Журналісты «раёнкі» завіталі ў Хараўскі сельсавет напярэдадні 9 Мая, калі задачай нумар адзін было навядзенне парадку каля помнікаў, прысвечаных падзеям і героям Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць такое памятнае месца і ў Вашчынічах.
Пра гісторыю яго з’яўлення ў вёсцы і людзей, якія ўстанаўлівалі помнік, газета пісала літаральна два гады таму. Аднак сёлета з’явілася новая інфармацыйная падстава згадаць пра тыя падзеі.

Нагадаем, больш за 40 гадоў таму помнік чырвонаармейцам і загінулым мірным жыхарам ўзвялі падчас працоўнай практыкі студэнты-будатрадаўцы пад кіраўніцтвам Васілія Лук’янчука, які сёння ўзначальвае УП «ПМК-21» і, як аказалася, працягвае шэфства над помнікам.
Як зазначае старшыня Хараўскога сельвыканкама Алёна Пстыга, менавіта па ініцыятыве Васілія Сцяпанавіча ў 2020 годзе сіламі падначаленай яму будаўнічай арганізацыі, пры падтрымцы ўладаў і кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы» была праведзена рэканструкцыя абеліска і яго тэрыторыі: рабочыя абнавілі і пафарбавалі пакрыццё, прымацавалі новую мемарыяльную пліту з прозвішчамі загінулых, зрабілі новую металічную агароджу, высеклі хмызняк і выклалі невялікую дарожку.
Сёлета, дзякуючы Васілію Лук’янчуку, дарожка працягнута да самага асфальту. Вышэй, здаецца, сталі і дзве вялікія елкі, у ценю якіх вельмі зручна пастаяць і ўшанаваць памяць загінулых.
Алена Зялевіч, фота аўтара