльную запячатаную каробку для збору квіткоў аб падпісцы, якую ўскрылі толькі ў дзень правядзення розыгрышу, каб спачатку падлічыць, колькі ж будзе ўдзельнікаў гульні. У якасці прагнозных называліся розныя лічбы: тры сотні, чатыры сотні і нават пяцьсот удзельнікаў. Аднак рэчаіснасць уразіла ўсіх — звыш 900 падпісчыкаў даслалі або прынеслі квітанцыі аб падпісцы на «Раённыя будні»! А гэта азначае, што амаль кожны дзявяты чытач вырашыў паспытаць сваю ўдачу. Калі ж улічыць, што газета выпісваецца сям’ёй, то можна смела памнажаць колькасць удзельнікаў на тры.
Пры гэтым нашы паважаныя чытачы не толькі дасылалі падпісныя квіткі, але і ўкладвалі ў канверты свае пісьмы са шчырымі пажаданнямі. Прызнацца, з гэтага мы
зрабілі для сябе невялікія адкрыцці. Па-першае, даведаліся з якой цікавасцю нашы чытачы аднесліся да рэкламнай гульні, а значыць, мы будзем яе праводзіць зноў падчас наступных падпісных кампаній. Па-другое, мы пераканаліся з якой цеплынёй і шчырасцю людзі ставяцца да нашай газеты, што надае сілы і жадання рабіць яе яшчэ больш прыгожай і цікавай. За гэта, нашы паважаныя чытачы, мы вам вельмі ўдзячны.
Ну, як, напрыклад, не парадавацца допісу нашай вялікай прыхільніцы — Таццяны Аляксандраўны Паповай з в.Малочкі:
—Зараз я на пенсіі. Часу вольнага шмат, таму чытаю “Раённыя будні” з пачатку да канца. Газета цудоўная, артыкулы ў ёй разнастайныя і нават аб’явы друкуюцца дарэчы. Жадаю газеце поспехаў і па-больш падпісчыкаў.
—Віншуем усіх з Ражством і Новым годам, — піша Ніна Сяргееўна Цёхан са Стараволі. — Мы з мужам выпісваем “раёнку” пастаянна, яшчэ з тых часоў, калі яна была “Зарой камунізму”. Газета цікавая і нам вельмі падабаецца.
Жыхарка в.Поланск Марыя Уладзіміраўна Сталярчук падзялілася з намі, як з добрымі сябрамі. “Я ўжо ўдава 26 гадоў, — чытаем у яе лісце рэдакцыі. — Каб разнастаіць жыццё выпісваю вашу газету, кожны выпуск якой чытаю з вялікай увагай. Карыстаюся ўсёй інфармацыяй, ад правапарушэнняў, да навін надвор’я, і наогул, люблю вашу газету і спадзяюся на далейшую інфармацыйную сувязь з вамі.
А вось Яніна Юзэфаўна Гардзей з г.п.Ружаны скарысталася момантам, каб не толькі павіншаваць са святамі калектыў раённай газеты, але і загадчыка Ружанскай бальніцы Андрэя Рычардавіча Жытко, а разам з ім усіх урачоў, медсясцёр і са-нітарак, якім вельмі ўдзячна за чулыя адносіны да пацыентаў.
“Добра дзень, любімая “раёнка”! Пішу ад імя маіх бацькоў — Ніны Сцяпанаўны і Аляксандра Аляксандравіча Грынкевічаў і ад сябе асабіста. Мы ўжо шмат гадоў з’яўляемся вашымі чытачамі. Ёсць у нас і свае любімыя рубрыкі, дзе вы знаёміце з мінулым і сённяшнім жыццём нашага раёна. Хачу пажадаць вам творчага поспеху, толькі добрых падзей і цудоўных навін. З павагай, Святлана Аляксандраўна Удавінец.”
Ад душы дзякуем за такія цудоўныя словы. І асабліва сёння, напярэдадні Шчодрага вечара газеце асабліва хацелася данесці прыемныя навіны аб выйгрышы ўсім нашым чытачам. Аднак гульня на тое і гульня, каб вызначыць пераможцаў.
Квіткоў было столькі, што падрыхтаваны барабан не змог змясціць іх. Таму было вырашана ў якасці лататрона выкарыстаць вялікі куфар. Так супала, што розыгрыш праводзіўся якраз напярэдадні старога Новага года і Шчадрухі, таму і пераможцаў сярод нашых падпісчыкаў вызначалі з дапамогай Дзеда Мароза, які выцягваў падпісныя квіткі шчасліўчыкаў.
Таксама прысутнічалі і своеасаблівыя «назіральнікі»: нашы чытачы, якія выказалі жаданне ўвачавідкі паглядзець за працэсам. Гэта — Аляксей Паўлавіч Гудаў, Мікалай Мікалаевіч Крыштафовіч, Галіна Яўгенаўна Масквіна, Мікалай Іосіфавіч Колаш і Людміла Уладзіміраўна Котава. А таксама члены прызавой камісіі, куды акрамя работнікаў рэдакцыі, увайшла прадстаўнік раённага вузла паштовай сувязі Інна Фёдараўна Шчука.
Усе адзначылі празрыстасць розыгрышу і захаванне справядлівых падыходаў падчас размеркавання прызоў.
Дарэчы, лёс распарадзіўся вельмі цікава. Напрыклад, пераважная большасць падарункаў дасталася жыхарам райцэнтра і ваколіц. Дзяленне атрымалася і па гендэрных прыкметах: прызёрамі сталі трое мужчын і пяць жанчын. Хаця гэта і не так важна, бо падарункі мы выбіралі такім чынам, каб яны прынеслі карысць сям’і. Гэта пацвердзіла і Галіна Мікалаеўна Шпарло з пас. Сонечнага, чый квіток Дзед Мароз выцягнуў з куфра-лататрона першым. Дзякуючы гэтаму жанчына і стала шчаслівай уладальніцай новай мікрахвалёвай печкі.
— Прызнацца, колькі купляла розныя латарэйныя білеты, яны заўсёды аказваліся «пустымі»,— кажа яна.— І, калі даведалася пра рэкламную гульню «Раённых будняў», нават і не думала, што атрымаю прыз. Я даўно выпісваю «раёнку». Гэту традыцыю паклалі яшчэ мае бацькі, ад якіх яна перадалася і маёй сям’і. Практычна пра ўсё чытаю: пра знаёмых людзей, пра падзеі ў раёне. Нядаўна з задавальненнем прачытала артыкул пра родную Мураўскую школу. Вось любімая газета для мяне і ёсць галоўны падарунак! А тут яшчэ і такі прэзент ад «Раённых будняў». Я вельмі люблю гатаваць, таму мікрахвалёвая печка адразу стане маёй памочніцай на кухні.
Сапраўды, у спіс пераможцаў трапілі далёка не ўсе… Але мы нездарма назвалі гульню «Падпіска з поспехам», бо прапанавалі не проста паспытаць свой шанец. Усе нашы чытачы атрымалі магчымасць ведаць усе свежыя навіны Пружаншчыны і рэспублікі, чытаць цікавыя публікацыі аб людзях і падзеях. Прыемным падарункам многія назвалі і каляровы каляндар, што мы дасылаем нашым падпісчыкам на пачатку года. А рэкламная гульня дала яшчэ і магчымасць атрымаць дадатковы прыз. Аднак на гэтым пачынанні мы не ставім кропку, як у сваіх артыкулах, а толькі інтрыгуем шматкроп’ем… У будучым мы абавязкова парадуем сваіх падпісчыкаў новымі сюрпрызамі, каб даць такі ж шанец і іншым. Заставайцеся з «раёнкай»!
Сведения о результатах рекламной игры
«Подписка с успехом»
Организатор рекламной игры УРГ «Раённыя будні» і праграмы радыёвяшчання «Пружанскае раеннае радыё», УНП 200027014.
Юридический адрес: Республика Беларусь, 225133, Брестская обл., г.Пружаны, ул.Красноармейская, 78.
Наименование рекламной игры — рекламная игра «Подписка с успехом».
Срок начала рекламной игры — 1 ноября 2017 г., срок окончания рекламной игры — 31 января 2018 г.
Сведения о государственной регистрации рекламной игры: свидетельство о государственной регистрации рекламной игры №3120 от 24 октября 2017 года, выданное Министерством антимонопольного регулирования и торговли Республики Беларусь.
Срок начала и окончания рекламной игры: 1 ноября 2017 года — 31 января 2018 года.
Количество участников рекламной игры: 920 человек.
Сведения о полном или частичном розыгрыше призового фонда: Призовой фонд разыгран полностью:
1.Шпарло Галина Николаевна, выиграла микроволновую печь MIDEA MM720 СРІ, РБ, СООО «Мідэа-Гарызонт» стоимостью 127,28 рублей;
2. Дядюн Алексей Иванович, выиграл мультиварку MCM-5014 белую, РФ, стоимостью 56,29 рублей;
3. Карпыза Павел Николаевич, выиграл плиту газовую настольную Гефест ПГ 700-03, РБ, УП «Гефест-тэхніка», стоимостью 54,84 рублей;
4. Пекач Иван Иванович, выиграл набор посуды Peterhof РН-15728, Германия, стоимостью 48,79 рублей;
5. Романова Евгения Петровна, выиграла утюг VES VES-1618, Германия, стоимостью 40,89 рублей;
6. Бурнос Мария Михайловна, выиграла кофеварка ARESA AR-1603, КНР, стоимостью 28,44 рублей;
7. Савко Зинаида Сергеевна, выиграла блендер ARESA AR-1101, КНР, стоимостью 23,44 рублей;
8. Попко Татьяна Васильевна, выиграла чайник HITT HT-5001, КНР, стоимостью 15,67 рублей.
Телефон для справок +375 1632 9 15 02.