Яшчэ ў студзені Савет Міністраў Беларусі вызначыў аб’ёмы закупак сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны для дзяржаўных патрэб на 2022 год. Закупкі зерня па дзяржзаказе прадугледжваюцца ў аб’ёме 811,4 тыс. тон. З ураджаю кукурузы для вытворчасці насення гібрыдаў першага пакалення на бягучы год трэба паставіць 22 тыс. т, цукровых буракоў — 3,1 млн. т, піваварнага ячменю — 100 тыс. т. Аб’ём закупак ільновалакна для дзяржпатрэб складзе 20 тыс. т. Дзяржзаказ па пастаўках алейнага насення рапсу на 2022 год зацверджаны для канцэрна «Белдзяржхарчпрам» у памеры 85 тыс. т.
Падчас правядзення селектарнай нарады па ўборачнай кампаніі напрыканцы ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пытанню дзяржзаказу на зерне ўдзяляў асаблівую ўвагу. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што закупка павінна быць безумоўна выканана. Па папярэдняй інфармацыі, зерне сённяшняга ўраджаю прыдатна для высакаякаснага хлебапячэння. Таму неабходна зрабіць закупкі ў аб’ёме поўнай патрэбнасці і пры ўмове якаснага зерня — нават з запасам.
З пытаннем, як наладжана справа з выкананнем дзяржзаказу ў нашым раёне, мы звярнуліся да дырэктара філіяла «Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства» ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» Ірыны Замковіч.
Як паведаміла Ірына Рыгораўна, сёлета прадпрыемству патрэбна нарыхтаваць 6500 тыс. тон зерня, а іменна: пшаніцы — 4000 тыс. тон, грэчкі — 520 тон, усё астатняе — жыта. Усе сельгаскультуры толькі харчовага віду, фураж тут не назапашваюць. Асноўным спажыўцом зерневага запасу з’яўляецца ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», якое вырабляе з зерня муку.
Што датычыцца выканання дзяржзаказу сельгаставарыствамі раёна, то кожнай з гаспадарак даведзены асабісты план, які яны павінны выканаць. Некаторыя ўжо пачалі адгрузку залацістага зерня: ААТ «Велікасельскае Агра» вывозіць пшаніцу. А, напрыклад, ААТ «Радзіма» ўжо паспела выканаць свой план у 530 тон па вышэйназванай сельгаскультуры, філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» разлічыўся па жыце — 230 тон. У ліку першых па адгрузцы і ААТ «Роўбіцкае» — поўны разлік па жыце (330 тон). На сёння выкананне плана на ХПП — 35 %.
Канечне, час яшчэ ёсць, гаворыць Ірына Замковіч, але тут жа дадае, што і адтэрміноўваць выкананне дзяржзаказу не патрэбна. Бо ў наш няпросты час гэта, у першую чаргу, харчовая бяспека краіны, усведамленне кожным грамадзянінам таго, што пагрозы голаду няма (чаго, на жаль, нельга сказаць на дадзены момант пра некаторыя краіны Заходняй Еўропы).
Таксама, як падмурак бяспекі, на хлебапрыёмным прадпрыемстве існуе дзяржрэзерв пшаніцы — як кажуць, запас бяды не чыніць.
Пры выкананні такой задачы, як дзяржзаказ, важным элементам з’яўляецца час, якога ў сельгаставарыстваў раёна падчас жніва і так у абрэз, бо трэба як мага хутчэй і якасна закончыць уборку. А тут трэба накіроўваць так неабходную на палях тэхніку на вывазку зерня.
І ў гэтым выпадку на дапамогу прыходзяць прадпрыемствы горада. Менавіта пра такое ўзаемадзеянне гараджан з вёскай на селектарнай нарадзе гаварыў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Ірына Рыгораўна паведаміла карэспандэнтам, што на сёння ў вывазцы дапамагае два прадпрыемствы — гэта філіял «Пружанскі райпалівазбыт» і філіял «Аўтамабільны парк № 11 г. Пружаны» РУП «Брэстаблаўтатранс», аўтамабілі якіх дастаўляюць ураджай з найбольш аддаленых ад ХПП гаспадарак.
Адсыпаюць зерне на прадпрыемстве ў завальныя ямы, а пасля па лентачных норыях яно дастаўляецца для далейшага захоўвання прама на складскія збожжасховішчы (усяго на ХПП іх шэсць, больш чым дастаткова, каб прыняць увесь дзяржзаказ).
Зразумела, не трэба забываць аб тым, што засыпана павінна быць толькі самае лепшае зерне, прыдатнае для доўгага захоўвання. Вось тут на дапамогу прыходзяць лабаранты прадпрыемства. Як расказала начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Таццяна Слабада, першапачаткова робяцца выезды падчас уборкі ў гаспадаркі, дзе з новага ўраджаю робіцца забор зерня для папярэдняга аналізу на адпаведнасць вызначаным патрабаванням. Па прыбыцці тэхнікі на ХПП абавязковы яшчэ адзін аналіз у лабараторыі, дзе вызначаецца вільготнасць, засмечанасць і ўзровень клейкавіны, якая з’яўляецца важнейшым паказчыкам хлебапякарных уласцівасцей мукі. А ў радыелагічным кабінеце зерне правяраецца на наяўнасць цэзію 137. У канцы кожнага дня падсумоўваюцца вынікі аналізу па кожнай гаспадарцы асобна.
Карпатлівая праца, нічога не скажаш. Але без яе ў справе здачы новага ўраджаю ў лік дзяржзаказу нікуды.
Далі карэспандэнтам заглянуць і непасрэдна ў склад, дзе вялізнымі горамі ляжыць наш залаты харчовы запас. Стала спакойна на душы: прасіць кавалак хлеба ні ў кога мы, беларусы, не будзем.
Дарэчы, ХПП мае на вытворчай тэрыторыі свой магазін, дзе прадстаўлены вялікі асартымент мучных вырабаў. А тое, што ў краме ўсё свежае і смачнае, могуць пацвердзіць карэспандэнты, якія не прамінулі забегчы туды падчас наведвання прадпрыемства. Так што запрашаем за смакатой!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік