
Патрэбна было ўзводзіць магутныя вытворчасці, жыллё для пружанцаў, школы, бальніцы і многае іншае. За мінулыя амаль 70 гадоў можна сказаць, што кожнае другое збудаванне ў раёне створана рукамі будаўнікоў гэтай механізаванай калоны.
За мінулы час прадпрыемства набыло ўнікальны досвед, яго калектыў асвоіў і выкарыстоўвае самыя сучасныя тэхналогіі і абсталяванне. Таму ўласнае «партфоліа» ПМК-21 толькі папаўняецца. Не выключэннем стаў і бягучы год: як расказвае галоўны інжынер Дзмітрый Себелеў, сёлета скарбонка станоўчых дасягненняў яшчэ папоўнілася.

— Працуем, літаральна, у поўную сілу, хапае і важкіх аб’ектаў, як па маштабах забудоўлі, так і даволі цікавых архітэктурных рашэнняў,— зазначае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Апошняе для нас таксама немалаважна, таму што павышаем сваю прафесійную кваліфікацыю, вучымся новаму. Каб у перспектыве маглі ўпэўнена заявіць «Мы здольныя ўзвесці гэта!».
— І якія сёлетнія аб’екты Вы маеце на ўвазе?
— У прыватнасці, малочна-таварныя фермы каля г.п. Шарашэва (ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс») і аг. Руднікі (ААТ «Агра-Калядзічы»). Першы аб’ект можна назваць стандартным толькі знешне, на самай справе там прыменены сучасныя тэхналогіі, каб потым МТФ давала большую аддачу пры меншых выдатках. А на калядзіцкай зямлі будуем жывёлагадоўчае прадпрыемства такога ж кшталту, што і два гады таму ў ААТ «Велікасельскае Агра». Там мы вучыліся, а тут замацоўваем засвоенае.
На гэтых МТФ мы засяродзілі амаль 80% сваіх магутнасцей. Але і астатняе не прастойвае, таму што ёсць заказы як у межах Пружаншчыны, так і ў Камянецкім раёне. Дзе аўтарытэт нашай механізаванай калоны самы высокі, дзякуючы зробленаму дагэтуль.
— А магчымасцей у ПМК-21 хапае?

— Мы таму і вітаем складаныя заказы, якія ў дадатак да навучання прымушаюць яшчэ і паляпшаць аснашчэнне прадпрыемства. Напрыклад, зыходзячы з атрыманага вопыту, набылі яшчэ адзін растворна-бетонны вузел РБВ, які можна прымяняць менавіта на будаўнічай пляцоўцы, атрымліваючы свежы бетон, без страты ўласцівасцей. Таксама набылі (хаця раней толькі арандавалі) два падымальнікі асаблівай канструкцыі, якія аблягчаюць работы з металічнымі элементамі на вышыні. Словам, расцём разам з тымі патрабаваннямі, якія дзейнічаюць зараз.
— У калектыве таксама адзначаюцца толькі станоўчыя змяненні?
— Прызнацца, хапае ўсялякіх, асабліва ў кадравым папаўненні. Нам патрэбны «рукі», шмат нагрузкі, ды і заробкамі не крыўдзім. Хаця нельга сказаць, што кадравае пытанне вельмі вострае. Прыходзіць да нас моладзь, самыя малодшыя прадстаўнікі з якіх толькі-толькі дасягнулі паўналецця. Настаўнічаюць над імі нашы ветэраны, якія адпрацавалі ў калоне па 30, 40 і больш гадоў.

— Вы казалі, што «заробкамі не крыўдзіце»…
— На сённяшні дзень сярэдняя заработная плата дасягнула 2515 рублёў, у параўнанні з мінулым годам яна вырасла на 32%. Спрагназую, што да канца года гэты паказчык яшчэ ўзрасце, як будучыя адпаведныя перспектывы. Прафесія будаўніка ніколі не страціць актуальнасці і будзе запатрабавана ў любы час.
— А каго б Вы прывялі ў якасці прыкладу сваіх слоў?
— Многія з работнікаў ПМК-21 пачыналі працаваць тут з маладосці і да сівізны. І далёка хадзіць не трэба, наш кіраўнік Васілій Сцяпанавіч Лук’янчук пачынаў працаваць тут юнаком, і зараз у яго больш за 4 дзесяцігоддзі ў ПМК-21. Амаль з такім жа будаўнічым стажам вытворца работ Аляксей Малажай, начальнік ВТА Таццяна Солад, вадзіцелі Сяргей Станкевіч і Мікалай Ярома, муляры Уладзімір Мархель і Віталій Пракопчык, электрык Вячаслаў Фядун, вартаўнік Ніна Гарус.
Усім сваім калегам, а таксама ветэранам будаўнічай галіны выказваю шчырую ўдзячнасць. Зычу выдатнага здароўя, каб яно падтрымлівалася толькі добрымі навінамі. А яшчэ няхай захоўваецца мір у душы і навокал, каб можна было будаваць новае, патрэбнае людзям і дзяржаве.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА. Фота аўтара
