Суббота, 12 июля 2025

Плюсы і мінусы дзейнасці «Камунальніка»

613

20 верасня адбылася 38 сесія Пружанскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.

Асноўнае пытанне, якое было вынесена на разгляд сесіі, гучала так: «Аб рабоце Пружанскага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Камунальнік» па ўтрыманні і мадэрнізацыі інфраструктуры на тэрыторыі Пружанскага раёна».

Астатнія пытанні, разгледжаныя дэпутатамі, тычыліся шэрагу змяненняў у рашэнні райсавета, а таксама ўстанаўлення межаў горада Пружаны, гарадскіх пасёлкаў Ружаны і Шарашэва, сельсаветаў Пружанскага раёна.

У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Адкрыў сесію старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

З дакладам па першым пытанні выступіў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук.Ён расказаў пра дзейнасць прадпрыемства, своечасовае аказанне спажыўцам асноўных жыллёва-камунальных паслуг, павышэнне іх якасці, забеспячэнне камфортных умоў пражывання. Сяргей Васільевіч паведаміў пра колькасць цеплавых сетак, якія стаяць на балансе «Камунальніка», ход рэалізацыі дзяржпраграмы «Чыстая вада» і інш.

Шмат пытанняў дакладчыку адрасаваў Міхаіл Грышкевіч. Кіраўніка раёна цікавіла, як камунальшчыкі будуць спраўляцца з абарачэннем смецця, бо ў раёне цяпер функцыянуюць толькі два афіцыйныя палігоны па захоўванні цвёрдых бытавых адходаў, а працягласць Пружаншчыны даволі значная. У свой час неабдумана ліквідавалі міні-палігоны, зараз гэта адчувальна. У вобласці толькі два заводы па перапрацоўцы смецця — у Брэсце і Баранавічах (апошні працуе не на поўную моц). Не могуць яны перапрацаваць столькі ЦБА. Таму перыядычна і з’яўляюцца несанкцынаваныя смецце-звалкі.

Нямала нараканняў прагучала і наконт стану дарожнай сеткі, абследавання жыллёвага фонду,  асвятлення вуліц як у саміх Пружанах, так гарадскіх пасёлках і сельскіх населеных пунктах.

Амаль усе кацельні патрабуюць мадэрнізацыі. Трэба мінімізаваць колькасць кацельняў з наяўнасцю персаналу.

Асобнае пытанне ўзнікла і па ўтрыманні могілак.

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Алена Хатулева прааналізавала колькасць і тэматыку зваротаў грамадзян, якія звярталіся непасрэдна да старшыні райвыканкама, яго намеснікаў, на «гарачыя лініі». Большасць з пытанняў тычыцца менавіта дзейнасці камунальнай службы.

На падставе даклада Сяргея Бабрука, заслухаўшы дапаўненні Алены Хатулевай, дэпутаты райсавета прынялі рашэнне, згодна з якім КУВП «Камунальнік» даведзены шэраг заданняў, вызначаны тэрміны іх выканання.

Па астатніх пытаннях заслухалі: начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Наталлю Красоўскую, начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандра Бушука, начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Аляксандра Іванова.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прынятыя адпаведныя рашэнні.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара.