Безумоўна, не толькі пружанцы шчыруюць дзеля росквіту нашай краіны: у рэспубліцы сотні будаўнічых арганізацый. Аднак і наша ПМК-21 робіць даволі важкі ўклад у гэтую пачэсную справу. Самае прыемнае, што арганізацыі штогод хапае заказаў на аб’екты, і гэтыя аб’ёмы толькі павялічваюцца. Як расказвае начальнік механізаванай калоны Васілій Лук’янчук, пацвярджэннем такой высновы можна лічыць і некаторыя статыстычныя дадзеныя.
— У прыватнасці, на сённяшні дзень наша прадпрыемства вырабіла 12 тысяч кубоў бетоннага раствору, — зазначае Васілій Сцяпанавіч. — Для параўнання патлумачу, што раней для нас былі стандартнымі аб’ёмы ў памеры да 10 тысяч за ўвесь год.
Паколькі нагрузкі ўзраслі, у дадатак да двух растворна-бетонных
вузлоў, якія ўжо выкарыстоўваюцца, ПМК-21 набыло яшчэ адзін — перасоўны РБВ расійскай вытворчасці. Зараз гэта абсталяванне размешчана на чарговым аб’екце, які ўзводзяць пружанскія будаўнікі. Усе тры растворна-бетонныя вузлы сёння загружаны работай амаль поўнасцю. Працуюць на іх матарысты Аркадзь Шчарбінюк, Андрэй Царкасевіч, Анатоль Данілік і Уладзімір Сушчык.
Недзе выраблены раствор адразу выкарыстоўваецца на будаўнічай пляцоўцы, ад іншых вузлоў гатовы бетон дастаўляецца аўтамабільнымі міксерамі. Для аператыўнай транспарціроўкі ПМК-21 мае ўласную тэхніку, парк якой у бягучым годзе таксама папоўніўся аўтаміксерам на базе аўтамабіля МАЗ. І зараз штодня можна ўбачыць, як па дарогах раёна і нават за яго межамі раз’язджае спецыялізаваны транспарт пружанскай механізаванай калоны, якім кіруюць вадзіцелі Мікалай Антончык, Віктар Беспалька, Сяргей Гвоздзік і Аляксандр Сталярчук. Ім работы таксама хапае, бо ПМК-21 вырабляе бетон не толькі для сваіх патрэб — рэалізуе сумесі юрыдычным асобам і насельніцтву.

У дадатак на вытворчай базе ПМК-21 арганізаваны ўласны выпуск блокаў для падмурка, што запатрабавана сёння сярод заказчыкаў. Такі ўклад будаўнікоў ПМК-21 ва ўзвядзенне будынкаў Беларусі нельга лічыць незаўважным.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік